Надзеі Артымовіч – 70!

Колькасць напісанага ніколі не была для Надзеі Артымовіч прыярытэтам. Важнаю была духоўная дакладнасць верша, дзе спляталася беларуская песенная лірыка, “белыя пейзажы” роднага Бельску, інтэлектуальная традыцыя верлібра польскай паэзіі ХХ стагоддзя. Менавіта таму нячаста выходзяць яе паэтычныя кнігі і менавіта таму яны становяцца бібліяграфічнай рэдкасцю, сапраўдным падарункам для аматараў лірыкі.

Беласточчына да канца 1980-х знаходзілася за культурнай заслонай, вывешанай савецкай уладай. І хоць не была тая заслона ў поўнай ступені жалезнай, творы Надзеі Артымовіч напоўніцу адкрыліся беларускай грамадскасці толькі з пачаткам перабудовы. Вершы яе прыйшліся якраз дарэчы ў часы паўставання новай інтэлектуальнай генерацыі літаратараў, аб’яднаных у таварыства “Тутэйшыя” і ТВЛ, якія шукалі абнаўлення паэтычнай традыцыі праз еўрапейскі досвед. Паэзія Надзеі Артымовіч трапіла якраз у нерв часу. Пэўным падагульненнем чытання Артымовіч у Беларусі і сыходжаннем двух пачаткаў сталася кніга “Дзверы”, у якой вершы паэткі з Бельску каментаваў філасофскімі зномамі лідар інтэлектуальнай генерацыі Алесь Разанаў.

Пані Надзея, грамадскае аб’ядннанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуе вас з днём нараджэння! Мы ўдзячныя лёсу, што вы з намі побач, што творчасць вашая, ацэненая і прызнаная ўсім паэтычным цэхам, працягваецца. Зычым вам моцнага здароўя, і каб ніколі не знаходзіліся “дакладныя адрасы”.

Ад імя Рады і Сакратарыята

ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” – Барыс Пятровіч (Сачанка).

 

 

 

Леанід Галубовіч

 

ЗА ПРЫЧЫНЕНЫМІ ДЗВЯРЫМА

Развагі пра творчасць паэткі з Бельску Надзеі Артымовіч

 

 

“Спіць яшчэ думка пра таго,

хто чакае цярпліва дня свайго

там, за нашымі дзвярыма…”

Уладзімір АРЛОЎ

 

У сапраўдных паэтаў па сутнасці няма грамадзянскай біяграфіі. Ёсць – творчая і мастацкая. Таму з жыцця паэткі Надзеі Артымовіч нічога асаблівага, апроч афіцыёза, невядома. Яна не схільная да публічнасці, але жыццё яе натуральнае, час ад часу наўмысна схаванае ўнутр, як той слімак у ракавіну…

Для зацікаўленага чытача можна ўсё ж пазначыць, што нарадзілася паэтка 18 лютага 1946 года ў вёсцы Аўгустова Беластоцкага ваяводства ў Польшчы. Скончыла беларускую пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Б. Тарашкевіча. Вывучала рускую філалогію на настаўніцкіх курсах у Беластоку і ў Варшаўскім універсітэце (1968-1982). Працавала перакладчыцай. З 1979 года жыве ў Бельску. Першы верш надрукавала ў 1970 годзе ў беластоцкай газеце “Ніва”. Выдала кніжкі вершаў: “Роздумы” (1985), “Сон у белых пейзажах” (1990), “Дзверы” (паралельна з кантэкстам А. Разанава, 1994), “Lagodny czas” (з паралельнымі перакладамі на польскую мову, 1998), “адплывае спакойнае неба” (1999).

Праўда, мне не зусім зразумела, чаму не вёсцы Аўгустова, як “калысцы” свайго нараджэння, а месцу пазнейшага пастаяннага пражывання – Бельску надае Надзея найбольшую паэтычную ўвагу. І ў сваім, агучаным Тэрэзай Занеўскай, уступным слове, якое папярэднічала разгорнутаму разгляду яе “постаці” ў “Крыніцы”, Артымовіч падкрэсліла, што знаходзіцца “ў паэтычным трохкутніку: вершы – жыццё – Бельск. Бельск – гэта малое месца, маё роднае месца”, і пасля, у адным сваім вершы, насуперак біяграфічнай дадзенасці, напіша так:

 

“мой дзень

у бельскім небе

у дзіцячай калысцы

спіць”

 

Зрэшты, ці так ужо важныя сучаснаму чытачу падрабязнасці яе чалавечага жыцця, а не тое, што з іх вынікла і сталася жыццём творчым? Біяграфіяй часцей за ўсё цікавяцца тады, калі творы недастаткова поўна выяўляюць паэта. У выпадку з Н. Артымовіч чалавечае і творчае згарманізавана. Чытачу застаюцца толькі вершы.

