Наталка Бабіна і Юрась Барысевіч у Школе маладога пісьменніка

Юрась Барысевіч расказаў пра сябе, свае кнігі і пераклады, апроч іншага паразважаўшы пра форму тэкста і магчымасць яго прэзентацыі:

“У ідэале кожны тэкст павінен існаваць у некалькіх формах: класічнай, у выглядзе кнігі, і ў выглядзе музычнага твора, напрыклад, ці ў выглядзе скарочанага лібрэта, плаката, графіці, дзе сама сутнасць, рэзюмэ кнігі, была б сфармулявана ў некалькіх сказах. І гэтыя розныя формы прызначаны трохі для рознай аўдыторыі. Кароткія, кідкія формы могуць лягчэй распаўсюджвацца ў інтэрнэце ці праз улёткі. Як, напрыклад, мы калісьці ў “Бум-бам-ліце” пісалі тэксты на аркушах паперы і расклейвалі іх па горадзе сярод рэкламных альбо палітычных абвестак. Вядома, псіхалагічна цяжка раскласці свой твор у некалькіх варыянтах, але можна каардынавацца з сябрамі, паплечнікамі, адзін аднаго перарабляць. <…>

Здаецца, у 2005 годзе я прадстаўляў Беларусь на фестывалі сучаснай літаратуры ў Славеніі. Свае тэксты трэба было прэзентаваць, чытаць уголас. Тэкст у мяне быў вельмі сур’ёзны, але чытаў я яго эксперыментальна. Прэзентацыя адбывалася ўвечары, тэкст праецыраваўся на экран, і яго можна было чытаць. Таму я не стаў яго агучваць, а замест словаў пакінуў толькі інтанацыю. Спачатку ўзяў адну асадку ў зубы і пачаў чытаць, словы сказіліся, але іх яшчэ можна было пазнаць. Потым я ўзяў дзве асадкі, і засталася толькі інтанацыя, ужо такі спеў, музычны твор атрымаўся”.

Пісьменніцы Наталцы Бабінай давялося праводзіць майстар-клас у дзень свайго нараджэння. На занятак спадарыня Наталля прынесла цюльпаны са свайго падворку і свае кнігі, якія напрыканцы падарыла маладым аўтарам.

Спадарыня Наталля расказала пра асабісты досвед напісання кнігі, арганізацыю свайго творчага працэсу:

“Што датычыцца арганізацыі часу, знаеце, у дзень нараджэння, калі табе раптам стукнула сорак сем, самы час пра гэта пагаварыць. Я хачу вам сказаць адно: мы ніяк не можам распараджацца часам, час распараджаецца намі. Стаў сабе якія заўгодна планы, усё роўна будзе не так, як ты хочаш, а як хоча жыццё. Адзінае што — вельмі добра, калі ёсць моцная воля, гэта я магу вам сказаць са свайго досведу чалавека, які напісаў дзве кнігі і не напісаў, можа быць, некалькі кніг. Калі моцнай волі не будзе, рыхтуйцеся да таго, што ў сорак сем год вы будзеце адчуваць пэўную расчараванасць, як гэта адчуваю цяпер я. Калі вам удасца прымусіць сябе працаваць — гэта палова справы, а можа нават і большая частка.

Да праблемы часу пэўную датычнасць мае праблема алкаголю. Алкаголь — сапраўды падступны сябар пісьменніка. Пісьменнік мае больш вольную арганізацыю часу, чым іншыя людзі. І вось, калі ты хочаш нешта пісаць, цябе нешта мучыць, хочацца выказацца, ёсць што сказаць гораду і свету, але нечага як бы і не хапае, узнікае вельмі вялікая спакуса, што “я зараз — трошкі віскі або віна кропельку”. І сапраўды нешта зрушваецца, нібыта ты пачынаеш пісаць. Але справа нават не ў тым, што да гэтага вельмі лёгка прызвычаіцца. Гэта сапраўды так, і прыкладаў многа. Самае страшнае, тое, што тыя вобразы, хады сюжэту, думкі, якія ўзнікаюць пад уздзеяннем алкаголю — гэта не сапраўднае, гэта не глыбокае, гэта не таленавітае. Так і ведайце. Калі вы вынасіце сваю задуму ў цвярозым стане — гэта будзе адно, калі будзеце звяртацца да дапамогі алкаголю, гэта можа быць бліскуча, можа падацца вам добрым, але не будзе сапраўдным. <…>

Таксама ва ўмовах Беларусі ёсць вялікая спакуса пачаць пісаць на Расію, што робяць многія, і пры гэтым кожны тлумачыць гэта па-свойму… Я на працягу свайго жыцця бачыла прыклады, калі вельмі таленавітыя людзі проста выпісваліся. І, як ты сабе не тлумач, а ёсць нейкі аб’ём таго, што табе наканавана напісаць, і, калі ты выпішашся на гэтых рускіх раманах, то ўжо не зможаш сказаць нічога іншага. І гэта таксама небяспека, пра якую варта памятаць маладым таленавітым пісьменнікам, якія хочуць працаваць са словам”.

Алена Казлова для lit-bel.org

Фота аўтара.