На незахмуранай вяршыні — Леанід Галубовіч да 90-годдзя Алены Васілевіч

Некалі быў у Алены Васілевіч артыкул амаль з такой назвай пра «Хаджы-Мурата» Льва Талстога. Ён мне запомніўся. І напраўду, калі ўздымаешся на вяршыню чалавечага, а тым больш творчага веку, на свой Манблан ці Эверэст, то найперш раздумваешся не над тымі цяжкасцямі і стратамі, што паўставалі пры пад’ёме, а над плёнам і вартасцю ўсяго свайго шляху.

Ёсць людзі, схільныя да ўяўлення значнасці сваіх набыткаў, спісваючы грахі і няўдачы на выпадковасць ды непазбежнасць, а ёсць тыя, хто ставіцца да нажытага і перажытага даволі крытычна. Думаю, Алена Сямёнаўна Васілевіч менавіта з такіх. Вядома, яна добра разумее і холадна ўсведамляе сваю амаль здзейсненую планіду, яе перыяды росквіту і ўзлёту, як і часы завядання і бяскрылай стомленасці.

Нарадзілася вядомая пісьменніца 22 снежня 1922 года пры Слуцку, у вёсцы Ліпнікі, але яшчэ ў малалецтве пазбавілася родных бацькоў з прычыны іх заўчаснай смерці і гадавалася непадалёк у сваіх родзічаў. Няхай і ў любімых дзядзькоў-цётак, а ўсё ж не ў мамы і таты. Гэта быў першы экзамен жыцця, гартаванне характару і паводзін у чалавечым грамадстве. Ведаючы Случчыну як своеасаблівы гістарычны «анклаў нацдэмаўшчыны», не трэба гадаць, што пасля сямігодкі юная Алёна абрала для сябе беларускую філалогію — адпачатку ў мясцовым педагагічным вучылішчы, пасля — у Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце. (Падчас вайны служыла ў бібліятэцы шпіталя і як вольнанаёмная пісарам у вайсковай часці.) А ў 1944 годзе была прынятая на філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў кніжнай рэдакцыі выдавецтва «Курская правда», а пасля пераезду ў Мінск (1950) — загадчыцай аддзела культуры папулярнага тады і шматтыражнага часопіса «Работніца і сялянка». З 1972 года загадвала рэдакцыяй літаратуры для школьнікаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», а з 1980-га тры гады аддала службе ў рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». З той пары на заслужанай пенсіі…

Напісала шмат кніг прозы і эсэістыкі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (1976). Заслужаны работнік культуры (1977).

Вось і ўсё. Лічы, у нейкіх дзесяці радках змясцілася біяграфія шырока вядомай пісьменніцы.

Аднак неафіцыёзны лёс яе куды шырэйшы і не так гладка вымашчаны. Да часу літаратурнага прызнання былі складаныя і доўгія пробы пяра, прыцірання і абжывання ў літаратуры, замуства, сям’я, дзеці, мітрэнгі, нервы… Памерла колькі гадоў таму любімая дачка Наташа, і цяпер сын Уладзімір (вядомы выкладчык і фалькларыст) прытуліў яе годную старасць. І калі ёй яшчэ можацца, яна гатовая табе, на тры дзясяткі гадоў малодшаму, падтрымаць заняпалы дух у тэлефоннай размове — і жывой гутаркай, і класічным досведам, і прачулым словам. Сама ж пры дакучлівым роспыце адгаворыцца кароткай ясенінскай цытацыяй, — маўляў, што казаць, калі ўжо «скоро мне в дорогу бренные пожитки собирать»…

Алена Васілевіч пачалася з Ганькі. Гэта значыць, з сябе. Напісанне вядомай тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…» вызначыла і назаўжды ўпісала яе як творцу ў гістарычныя аналы нашай нацыянальнай літаратуры. Вядома, пад высокім небам усё адносна, і ўсё ж… Яна сама, зведаўшы сіроцтва з самага маленства, нарэшце сталася «сурагатнай мамай» для многіх беларускіх дзяцей, якім сёння за сорак і больш… Менавіта пераважная большасць людзей гэтага ўзросту часцей за ўсё скажа вам, што па сваім жаданні ў юнацтве чыталі, найперш, Янку Маўра, Алену Васілевіч ды Івана Шамякіна…Таму Алене Сямёнаўне як бы ёсць чым ганарыцца, ды няма ахвоты і нагоды. Асабліва сёння. І не толькі з-за старасці ды хваробы, але і з-за несупадзення з цяперашнім часам… Надта ж ён барабанны, недаверліва-хлуслі-вы і прагматычны… Але — што, ранейшы быў інакшым, ці проста мы самі былі іншымі? Маладзейшымі, здаравейшымі, прагнымі да неспазнанага і спакуслівага…

Якраз такімі, як і сённяшняе маладое пакаленне. Толькі са сваімі, характэрнымі для свайго часу, прыбамбасамі. Лепш чым Эклезіяст ніхто не скажа: «Няма нічога новага пад сонцам». Застаюцца адно выпакутаваныя ў часе матэрыяльныя, мастацкія і духоўныя вартасці.

