На вяршыні дзён. Штрыхі да творчага партрэта Алеся Каско

 

“Удаў гадоў нікім не папярхнецца;

падвольны непазбежнаму суду,

з нас кожны думае: “І я ўвайду

аднойчы ў спрат, што вечнасцю завецца”.

Алесь Каско.

 

Доўга не мог прыступіцца да гэтага тэксту, бо дзесяць гадоў таму ўжо даводзілася пісаць пра творчасць вядомага берасцейскага паэта Алеся Каско. Сказаць, што за гэты час у ім, як у чалавеку і паэце, нешта сутнасна змянілася, не выпадае. Хоць, калі быць дарэшты шчырым, то вульгарная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне лакалізавала яго творчыя магчымасці і ў пэўнай меры паралізавала яго духоўныя намаганні. Аднак мы добра ведаем, што жыццёвыя нягоды, змаганне, перашкоды і іх пераадоленне якраз аку­мулююць і трасфармуюць творчую энергію ў выбітныя мас­тацкія ўвасабленні. Змушаны перыяд беспрацоўя, сямейныя мітрэнгі, страта лепшых сяброў (В. Сахарчук, Н. Мацяш) і як вынік таго – творчы ўпадак, даліся ў знакі натомле­на­му сэрцу паэта... Але, пераадолеўшы гэты своеасаблівы катарсіс, чалавечы і літаратурны негатыў лёсу Алеся Каско неўзабаве праявіўся сваім пазітыўным бокам. Ужо ў калектыўным зборніку “Трох­персце” (2008) яго кніжка “Свой камень” выявіла яго новыя жыватворныя аб­ры­сы:


Далёка неспакойны бераг,

яго і рэхам не дастаць.

Я тут адзін. Я шчыра веру,

што здатны з чыстага ліста

пачаць жыццё сваё і ваша:

паболей – спраў, паменей – страт...

Мне трэба час быў, каб узважыць

дзве ношы – сумных дзён і свят.

 

Але то быў усё-ткі “вершаваны збор” з усяго творчага набытку паэта. Адмысловы, дадам, бо як рэдактар і аўтар прадмовы, быў сведкам таго скрупулёзнага і няшчаднага аўтарскага выбару (“а менш нельга?” – умольна пытаўся ён прыглушаным голасам у тэлефонную слухаўку адносна ўласна-выдавецкага аб’ёму зборніка). Ці часта такое пачуеш?!І вось сёлета Алесю Каско нарэшце ўдалося выпусціць у наш глухі свет сваю чарговую (пасля дзесяцігадовага перапынку, не ўлічваючы, вядома, вышэй абгаворанае выданне) кніжку вершаў “Нічога больш”. Чамусьці паэт любіць падгадваць са сваімі рэдкімі выданнямі якраз да ўласных юбілеяў (папярэднія: “45” і “Трохкроп’е” пабачылі свет адпаведна да яго 45- і 50-годдзяў). Дык вось, даволі аб’ёмны артыкул з нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею паэта і яго “Трохкроп’я” я калісьці і выдрукаваў у “ЛіМе”. Што найбольш запомнілася, дык гэта адчайны, не зусім цвярозы, сентыментальны ўсплёск пачуццяў падчас телефоннага званка да мяне сябра Каско паэта Васіля Сахарчука: “Пра мяне гэтак ніхто ўжо не напіша”. Каб жа мог я мець абвостраныя прадчуванні, то напісаў бы тады наўслед і пра творчасць гэтага таленавітага і шчырага майго таварыша з той жа Жабінкі, паспяшаўшыся да яго чорнага ракавога дня 2003 года... На вячэрнім праменадзе з сабачкам у прылеску Зялёнага Луга чамусьці ўспомнілася мне кароценькая рэцэнзія Міхася Стральцова на вось гэтае чатырохрадкоўе Міколы Федзюковіча:


Я, мусіць, ад чужых турбот адвык –

вунь каня па-над выганам канае;

але мяне чамусьці не кранае

жалобнай кані неўтаймоўны крык.


