Настассі Лазебнай — 65!

Настасся Пятроўна Лазебная (Стася Наркевіч) нарадзілася 28 чэрвеня 1952 года ў вёсцы Куляшы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. У 1970 годзе скончыла Хоўхлаўскую сярэднюю школу, у 1973 годзе – студыю выяўленчага мастацтва пры Маладзечанскім доме народнай творчасці. Працавала мастаком-афарміцелем на заводзе “Спадарожнік”, потым у гандлі, будаўнічым трэсце. Затым была вучоба ў БДУ на факультэце журналістыкі. У 1985 годзе атрымала дыплом журналіста.

У 1981 годзе з сям’ёй пераехала ў Віцебск і пэўны час працавала ў абласной газеце “Віцебскі рабочы”, потым у газетах “Рабочае слова”, “Кімавец”.

З 1995 года – рэдактар газеты “Кімавец”. Рэдагавала выданне да 2001 года: да таго часу, пакуль у прадпрыемства былі сродкі на яго выпуск. Потым была пасада галоўнага рэдактара газеты “Планета адкрыццяў” турыстычнай фірмы “Хэпі турс”. У 2003 годзе зарэгістравала жаночую газету “Анастасія”, дзе стала выдаўцом і галоўным рэдактарам. Паралельна з выданнем асабістай газеты, якая праіснавала да 2010 года, рэдагавала газету “Мы і час” ВДУ імя П.М. Машэрава. Звольнілася з ВНУ ў маі 2013 года. Сябра Беларускага саюза журналістаў.

Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца будучы вучаніцай сёмага класа. Уваходзіла ў літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы” пры аб’яднанай газеце “Святло камунізму” г. Маладзечна.

З творчасцю Стасі Наркевіч чытачы знаёміліся і знаёмяцца праз абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. Некаторыя апавяданні ўвайшлі ў калектыўны зборнік “Дзвіна”. У 2008 годзе выйшаў асабісты зборнік апавяданняў “Настальгія” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Акрамя апавяданняў Стася Наркевіч піша вершы, гумарэскі, казкі. У 2012 годзе пабачыла свет яе казка “Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце” ў зборніку аўтарскіх казак “Залаты талер” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), у 2013 годзе кніжка казка-размалёўка “Віялета, бабулечка і чароўны дроцік” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). У гэтым жа годзе выйшла кніга вершаў “Ты зразумей мяне такую…”, аздобленая графічнымі работамі аўтара (Віцебская абласная друкарня).

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе спадарыню Настассю са святам і жадае ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у творчых і асабістых справах, аптымізму і здзяйсненняў!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"