І што ж, калі быць абсалютна шчырым, то паэтка напісала не больш адной кніжкі арыгінальных вершаў. Па вялікім рахунку яна напісала адну невялікую кніжку вершаў, хоць выдала іх у пяці зборніках, кампануючы змест залежна ад задумы, дадаючы некалькі новых тэкстаў да ўжо вядомых. Не “Вянок”, вядома, але – вянец свайго сціплага па аб’ёму паэтычнага плёну.

Дзіўна, але ў трохтомную “Анталогію беларускай паэзіі” (адзін з укладальнікаў якое У. Гніламёдаў, сам па нараджэнні чалавек “крэсавы”) чамусьці вершы Н. Артымовіч не ўключаны, хоць там прысутнічаюць творы яе асобных калегаў і землякоў з Беласточчыны (А. Барскага і Я. Чыквіна). Магчыма, гэта адбылося з той прычыны, што паэтка не друкавалася ў літаратурнай перыёдыцы БССР, прынамсі, у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” зафіксаваны толькі публікацыі яе вершаў у беластоцкім тыднёвіку “Ніва” ды ў тамашнім “Беларускім календары”.

Адносная вядомасць паэткі ў беларускім літаратурным асяроддзі пачалася недзе на пачатку 1990-х гадоў разам з выхадам яе зборніка “Сезон у белых пейзажах” і ў звязку з дэмакратычнымі незалежніцкімі пераменамі ў айчынным грамадстве, асабліва пасля публікацыі яе “постаці” ў элітарным часопісе “Крыніца” (№ 6, 1994). Тая публікацыя надала розгаласу яе творчасці ў літаратурных колах, пры гэтым выклікаўшы ў некаторых калег заўважную зайздрасць. Ды яно і напраўду, пасля такога творчага небыцця, раптам пра цябе ўсчыняецца цэлая дыскусія ў салідным часопісе, дзе выказваюцца Т. Занеўская, Я. Чыквін, Л. Дранько-Майсюк, Г. Каржанеўская, У. Бойка, аўтар гэтага опуса, а нізку вершаў тлумачыць не хто-небудзе, а сам А. Разанаў. Можа і галава закружыцца. Але не ў Надзеі Артымовіч. Бо яна ведала свае магчымасці і вартасці. Памятала пра недахопы.

“Пяро паэта – скальпель, які патрабуе дакладна зняць першую скуру паэта. Але ніводзін скальпель не з’яўляецца дасканалай прыладай. Гладкая скура з цяжкасцю паддаецца зняццю. Даходзіць часам да цяжкіх калецтваў, парэзаў, ран, якія вельмі марудна гояцца. Ніякіх лекаў ты не можаш ужыць, таму што калецтва павінна прывесці да самавыздараўлення. Але працэс самавыздараўлення часта ачышчае скуру паэта ад паэзіятворных бактэрый. Паэзія – гэта пастка. Небяспека, што хаваецца за кожным моўленым словам”, – пісала яна адносна свайго разумення паэтычнай творчасці. Можа яшчэ і з гэтай прычыны ў вершах Н. Артымовіч обмаль “моўленых слоў”…

Цяжка сказаць, хто з беларускіх, польскіх ці замежных паэтаў паўздзейнічаў на паэтку, каго яна магла наследаваць. У яе вершах на гэта няма аніякіх асаблівых намёкаў, як і ў рэдкіх выказваннях на тэму жыцця і творчасці. Хіба, як уласна мне падаецца, падчас ёсць нешта блізкае да Я. Юхнаўца. Хоць аднойчы Т. Занеўская пераказала такую згадку: “Артымовіч упэўнена, што “паэтам з’яўляецца той, каму выпаў гэтакі лёс”. Тут яна аспрэчвае думку Цыпрыяна Каміла Норвіда, што “чалавек паэтам не ёсць, чалавекам паэт бывае”, якую многія літаратары лічаць трапнай.”