Нешта мяне ў ім тузанула, асацыятыўна прывязваючы да творчай постаці берасцейскага паэта Алеся Каско. Стральцоў дамагаўся гармоніі ў паэзіі. Ён хацеў, каб правінцыяльны паэт быў у меру інтэлектуальным, а гарадскі не губляў адпрыроднай натуральнасці (помнае яго “сена на асфальце”). Адносна вышэй працытаванай страфы Міхась Лявонавіч пісаў: “Верш, магчыма, трохі супярэчлівы (і гэта па-свойму добра), але ён гучыць не інакш як адыходная традыцыйнай вясковай ідыліі. (...) І ўсё ж... “дзіця горада” ці “дзіця вёскі”? Пажадаем аўтару суладзіць у сабе і тое, і другое, калі гэта магчыма, вядома...

”Мне здаецца, падобная альтэрнатыва неаднойчы паўставала і перад Алесем Кас­ко. І важна, што ён вырашыў яе гарманічным спалучэннем: не растраціўшы паляшуцкай пароды (натуры), паступова нарасціў “урбаністычны” досвед і інтэлект. І вось тут, мабыць, варта перапыніцца з літаратурнай крытыкай і для не над­та абазнаных, найперш маладзейшых чытачоў пункцірна пазначыць біяграфію паэта. Нарадзіўся Алесь Каско ў 1951 годзе ў дзіўна-казачных палескіх мясцінах, у вёсцы Чудзін, куды (як і ў суседнюю Будчу) летам на цэлы тыдзень ездзілі касіць, а зімой вывозіць адтуль, за дваццаць кіламетраў, сена мой бацька і мужыкі-аднавяскоўцы, распавядаючы пасля ў вясёлай хмельнай кампаніі розныя тамашнія байкі і страшылкі). Бацька казаў, што “чудзінцы – дзівакі”. А дзівакі, я думаю, па натуры павінны быць паэтамі. Нездарма збіраў тут казкі, выдаўшы ў 1911 годзе фальклорны зборнік “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, і супрацоўнік пецярбургскага Расійскага музея А. Сержпутоўскі. У старэйшых класах мясцовай сярэдняй школы Алесю пашэнціла быць вучнем вандроўнага настаўніка і ўжо тады вядомага (выклятага) паэта Міколы Купрэева, а падчас вучобы ў Брэсцкім педінстытуце імя А. С. Пушкіна кантактаваць з апальным, выгнаным з БДУ за беларушчыну, паэтам Алесем Разанавым. Лёс, калі хоча цябе пазначыць, абы з кім не зводзіць. Пасля пайшлі працоўныя будні і запойна-творчыя святы. Настаўнічаў, быў карэспандэнтам райгазеты, рэдактарам на абласной студыі тэлебачання ў Брэсце. Кіраваў Берасцейскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў. Цяпер зноў у той жа раёнцы адбывае змушаную радоўку ў чаканні пенсіі... Выдаў няшмат кніг, але ўсе яны заўважныя: “Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі”, 1979), “Скразная лінія” (1982), “Набліжэнне” (1989), “Час прысутнасці” (1994), “45” (1996), “Трохкроп’е” (2001), “Свой камень” (2008, у калектыўным зборніку “Трохперсце”) і вось гэтая, пакуль апошняя, “Нічога больш” (2011). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, прыватнай берасцейскай Мядовай прэміі...

