На лініі фронту: Раман Артура Клінава “Шалом” – рэцэнзія Сяргея Кавалёва

Яшчэ зусім нядаўна беларуская проза трывала асацыявалася з вясковай тэмай, менавіта ў вёсцы адбывалася дзеянне большасці твораў Янкі Брыля, Івана Мележа, Івана Шамякіна (выключэннем былі толькі асобныя апавяданні Міхася Стральцова). Напрыканцы ХХ ст. маладыя аўтары Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан, Максім Клімковіч і інш. пачынаюць эстэтычнае асваенне гарадской прасторы. Характэрна, што перанясенне дзеяння мастацкіх твораў з вёскі ў горад спалучалася з пераходам ад рэалізму да постмадэрнізму.

Цікавай тэндэнцыяй у беларускай прозе пачатку ХХІ ст. з’яўляецца асваенне еўрапейскай геаграфічнай прасторы: дзеянне асобных празаічных твораў пераносіцца з блокаў Мінска ў кавярні Варшавы і клубы Берліна. Выразным праяўленнем гэтай тэндэнцыі з’яўляецца новы раман Артура Клінава “Шалом” (2011).

Вядомы мастак-авангардыст, рэдактар незалежнага часопіса “pARTizan” Артур Клінаў дэбютаваў у літаратуры аповесцю-эсэ пра Мінск “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” (2008), якая выклікала цікавасць у айчыннага чытача (невялікі наклад кнігі быў раскуплены вельмі хутка) і сталася даступнай для чытача замежнага (аповесць перакладзена на нямецкую і польскую мовы, у Польшчы выйшла ў прэстыжным выдавецтве “Czarne”). Хаця “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” пазіцыянавалася аўтарам як “аўтабіяграфічны раман”, але насамрэч уяўляла сабой сінтэз дзіцячых успамінаў і культуралагічнага эсэ, таму не ўспрымалася як сур’ёзная заяўка мастака Клінава на пачатак літаратурнай кар’еры, хутчэй – як творчы эксперымент, вербальная паралель да ягонага фотаальбома “Горад СОНца” (2006). Зусім іншая справа – фабулярны раман “Шалом”, фрагменты якога друкаваліся ў “Дзеяслове” і які трапіў у шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца Польскага Інстытута ў Мінску.

Цяжка знайсці ў сучаснай беларускай літаратуры твор, які б так выразна і мэтанакіравана, як “Шалом”, уздымаў праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пошукаў Беларусі свайго месца ў Еўропе, успрымання беларусаў іншымі еўрапейскімі народамі. Цяжка знайсці ў беларускай літаратуры тэкст, настолькі прыдатны і “адкрыты” для даследавання тэхнікі апісання прасторы, літаратурнай тапаграфіі еўрапейскіх гарадоў, мастацкага адлюстравання апазіцыі “Усход-Захад” і іншых праяваў сучаснай геапалітыкі. Прычым, яшчэ раз падкрэслім, перад намі не культуралагічны трактат і не зборнік падарожных эсэ, а авантурны раман з каларытнымі героямі і дасціпным гумарам. <...>

Апазіцыя “Захад/Усход” выразна праяўляецца на працягу ўсяго рамана Артура Клінава і падаецца не толькі ў жартаўлівым ключы. Яскравым прыкладам адлюстравання постмадэрністычнай геапалітыкі з’яўляюцца апісанні гарадоў і краінаў, у якіх даводзіцца пабываць галоўнаму герою. У свядомасці Андрэ адбываецца псіхалагічнае і эстэтычнае асваенне сярэднееўрапейскай прасторы, трансфармацыя геапалітычных рэаліяў у культуралагічныя фантомы.

З гэтай перспектывы “Шалом” адкрываецца ў першую чаргу як “раман-падарожжа”, а не як “ваенны раман”, сюжэт твора тыпалагічна ўзыходзіць да “Адысеі”, а не да “Іліяды” (паводле борхесаўскай класіфікацыі сюжэтаў).