Колькі памятаю Алену Сямёнаўну, ніколі не было ў ёй і знаку высакамернасці альбо пагарды. Прыродная натуральнасць, інтэлігентная вытанчанасць, жаночая статнасць і высокая чалавечая годнасць вылучалі, але не выстароньвалі яе сярод людства ці то ў вялікім гурце, ці то tet-a-tet.

Пры любых адносінах з ёй не ўзнікала той напружанасці, якая прыхалоджвае і аддаляе. На разгайданыя хвалі нераспазнанасці адразу выкідвалася выратавальнае кола цытатнай літаратурнай класікі: а памятаеце — у Коласа, Пушкіна, Буніна, Талстога, Стральцова?! Да таго ж яна заўжды была ў курсе самых свежых літаратурных навін, рэгулярна чытала (яшчэ год таму, пакуль дазваляў зрок) незалежныя нашы выданні, трохі іранічна, але цікавілася і справамі ў «холдынгу», калі там што вартае адбывалася. Перажывала, хвалявалася…

Прачытаўшы мой чарговы агляд «Дзеяслова» ў «Літаратурнай Беларусі», тэлефанавала і заўжды перапытвала, а ці сапраўды варта ахвяраваць вачыма і часам дзеля твораў таго ці іншага аўтара, якіх я вылучаў у сваім опусе сярод іншых... І чытала, і дзялілася ўражаннямі.

Я напачатку вельмі здзіўляўся гэтай яе чэпкай памяці і паслядоўнай інтэлігенцкай натуры. А пасля вызначыў, што ўсе гэтыя якасці ёй вельмі пасуюць, «да твару», як кажуць, бо характарызуюць яе як жанчыну і чалавека, а не разлічаныя на паказную ўвагу і захапленне пэўнага субяседніка.

Як чалавек класічнай загартоўкі (яшчэ б, сам Якуб Колас быў яе настаўнікам і апекуном на першых літаратурных прыступках), Алена Сямёнаўна вельмі насцярожана ставілася да ўсякіх новых фармалістычных літаратурных павеваў, але і сярод адвеенай паловы не прамінала заўважыць і здаровае зерне, калі яно там апыналася. Не часта, але бывала.

Між іншым, у 70–80-я гады не раз публічна ў друку падтрымлівала адораных літаратараў, якія самі не мелі магчымасці і нахабства заявіць пра сябе. Як чалавек без комплексаў, скажу, што ў свой час адным з іх быў і я, колішні «прапашчы» выпівоха і калгасны электрык… Людзі, якія бывалі ў такіх сітуацыях, ведаюць, як дорага каштуе такая бескарыслівая падтрымка. На маю думку, шмат якія творы Алены Васілевіч унутрана напоўненыя вось гэтай чалавечай спагадай і спробай зразумення, і ўсе героі яе лепшых твораў, па-талстоўску кажучы, «духаборцы» — простыя зямныя людзі, якім «баліць душа» і ўсё тое, што спараджае гэты боль. Шмат якія вобразы пісьменніцы настолькі натуральна выпісаныя, што чытач абсалютна ўпэўнены ў іх фізічным існаванні. Цяперашні літаратар дзеля сваіх герояў ужо гэтак не ахвяруе ўласнай душой, нервамі і высокай энергетыкай. Можа, таму, што большасць сучасных «герояў» і не патрабуе таго, абыходзячыся халоднай рацыянальнай прагматыкай жыцця. «Любить иных тяжелый крест». Алена Васілевіч любіла і любіць — і жывых людзей, і іх прататыпаў, выпісаных ёй для літаратурнага жыцця…

Пра яе не надта каб шматтомны, але важкі літаратурны плён пісалі многія адметныя крытыкі і калегі: А. Кулакоўскі, Л. Салавей, М. Барсток, Н. Пашкевіч, П. Пестрак, М. Стральцоў, У. Юрэвіч, А. Зарыцкі, Я. Крупенька, В. Макарэвіч, В. Жураўлёў, С. Александровіч, Р. Шкраба, Т. Шамякіна, Ю. Канэ, С. Лаўшук, У. Рубанаў, А. Сямёнава, В. Каваленка, Б. Бур’ян, Г. Шупенька, М. Тычына, С. Андраюк, А. Разанаў, А. Федарэнка, Л. Рублеўская, Ц. Чарнякевіч… Пэўна не ўсіх згадаў, але і гэтых вядомых у нашай літаратуры людзей дастаткова, каб сказаць, што пісьменніца Алена Васілевіч «не самотная», бо чытача і ўвагу мела і мае… Хацелася б сёе-тое працытаваць з водгукаў некаторых згаданых літаратараў — ад старэйшых да самых маладых. Вось як вызначаў яе творчасць Барыс Бур’ян у прадмове да трохтомніка «выбраных твораў» (1982):

