На першых ”Літаратурных дажынках” сабралі ўраджай

У адной з кавярняў мястэчка  Крэва 13 лістапада прайшлі  “Літаратурныя дажынкі-2011”. Ініцыятыва «Твой Фэст» і сайт Krevo.by пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і беларускага ПЭН-Цэнтра падвялі папярэднія вынікі літаратурнага года і зладзілі камерны паэтычна-музычны фэст.

На фэсце ўзнагародзілі пераможцу ТОП-10 найураджайнейшых пісьменнікаў года (паводле версіі чытачоў). Ім стаў Віктар Раманцоў, які набраў 300 галасоў з 1000. Вялікую падтрымку яму аказалі яго прыхільнікі з Гомельшчыны. Віктар прыехаў на выступ не адзін, а з групай падтрымкі

У імпрэзе ўзялі ўдзел Раман Абрамчук, Андрэ Бём, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, Валерыя Кустава, Андрэй Мельнікаў, Віктар Раманцоў, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Анка Упала, гурт “BosaeSonca”. Вядоўца імпрэзы –Валярына.

На сустрэчы прысутнічалі не толькі карэнныя жыхары Крэва, але і госці з Мінска, Смаргоні, Горадні, Мядзеля. А яшчэ з Нямеччыны і Туркменістана. Таму фэст набыў статус не толькі рэгіянальнага, але і амаль міжнароднага.

Усім выступоўцам арганізатары прэзентавалі адмысловыя падарункі – слоікі з сочывам з пладоў ігрушы – Дрэва Паэзіі, што з’явілася ў мястэчку на падворку сям’і Магераў, сваякоў паэта Уладзіміра Някляева, гэтым летам, 4 чэрвеня 2011 года. Не засталіся без падарункаў і слухачы – усе дзеткі і прыезджыя атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, узяўшы ўдзел у вясёлых літаратурных конкурсах.

Да правядзення “Літаратурны дажынак” у Крэве было пасаджанае і другога Дрэва Паэзіі – у кампанію да Паэтычнай Ігрушы пасадзілі Літаратурны Дуб. Дуб садзілі ўсе разам – старэйшыя і маладзейшыя літаратары. Іван Магер, уладальнік маёнтка, адзначыў, што верыць, што на маладым дубочку з цягам часу з’явяцца залатыя жалуды, а на літаратурнай ніве – маладыя паэты, што прынясуць у беларускую культуру і літаратуру дабрыню і цеплыню.

Людзей сабралося роўна столькі, колькі магла змясціць кавярня, нават крыху болей, некаторым давялося стаяць.

Мяркуецца, што “Літаратурныя дажынкі” стануць штогадовым літаратурна-музычным рэгіянальным святам.

Сяргей Гапон

Фотарэпартаж з іпрэзы гл. на budzma.org

budzma.org