І, сапраўды, раман распавядае пра вяртанне героя: з Бона ў Магілёў – праз Гановер, Берлін, Варшаву, Брэст і Мінск. Дзеянне твора адбываецца ў сямі пералічаных гарадах, якія маглі б даць назву сямі раздзелам твора, калі б аўтар з’яўляўся пісьменнікам-рэалістам і не вылучаўся буйнай фантазіяй. Але раман відавочна народжаны пад зоркай постмадэрнізму, мастацкая фантазія аўтара не ведае межаў – і таму не гарады, а спажытыя ў іх героем спіртныя напоі далі назвы раздзелам, уваскрашаючы дух незабыўнага Венечкі Ерафеева: “Чылійскае чырвонае”, “Егермайстар”, “Фінляндыя”, “Крупнік”, “Скарб Радзівілаў”, “Белая Русь”, “Крыжачок”. Толькі назва апошняга, восьмага раздзела, выбіваецца з “алкагольнага” стылю: “Ідал вярнуўся”, але гэты раздзел выконвае ў рамане функцыю эпілога і да таго ж герой апынаецца ў выцвярэзніку, дзе здабыць чарговы алкагольны напой вельмі цяжка.

У рамане Клінава паўстаюць маляўнічыя партрэты-апісанні сямі гарадоў. Рухаючыся з Захаду на Усход услед за героем, чытач спазнае асаблівасці тапаграфіі, архітэктуры, атмасферы кожнага горада, даведваецца пра яго месца ў біяграфіі і сістэме каштоўнасцяў героя. Вобразы еўрапейскіх гарадоў паказаныя ў рамане “Шалом” праз прызму свядомасці чалавека адукаванага, творчага, надзвычай назіральнага, але, што найбольш істотна, – таго, які быў народжаны ў савецкую эпоху за “жалезнай заслонай”, а цяпер вымушаны жыць на руінах сацыялізму.

<...> Захапленне Парыжам як сімвалам культуры і цывілізаванасці, жаночай і мастацкай прыгажосці можа падацца ў ХХІ ст. праявай стэрэатыпнага мыслення і традыцыйнага, нават банальнага густу. Яшчэ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч высмеяў у “Ідыліі” (1844) франкаманію, уласцівую ў ХІХ ст. палякам і беларусам. У нейкім сэнсе герой Артура Клінава нагадвае героя “Ідыліі” Караля Лятальскага, які патэтычна ўсклікваў: “О чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! Так глуха! <…> Няма нідзе як у Францыі! Там кожная, хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О, Францыя, Францыя!”

Напрыканцы ХХ ст. у беларускай літаратуры ўзнік шэраг тэкстаў, у якіх свядома разбураецца міф Парыжа як мастацкага цэнтра Сусвету і ўзора для наследавання, сцвярджаецца анталагічная роўнасць паміж вершамі Рыльке і песнямі палескай бабулькі, сусветна вядомымі нацюрмортамі Маціса і “цікеткамі” (малюнкамі кветак на драўляных дошчачках) нязнаных давыд-гарадоцкіх мастакоў. Паэт Леанід Дранько-Майсюк у эсэ “Стомленасць Парыжам”, вандруючы па парыжскіх вулках і скверах услед за Гіёмам Апалінэрам, па-майстэрску ўплятае беларускія ўспаміны і асацыяцыі ў габелен французскіх уражанняў і прыходзіць да жыццесцвярджальнай высновы, што “калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гістарычны шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў”. Філосаф Валянцін Акудовіч у эсэ “Разбурыць Парыж”, узяўшы ў якасці эпіграфа выказванне Дранько-Майсюка, а ў якасці інтэлектуальнага ўзбраення – працы Дэрыды, Льётара, Барта, Дэлёза, упэўнена абвясціў “усім занураным у паныласць беларусам, што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж сваім цяжкім ценем разбурыць нас – дашчэнту”. Парыж разумеўся як Сталіца вялікага еўрапейскага наратыву, як глабальны Сімулякр, што засланіў нашыя вочы ад белага свету, як сімвал лагацэнтрычнага мыслення, у катэгорыях якога Беларусь нязменна выглядала як незавершаны праект, краіна-аўтсайдэр, інтэлектуальная і культурная правінцыя. На думку Акудовіча, збаўцам беларусаў з-пад інтэлектуальнага прыгнёту Вялікага еўрапейскага наратыву, станецца Постмадэрн, прыход якога ў “родныя балоты” беларускі філосаф горача вітаў.

