Напішы казку — атрымай планшэт!

Перамога ў “Экслібрысе” прынясе аўтару не толькі заслужаную славу дзіцячага пісьменніка, але і новую мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note, створаную адмыслова для тых, чыя праца звязаная са словам. Гэты планшэт дазваляе пісаць ад рукі ў лічбавы нататнік пры дапамозе стылуса. Журналіст можа рабіць нататкі падчас інтэрв'ю, пісьменнік — занатоўваць новы аповед або верш, вандроўнік — ствараць падарожны дзённік, студэнт — канспектаваць лекцыі, дызайнер — маляваць і рэдагаваць фатаграфіі.

Нагадаем, што літаратурны конкурс “Экслібрыс” імя Янкі Маўра, абвешчаны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускім ПЭН-цэнтрам, сёлета прысвечаны дзіцячай літаратуры. Прыём твораў працягваецца да 1 жніўня, дасылаць іх можна на адрас sbp@lit-bel.org. Удзел у конкурсе могуць узяць аўтары да 40 гадоў. Конкурсныя творы для дзяцей і падлеткаў на беларускай або рускай мовах будзе ацэньваць кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі пісьменнікі Алена Масла, Людміла Рублеўская, Алесь Пашкевіч, Пятро Васючэнка, Серж Мінскевіч.

Падрабязней пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе “Экслібрыс” імя Янкі Маўра чытайце тут.

Падвядзенне вынікаў адбудзецца ў верасні 2013 года. Лепшыя творы для дзяцей і падлеткаў могуць выйсці асобнай кнігай.

Уладальнікі другога і трэцяга месца атрымаюць рыдэры Prestigio на электронных чарнілах.

За ходам правядзення конкурса можна сачыць на сайце lit-bel.org.

Прэзентацыя планшэта на выніковай вечарыне Школы маладога пісьменніка "Параходзік сучаснасці". Фота Алены Казловай

Пра нашых новых партнёраў:

Інтэрнэт-крама электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com створаная ў 2011 годзе. Тут можна набыць кнігі, частка з іх даступная абсалютна бясплатна. На дадзены момант сайт налічвае больш за 640 000 экзэмпляраў кніг на 24 мовах. Новыя кнігі з’яўляюцца на рэсурсе штодня, а штотыдзень абнаўляецца спіс выданняў у вольным доступе. Сярод іх — бестселеры сучаснай і класічнай прозы, навуковая і бізнес-літаратура. Асобнае месца адведзена кнігам сучасных беларускіх аўтараў: Анатоля Вярцінскага, Уладзімера Някляева, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі, Анкі Упала, Насты Манцэвіч і многіх іншых. Рэсурс запрашае да супрацоўніцтва айчынных пісьменнікаў і пастаянна ўзбагачае бібліятэку беларускімі выданнямі. 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"