Шмат якія вершы Артымовіч складаюцца са слоў, падчас слаба знаёмых адно з адным, часцей агулам супярэчлівых, адкуль і сыходзіць лагічны канфлікт – уяўная творчая дзея. Калі большасць паэтаў працуюць з ідэяй, тэмай, сюжэтам, вобразам, метафорыкай, то Артымовіч супрацоўнічае са словам. Даверліва апіраючыся на яго пэўнасць, напаўняючы яго паўнавартасным жыццём, агаляючы яго сутнасць яна выносіць слова на чытацкі бязжальны суд. Слова яе – важкае і лёгкае, нерухомае і рухавае, ранімае і глухое, яснае і сляпое… “Я пішу такія малыя словы”, але нават імі “можна акрэсліць наш час”, – кажа яна.

Мінімалізм, лаканізм і лакалізм Н. Артымовіч, на маё меркаванне, – часткова – ад збяднення мовы і вузкага вусна-моўнага беларускага асяроддзя. Калі ў творчасці іншых гэта спрашчае верш данельга і канчаткова выпетрывае яго дух, ператвараючы працэс напісання тэкста ў пустэльнае рыфмаванне, то Надзея скарыстала гэта дзеля паглыблення, шматвектарнасці і шматмернасці сваёй паэзіі, калі адным-двума дзясяткамі словаў выбудоўваўся мастацкі вобраз у аўтарскай і чытацкай падсвядомасці. Паэтка мысліць абрывачнымі сэнсамі і катэгорыямі, якія, бы разнародныя полюсы, прыцягваюцца і пры гэтым прыцягваюць да сябе ўвагу, у тым ліку чытацкую:

 

“іржа твой цень

як музыка

у белых пальцах

 

адзін неабходны верш

іржа музыка цень

 

адзін неабходны верш

як матчынае маўчанне

          анямелы парог

 

верш як час”

 

Няскончанасць фразы, недавершанасць метафары, абарванасць дзей і вобразаў – гэта ад недастатковасці аднамоўнага атачэння ў соцыуме, і гэта падобна на тое, як чалавек выблытваецца з дзядоўніку, калі ўсе самыя нязбытныя, кроўна-дарагія словы наўслед усё яшчэ чапляюцца за цябе (за тваю зямную сутнасць) і не адпускаюць са свайго родавага нацыянальнага палону…

 

“трэба знайсці ключ да дзвярэй

зашнураваць вусны

пашукаць месца для новай жмені зямлі

выслухаць неспакойную цішыню”

 

І паэтка змушана па жыцці, як мантру, складаць з тых паасобных нязгіблых у ёй словаў сэнс свайго выраку. Нешта параўнальнае можна прывесці ў прыклад, як скажам, напісанне апошнім часам вершаў (і нават кніг) А. Разанавым па-нямецку. Праўда, тут паэт зазірае наперад сябе, жадаючы прысвоіць іншаземныя словы, а ў выпадку з Артымовіч, Надзея змушана азіраецца ў сваё мінулае, каб узнавіць з памяці родныя словы… У вершы, прысвечаным бацьку яна піша:

 

“твая кніжка і цяпер для нас завялікая

зразумелы можа толькі алфавіт

а да слоў

чынаў праўдзівых

далёка”

 

На даўжыню крэпкай цыгарэтнай зацяжкі, кубачка падвойнай чорнай кавы альбо глытка настоенага віна…

У Н. Артымовіч амаль няма любоўнай лірыкі, тэмы кахання ўвогуле. Ледзь-ускосна-мімаходзь… Аднак нярэдка здараецца так, што менавіта візуальная адсутнасць той ці іншай тэмы і матывацыі якраз і з’яўляецца ключом да разгадкі таго, што ёсць таемна прысутным і глыбока наболеным.