Культавая постаць беларускага альтэрнатыўнага мастацтва (падобнае азначэнне ў дачыненні да Артура Клінава нярэдка ўжываецца ў незалежных выданнях), пісьменнік-постмадэрніст Артур Клінаў ласкава дазволіў свайму герою, прыхільніку авангарднага метаду “некрарамантызму-турбаабстракцыянізму” захаваць у свядомасці досыць старамодны, “неразбураны” вобраз Парыжа, насіць яго ў сэрцы як узнёслую мару, немагчымую для здзяйснення, як і каханне да Франкі. З’едлівым водгукам на распрацоўку тэмы Парыжа ў айчыннай літаратуры гучыць у рамане рэпліка Андрэ пра паэта і мастака Буяна, які нібыта стварае батальнае палатно пра тое, як “мандавошкі выпраўляюцца захапіць Парыж”. Ідэя палатна нагадвае жартаўлівую фантасмагорыю з эсэ Акудовіча пра калону трактароў “Беларусь”, якая рухаецца “да Парыжа, каб засадзіць Елісейскія Палі беларускай бульбай”.

У адрозненне ад далёкага Парыжа, горада мар і летуценняў героя, нямецкі горад Бон прысутнічае ў “Шаломе” рэальна: тут Андрэ пражыў цэлы месяц на творчай стыпендыі, тут адбываецца дзеянне першага раздзела рамана. Але гэты рэальны горад уяўляецца герою не зусім сапраўдным у параўнанні з той рэчаіснасцю, якую Андрэ пакінуў на радзіме: “Ён нагадваў яму вялікі ціхі санаторый, куды часам прыемна патрапіць, каб паправіць змучаную “Крыжачкамі” і нягодамі жыцьця па той бок плоту нэрвовую сыстэму. Зрэшты, усе нямецкія гарады, акрамя Бэрліну, былі для яго падобныя да санаторыяў. Калі час ад часу Андрэ прыяжджаў у Нямеччыну, яму нават здавалася, што ён жаўнер, якога адпусьцілі з фронту на пабыўку ў глыбокі тыл – каб адпачыць і набрацца сілаў. Але празь некалькі дзён апошні вечаровы цягнік ізноў павязе яго на ўсход, у смуродныя брудныя акопы, туды, дзе вошы й блохі, туды, дзе страляюць, – на перадавую”.

<...> У раздзеле “Фінляндыя”, дзеянне якога адбываецца ў Берліне, чытач нарэшце даведваецца, чаму гэты горад у адрозненне ад іншых нямецкіх гарадоў не асацыяваўся ў героя з санаторыем: бо нагадваў яму Пецярбург часоў маладосці, з такімі ж пашарпанымі аблезлымі сценамі, смуродам у парадных пад’ездах, прусакамі (яшчэ адно любімае насякомае аўтара рамана) у кватэрах. Таксама, як і ў Пецярбургу, бытавая неўладкаванасць жылых раёнаў спалучаецца ў Берліне з архітэктурнай веліччу і хараством музейна-турыстычнага цэнтра: “Дабраўшыся да Музейнай выспы, Андрэ акамянеў ад убачанай прыгажосьці. Уражвала нават не архітэктура, што прамянела магутнасьцю і размахам, а тая атмасфера, якая ахутвала велічныя палацы”.

