“На ўскрайку мелодыі, на пачатку маўчання” — выйшла кніга паэзіі Валерыя Дубоўскага

Спадар Дубоўскі раней вядомы беларускай грамадзе як журналіст, кіраўнік шэрагу беларускіх перыядычных выданняў, дырэктар выдавецтва “Беларусь”, зараз выступіў у новай для сябе ролі — аўтара кнігі паэзіі.

Менавіта кнігі, а не зборніка паэзіі, што падкрэслівае ў прадмове да яе мэтр айчыннай літаратуры Рыгор Барадулін:

“Гэта кніга паэзіі: мяноўна кніга, а не зборнік. Бо ёсць развіццё вобразаў, задум, гутаркі і спрэчкі з часам.

Валер Дубоўскі не піша вершы, рыфмаваныя радкі ці верлібры. Ён жыве паэзіяй. Думае, як падказвае паэзія.

Мова ў Валеры Дубоўскага натуральная, жывая, бо на ёй думае паэт. Беларуская мова ў паэта своеасаблівая, бо на ёй, калі льга так сказаць, паэт бачыць.

“На пачатку маўчання” – так сціпла дадзена імя тому сапраўднай паэзіі.

Прачытаеш кнігу – усё наўкола і ў душы будзе гаварыць, будзе яшчэ раз цвярдзіць – беларускае паэтычнае слова жыве.

І жыць будзе, пакуль у нас нараджаюцца новыя і новыя ўзнёслыя працаўнікі роднага слова.

Адзін з іх Валеры Дубоўскі.

Хай гучыць ягоная паэзія! Хай палоніць!”

 

Дадаць нешта да такой прадмовы цяжка, хіба што некалькі радкоў з кнігі “На пачатку маўчання”, якія лепш за што іншае дадуць адчуць смак паэзіі Валерыя Дубоўскага:

 

За жыццёвай

спазнанай высноваю

нам віднечаю

одум высьвечвае:

што відочнае –

гэта часовае,

невідочнае толькі –

вечнае.

Дубоўскі Валеры. На пачатку маўчання: кніга паэзіі. Мінск: Юніпак, 2013. Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”, вып. 44.

Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org