“На фотахвалях памяці” – альбом фоталетапісца беларускай культуры Уладзіміра Крука

Фотаальбом вядомага беларускага фотакарэспандэнта Уладзіміра Крука “На фотахвалях памяці” выйшаў зусім нядаўна ў мінскім выдвецтве “Артыя Груп”. Партрэты літаратурных, тэатральных і музычных дзеячаў Беларусі з прысвячэннямі майстру візуалізоўваюць цэлую эпоху беларускай культуры.

За больш чым 45 гадоў сваёй фотарэпарцёрскай дзейнасці Уладзімір Крук, працуючы ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Тэатральная Беларусь” (пазней “Тэатральная творчасць”), а таксама ў іншых выданнях Беларусі адлюстраваў у сваіх фотаздымках цэлую кагорту айчынных культурных дзеячаў, захаваўшы іх адметныя вобразы для нашчадкаў.

“Усе самыя высокія словы пахвалы сумленнай працай заслужыў Уладзімір Андрэевіч, –  піша ў слове да фотаальбому Генадзь Бураўкін. –  Валодзя –  ласкава называлі яго сівагаловыя аксакалы прыгожага пісьменства , дзеячы тэатральнай сцэны, дый пышначубыя амбітныя прэтэндэнты на гучную славу зорак эстрады і маладзёвых мастацкіх вернісажаў. Без ягонай хударлявай постаці многія гады немагчыма было ўявіць ні творчае вечарыны класіка, ні прэм’еры спектакля, ні гучнае мастацкае выставы. Фотааб’ектыў Крука выхопліваў з будзённых клопатаў і святочных урачыстасцяў самае-самае. Тут і засяроджаная праца, моманты натхнення, глядацкая ўзрушанасць, таямніцы нечаканага адкрыцця. І, праўда, куды бяднейшым выглядаў бы наш духоўны побыт, дужа далёкімі і незразумелымі творчыя пошукі, узлёты нацыянальных геніяў, калі б не самаахвярнае служэнне Уладзіміра Крука галоўнай справе. Гэта ж была справа ягонага жыцця, святочныя будні натхнёнага майстра, нястомнага рупліўца, працаўніка!”

Прэсавая служба СБП