 Паэт прыклаў шмат намаганняў, каб на магіле ў вёсцы Федзькавічы паўстаў помнік паэту В. Гадульку, а ў Жабінцы яго імем назвалі вуліцу, як крыху раней тое сталася з увекавечваннем памяці паэта В. Сахарчука. Дапамагаў Ніне Мацяш (праўда, тут сувязь была зваротнай і Ніна Іосіфаўна шмат у чым, прынамсі, і ўладкавацца на цяперашняе яго месца працы, дапамагала яму). Больш турбот, чым задаволенасці, прыносіла праца ў аддзяленні пісьменніцкага саюза, адбірала шмат часу падрыхтоўка і арганізацыя літаратурных выступленняў і выдавецкая дзейнасць, у тым ліку выпускі альманаха “Жырандоля” і рэдагаванне кніжак сяброў абласнога аддзялення СБП... Але не абміналі і радасці, калі там-сям тады-сяды выяўляліся маладыя літаратурныя таленты. Да іх (мясцовых талентаў), трэба зазначыць, яшчэ з часоў Уладзіміра Калесніка на берасцейшчыне заўжды было трапяткое стаўленне. Яно і адчуваецца: А. Разанаў, Я. Янішчыц, М. Рудкоўскі, М. Купрэеў, І. Лагвіновіч, В. Гардзей, М. Пракаповіч, З. Дудзюк, У. Марук, А. Шушко, В. Гапееў, А. Паплаўскі, А. Белы, А. Наварыч, Я. Дашына, С. Прылуцкі... Называю найбольш вядомыя рэспубліканскаму чытачу імёны. Насамрэч іх значна больш. Некаторыя з іх у свой час не былі абдзелены ўвагай і падтрымкай А. Каско.Што тычыцца ўласна творчасці, то Каско ўжо ад пачатку літаратурнай працы быў адмысловым версіфікатарам. Кожнае слова ў яго займала сваё месца, звязвалася і цесна сумоўнічала з папярэднім і наступным. Класічны традыцыяналіст. Так ён пачынаў. У 1987 годзе пісаў, можа, трохі па-маладому ўзнёсла, але адчувальна пафасна:

 

О лёс мой, выказацца дай,

не забяры мяне заўчасна

 у тую далеч, дзе так часта

мне будзе сніцца любы край

.................................................

Не стане моцы – і няхай!–

у памяці, руцэ, у зрэнцы...

Усё вазьмі – і толькі сэрца

пакінь і выказацца дай.


А ўжо гэты, пакуль апошні зборнік (праз дваццаць пяць гадоў), паэт пачынае змушаным скрушным прызнаннем:


Сябе я выказваў –

нічога не выказаў болей.


Хоць, зноў жа, следам спрабуе даць тлумачэнне як свайго паэтычнага прызвання, так і выраку агульнага зямнога чалавечага лёсу:


Былінку слова, каліва пяшчоты

пакіну вам, і гэта дасць вам сілы

змяёй не віцца ў кроку ад магілы

і ўдзячнасць прашаптаць нямоглым ротам.

Але – што потым?


Пагодзімся, пытанне, занатаванае ў апошнім радку, пераважвае ўсе спробы адказаў на падобныя запытанні. (Просьба не дапасоўваць сюды шырокавядомае аналагічнае, але псеўдалірычнае пытанне Я. Яўтушэнкі.) Зазвычай у большасці рэцэнзій прасочваецца адна і тая ж метода: паэт піша пра прыроду (цытата), пра патрыятызм і любоў да Радзімы (цытата), пра каханне (цытата) і г. д. Наіўна і занадта празаічна было б так пісаць пра творчасць выбітнага паэта, якім сёння з’яўляецца ў беларускай літаратуры Алесь Каско. Калі б я вызначаў яго месца ў берасцейскай паэзіі, то паставіў бы яго паміж А.Разанавым і Н. Мацяш: Алесь – мысляр, Ніна – лірык, а Каско спалучыў гэтыя два літаратурныя разгалінаванні, батанічна кажучы, прышчапіў іх. Безумоўна, што гэта няпроста яму давалася, і перш чым займець вынік, былі пошукі, страты, ломка паэтычных прыхільнасцяў. Гэта не асабліва праяўлялася знешне і не заўсёды візуальна выдавалася ў яго версіфікатарскай практыцы, але ўнутры вялася няспынная цяжая праца выношвання адмысловага паэтычнага плёну. Як у вершы “Ніва”, дзе і над пусткай неўтаймоўна лунае дух творчасці і перастварэння:


Дол спапялёны, і ў чэзлай траве

конік зялёны і той не жыве.

Неба пустое – без жаўрукоў,

жыта сухое – без васількоў

..................................................

Што сёння ёсць – дык надзея на рунь.

Мёртвае поле нанова ўзару,

з ліраю выйду, нібыта з сяўнёй:

ёсць яшчэ зерне не мёртвае ў ёй...


 

Леанід Галубовіч, "Дзеяслоў № 55

Чытаць артыкул цалкам на старонцы dziejaslou.by