 

“прачакай яшчэ

ад слова кахаю

да закаханага верша

шмат дарогі”

 

Надзея кажа, што яе “верш ёсць выказваннем і недаказам”. Так, яна прамаўляе, гаворыць, але не выказваецца дарэшты, чым выклікае свайго чытача на сумоўе. Літаральна днямі я прачытаў падобную думку ва ўжо згаданага А. Разанава, якую ён выказаў падчас лекцыі ў “лятучым універсітэце”, дзе зазначыў, што “верш заўсёды не да канца вымаўлены”. Відаць, не проста так у свой час ён надумаў і патлумачыў на свой розум і лад вершы Н. Артымовіч у іх сумеснай кніжцы “Дзверы”. Ёсць нейкая прыцягальная субстанцыя, што збліжае іх мастацкія светы, якія знаходзяцца на блізкіх арбітах і ў адным гравітацыйным творчым полі, – там, дзе аўтарскі аскетычны вобраз, самадастатковы ў сваёй сутнасці, аддае апошняе, абсалютна нічога не патрабуючы наўзамен…

Нярэдка адны і тыя ж словы ў творах Артымовіч штораз паўтараюцца – з верша ў верш – з рознай інтанацыяй і пратэстным сэнсам пры ўзаемаадносінах з іншымі словамі (час, іржа, бель, цень, сон, перадапошні і апошні дзень...). Адсюль супярэчлівае назіранне – адсутнасць (прынамсі, знешніх – відавочных і адчувальных) эмоцый, гэткі ціхамірны стан, у якім адбываецца ўнутранае пераасэнсаванне свайго і акаляючага жыцця, дзеяў і ўчынкаў… Нават назвы зборнікаў паказваюць на тую своеасаблівую “пазіцыю ёгі”, якую займае аўтар у працэсе сваёй творчасці: “роздумы”, “сезон у белых пейзажах”, “адплывае спакойнае неба”, lagodny czas… Падчас ствараецца ўражанне, што ў пераважнай бальшыні вершаў няма не толькі ўзрушэнняў, але і самога руху – фізічнага і душэўнага – ні ў прасторы, ні ў часе. Гэта як ціхая затока з люстраной паверхняй вады, у якую раптам падае кропля расы, апалы ліст альбо кімсьці кінуты камень – усплёск, кругі на вадзе… Духоўная медытацыя. Аддаленая асацыяцыя з вершамі Басё… Як следства, няма звычнай для традыцыйнай беларускай паэзіі, у тым ліку і сучаснай, цвёрда акрэсленай грамадзянскай пазіцыі, змагарскай лозунгавасці, трыбунна-барабаннай рытмікі, акторска-дэкламацыйнай найгранасці. Магчыма таму, што аўтар знаходзіцца па-за межамі нашай балюча-грамадскай сітуацыі і нацыянальнай дыскрымінацыйнай прыгнечанасці? Але не думаю, што толькі таму.

Мне здаецца, што гэта, найперш, з прычыны закрытасці ўласнай натуры, калі чалавек, тым больш творца, жыве ўнутр, а не вонкі, у глыбіню, а не ўшыркі… Канстатацыя падобнага стану ёсць у такіх радках Н. Артымовіч:

 

“нерухома стаяць

мае дні

шчыліны ў часе

усё большыя

мой каляндар патрэсканы

нерухома стаяць

мае дні

  як перапалоханы цень

  чалавека”

 

Сама творчасць паэткі як бы па-за грамадскім жыццём, але само грамадскае жыццё сваім зрушным і актыўным атачэннем змушае яе пэўным чынам адгукацца на ўціск сваёй незалежнасці (са знешняга боку тых дзей і праяў часу).

 

“баюся выразнасці свайго партрэта

баюся ілюзіі слоў у вершах”

 

З кантэксту большасці вершаў Н. Артымовіч выразна выяўляецца праекцыя яе адстароненасці ад людзей, хутчэй, аддаленне, а не збліжэнне з імі (па вядомым пушкінскім запавеце: “Поэт – ты царь. Живи один”). І гэтай аўрай адзіноты, стрымана-непераборлівым вобразам жыцця прапітаная аснова ўсёй яе паэзіі. Кажучы яе ж словамі: “Жыццё таксама бывае паэзіяй”. Таму абсалютна не здзіўляюць адпаведныя прызнанні:

 

“у сваіх кароткіх вершах

я ніколі нічога не сказала нікому

я нямая

я не люблю эксперыментаў над чалавекам”

 