З усіх партрэтаў-характарыстык гарадоў у рамане “Шалом” апісанне Берліна – найбольш разгорнутае і маляўнічае, адчуваецца архітэктурная адукацыя і мастакоўская назіральнасць Клінава. У апісанні каларытнага жыцця “калоніі хобітаў” у Тахелес – беларускіх мастакоў, асеўшых у Берліне – праяўляецца веданне рэаліяў і выдатнае пачуццё гумару аўтара (спісаны са Зміцера Вішнёва вобраз паэта і мастака Буяна – несумненна адзін з найлепшых у рамане).

Аднак не толькі назіральнае вока, але і розум, уяўленне актыўна ўдзельніча­юць у стварэнні вобраза Берліна, густа ахутанага колішнімі ўражаннямі Андрэ ад знаёмства з нямецкай літаратурай і філасофіяй: “Гэта здавалася квінтэсэнцыяй прускага духу, тым, што несла ў сабе вобраз Нямеччыны, намаляваны ў яго ўяўленні яшчэ ў юнацтве, калі ён узахлёб чытаў Гётэ, Кляйста, Гофмана, іншых нямецкіх рамантыкаў ды спрабаваў пранікнуць у “Крытыку чыстага розуму” Канта”.

Вызначаючы сутнасць клінаўскага метаду апісання еўрапейскіх гарадоў, згадваеш выснову Валянціна Акудовіча з цытаванага ўжо эсэ “Разбурыць Парыж”: “…Чалавек спакваля развучыўся бачыць бытнае ў яго канкрэтна-рэальнай самоце, урэшце як і ўвогуле бачыць вокам. Ён ужо даўно толькі глядзіць вокам, а бачыць розумам. <…> Мы мерым тапаграфію рэальнасці не яе ўласнай мерай, а маштабамі, напрацаванымі ў “прасторы” а-рэальнасці”.

<...> Вярнуўшыся ў родны Магілёў, Андрэ трапляе ў зону для мутантаў-выраджэнцаў, у недарэчныя раёны панурых дамоў без усякага намёку на архітэктуру, з цёмнымі смярдзючымі пад’ездамі, з дабітымі ліфтамі, спісанымі непрыстойнымі словамі. Трэба аддаць належнае герою, ён усё роўна любіць свой родны горад, але не за рэшткі захаванага хараства (цудоўны від на Дняпро, напрыклад), а якраз за ягоную брыдоту: “Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам”.

Можна бачыць у дысгарманічнасці вобліку роднага горада праяўленне волі Усявышняга, але калі шукаць вінаватых на зямлі, для героя няма сумнення, што да заняпаду Магілёва прычынілася Расія: “Калісьці – гадоў трыста таму – ён меў шарм эўрапейскага гораду: мноства барочных касцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрос у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу – на бляху, – адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі”.

Характэрна, што нягледзячы на свае антырасійскія настроі, Андрэ спрабаваў у маладосці перасяліцца ў Пецярбург, але тамтэйшыя мастакі яго не прынялі. Няўтульна пачуваецца Андрэ і ў цацачна-санаторнай Германіі, ён прызнаецца, што не хацеў бы застацца там назаўсёды. А Беларусі, у якой герой мог бы быць шчаслівым як чалавек і запатрабаваным як творца, ужо (ці яшчэ) не існуе.

У выніку герой “Шалома” насамрэч апынаецца у трагічнай сітуацыі: паміж, на лініі, а канкрэтна: пад мастом, які звязвае левы і правы берагі Дняпра, злучае Усход і Захад. Андрэ збіраецца ўзарваць гэты мост.

Узнікае пытанне: чаму? Толькі ў знак пратэсту? Ці, можа, гэта свядомы геапалітычны выбар героя?

 

Сяргей Кавалёў

Чытайце цалкам у часопісе "Дзеяслоў" № 61