На 90-м годзе жыцця памёр пісьменнік Уладзімір Мехаў

Уладзімір Мехаў (Няхамкін) нарадзіўся ў 1928 годзе ў Рагачове. Вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Пасля ўніверсітэта працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела. Пазней быў рэдактарам на Беларускім радыё.

У літаратуры — з 1951 года. Выступаў у прозе, пісаў п'есы для падлеткаў, быў сцэнарыстам больш як дваццаці дакументальных фільмаў, шэрагу радыёпастановак, пераклаў на беларускую мову кнігу татарскага пісьменніка Ш. Ракіпава «Адкуль ты, Жан?».

Піша Сяргей Ваганаў: ": "... Было гэта 24-га, на трэці дзень вайны, надвячоркам, гадзін у пяць.

Спачатку ішлі ўсе разам – жанчыны газеты “Советская Белоруссия», дзе тады працавалі бацька і мама. Ішоў з намі і адзін мужчына, у яго была броня. Астатнія, бацька таксама, адразу пайшлі ваяваць.

Яны сябравалі да вайны – мае бацькі і той мужчына. Пасля вайны ён стаў буйным урадавым чыноўнікам. Але сяброўства, нават зносін, больш не было: маці не здолела дараваць яму баязлівасці...
Быў яшчэ адзін мужчына, з якім да вайны сябравалі мае бацькі – Леў Няхамкін, адказны сакратар той газеты. Ён загінуў у 1942 годзе недзе пад Курскам, у атацы. У яго таксама была броня. Ягоная жонка Мера Іллінішна, цётка Мера, заставалась лепшай сяброўкай нашай сям’і да самай смерці. Калі памерла, пад падушкай знайшлі лісты, якія яна пісала мужу ўсё жыццё. З ягонымі дзецьмі – адзін з іх пісьменнік Уладзімір Мехаў – мы сябруем да сёння. Толькі нядаўна яны даведаліся, што іх бацька, які ўзначаліў тую атаку пад Курскам, узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. пасмяротна..."

Ён быў сынам свайго гераічнага бацькі, Уладзімір Львовіч. І сынам свайго трагічнага Часу, пра які ведаў, як мала хто з ягонага, ужо амаль сышоўшага, пакалення... Ён так і жартаваў: "Усе мае равеснікі ўжо даўно на мемарыяльных дошках..."

Развітанне адбудзецца заўтра, 8 ліпеня, у рытуальнай зале лечкамісіі па вул. Чырвонаармейскай , 10".

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра смуткуе з прычыны сыходу вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Львовіча Мехава і выказвае спачуванні родным і блізкім спачылага.

Паводле "Нашай Нівы"