Хоць мы ведаем, што таленавітыя паэты пішуць не так словам, як падтэкстам, перакладваючы на чытача выяўленне сутнасці імі перажытага. Найбольш класічна і даходліва для публікі ахарактарызаваў жыццёвы і творчы шлях Н. Артымовіч яе зямляк, вядомы паэт і літаратуразнаўца Ян Чыквін:“Верш Надзеі Артымовіч, які пры першым чытанні гучыць для нас арытмічна, выяўляе, па сапраўднасці, проста іншую, толькі для паэткі характэрную рытміку. Яна, гэтая рытміка, ідзе не ад кніжна-літаратурнай традыцыі, а адтуль, ад унутранага складу хвалявання яе асабовасці. А наколькі яе асабовасць фармавала перш за ўсё знешняя рэчаіснасць, то “нерытмічныя” рытмы вершаў Артымовіч якраз і дакладней і глыбей адлюстроўваюць складанасць і драматызм як чалавечага існавання, так і яго часу. (…) Зместу вершаў Артымовіч адпавядае іх форма. Інтанацыйны малюнак твора, яго кампазіцыя і семантычная “неразборлівасць” паяўляюцца як вынік спомненай немажлівасці, пераскоку вобраза-думкі, абрывістасці, маментальнасці, кантамінацыі розных планаў. (…) Артымовіч на нашым беларускім літаратурным фірмаменце паэтка ўнікальная. Але за гэту арыгінальнасць жыццё бярэ ад яе сваю празмерную плату.”

Шчыра скажу, я не ведаю гэтай платы, але вычуваю і ўяўляю яе, чытаючы лепшыя вершы паэткі. Менавіта сваёй паэтычнай (фармальнай, стылёвай, мысленча-філасофскай) неардынарнасцю яна стала пазнавальнай (вылучнай) постаццю ў беларускай літаратуры. Улічваючы тое, што Н. Артымовіч нарадзілася, жыве і творыць у Польшчы, гэтую яе выбітнасць можна лічыць як выключэнне з агульных правілаў нацыянальнага краснага пісьменства. Пры ўсім гэтым нельга сказаць, што Н. Артымовіч зрабіла ў сваёй творчасці нейкія значныя адкрыцці і глабальныя прарывы. А ўсё ж умудрылася ў шматлікім паэтычным хоры выявіць свой адметны голас, інтанацыю, зрабіць запамінальным свой літаратурны вобраз. У яе набытку ёсць некалькі блізкіх да геніяльнасці радкоў і дзясятак проста выдатных вершаў. Хіба гэтага мала, каб застацца ў беларускай паэзіі?! Больш чым дастаткова.

 

“Калі любіш паэзію

Маўчы, не гавары нікому…”

 

І Надзея Артымовіч цярпліва перажывае верш у сабе, каб увасобіць яго ў словы… Можа таму паэзія жыла і жыве ў ёй самой больш арганічна, чым у саміх яе вершах.

І наастатку, чыста ўласнае. Мы не бачыліся з Надзяй чвэрць веку, і я не ўпэўнены, што сходу пазнаў бы яе пры сустрэчы. А вось у паэзіі, бадай, і праз больш значную тоўшчу часу, я вызначыў бы яе адразу і беспамылкова. Незважаючы на даўно згубленыя адрасы, а хутчэй нават дзякуючы таму, бо, як піша яна ў сваім знакавым вершы: “паэты паміраюць тады / калі знойдзены дакладныя адрасы / сытыя жэсты”. Што праўда, апошнім часам у нашых тэлефонных размовах Надзя ўсё часцей жаліцца на ўзрост і на зрок… Я маўчу ў адказ, бо мы ўсё адно не бачым адно другога… Але, дзякаваць Богу, я чую яе пазнавальны голас…

Пара зачыняць дзверы…

Не думаю, што ў сапраўднага паэта агулам ёсць такая магчымасць, бо адкрытае свету ўжо наноў не зачыніш і не схаваеш, тым больш, што “яшчэ рана амаль зарана / каб прачытаць горкую жывую паперу / яшчэ спіць перадапошні дзень”, а ў тваёй “шклянцы цверазее віно / і гэта не пара / каб зачыніць / апошнія дзверы”.

Таму, пакідаючы іх прычыненымі, кожны творца спадзяецца на тых, хто з той ці іншай прычыны (зацікаўленасці, прагі патаемнага, альбо проста душэўнага адхлання) зойдзе туды, каб убачыць, адчуць і зразумець, што ж “там за дзвярыма”…