«У кнігах А. Васілевіч прываблівае тое стрыманае, але выразнае замілаванне самім ніколі непаўторным жыццём, якое ўплецена ў істоту жаночага таленту наогул. Пісьменніца вітае ўсю складанасць і супярэчлівасць чалавечага лёсу, калі ён толькі сапраўды чалавечы і чалавечны. Яе гераіні не вельмі рэфлекторна, але ўсё ж разважаюць аб хуткасці часу, які адбірае ў іх гадзіну, дзень, тыдзень, месяц, год за годам. І таму для мяне старонкі прозы А. Васілевіч — гэта, вобразна кажучы, пялёсткі прасветленай тугі. Не адчаю. Не роспачы, не фатальнага песімізму, а менавіта тугі — ад жыццялюбства і радасці жыцця, такога па сутнасці мімалётнага».

А так пісала Ала Сямёнава (артыкул у часопісе «Крыніца» (1996)): «Пісьменніцу цікавіць аўра матэрыі, псіхафізічны стан, што адухаўляе наша быццё, стварае яго настрой, вызначае яго танальнасць. Калі выяўляюцца характары і адметнасці асобы, калі дэталі высвечваюць трагіфарсы, трагікамедыі, драмы нашага жыцця. І ў тым, мне здаецца, прывабнасць яе пяра. Пяра тонкага, лірычнага».

Ціхан Чарнякевіч («Маладосць», 2012): «Я еду ў электрычцы і чытаю Алену Васілевіч. (…) Ганька з Зялёнай Дубровы. Суцэльная музыка дзяцінства, вясковая энцыклапедыя, дзе кожны раздзел на сваім месцы, незалежны ад патрабаванняў часу. Да дзяцей не чапляліся – што з іх возьмеш? Балазе, гаворка ішла пра мінулае. Прыкладна гэтаксама апраўдваўся і Якуб Колас са сваёй «Новай зямлёй». Маўляў, «адлюстраванне дарэвалюцыйнай рэчаіснасці», і ўсё тут. Тое ж з Аленай Васілевіч. (…) Новы свет (бясспрэчна, больш камфортны і лёгкі) непазбежна руйнуе стары. І планета Кастуся, і планета Ганькі знікла. Але мы ўдзячны іх аўтарам і героям, што яна, гэтая планета, была. І яна ёсць і будзе, пакуль ёсць «Новая зямля», «Пачакай, затрымайся…» і шмат іншых беларускіх кніг, без якіх гэтыя сенажаці і пусткі, што праплываюць зараз за вакном майго вагона, застануцца бясслоўнымі сведкамі ўласнага існавання. Цяпло чалавечага сэрца робіць іх часткай культуры».

Для тых, каго зацікавіць мажлівасць пазнаёміцца з творчасцю выдатнай пісьменніцы альбо прылучыць да яе гуманістычных твораў сваіх дзяцей, пералічу асноўныя выданні Алены Васілевіч: «Блізкія знаёмыя» (1954), «Падслухала сэрцам» (1960), «Калінавая рукавічка» (1963), «Пісар страявой часці» (1969), «Пачакай, затрымайся…» (1972), «Мыс Добрай Надзеі» (1977),«Шурка Рэмзікаў» (1985),«Люблю, хвалююся – жыву…» (1986), «Элегія» (1988), «Першая жонка нябожчыка» (2002), «Выбраныя творы» (залатая серыя «Беларускага Кнігазбора», 2010), «Горкі ліпавы мёд» («Школьная бібліятэка», 2011)…

Дзесяць гадоў таму ў «ЛіМе» свой артыкул да 80-годдзя Алены Васілевіч я закончыў вось гэтымі яе словамі. Не грэх і паўтарыць іх, бо лепш не напішу: «Кожны раз, калі я азіраюся ў тую, цяпер ужо даўнюю далячынь, кожны раз я пытаюся ў сябе: «Няўжо гэта там, за тым засмужаным ружовым туманам ранкам, жывой галінкай зелянееш ты сама? І гэта тваім босым нагам гэтак лёгка хадзіць па зямлі, а загарэлым рукам гэтак прагнецца дацягнуцца да ўсяго на свеце? І няўжо твая гэта песня звініць і не ведае стому з ранку да вечара? І гэта ў цябе столькі шчырага даверу, хто б ні стрэўся табе на дарозе, хто б ні азваўся да цябе прыхільным словам?».

І цяпер, калі між нас лягла такая неабсяжная прастора часу і ўзросту, калі столькі камення лягло на той дарозе, якая нас развяла і раз’яднала, я пытаюся, дзівячыся і спадзеючыся:

— Тая даўняя з таго далёку ТЫ — гэта Я; і Я цяперашняя — гэта ТЫ таксама?

— І я заву цябе са смуткам і надзеяй адтуль, з тае раніцы:

— Пачакай, затрымайся...».

 

Леанід Галубовіч, Літаратурная Беларусь № 76