Наталля Адамовіч сустрэлася з магілёўцамі

Наталля Адамовіч.

Наталля Адамовіч.

На працягу амаль трох гадзін магілёўцы слухалі найцікавейшыя расповеды пра жыццё і дзейнасць сусветна вядомага беларускага літаратара і публіцыста. Калі ўлічыць, што за апошнія гады з розных прычынаў імя Алеся Адамовіча знікла з дзяржаўных СМІ, з экранаў тэлебачання, такая сустрэча сталася вельмі значнай падзеяй.

Сустрэчу наведала больш за дваццаць чалавек - фактычна максімальная колькасць для невялікага памяшкання бібліятэкі.

Сустрэчу наведала больш за дваццаць чалавек – фактычна максімальная колькасць для невялікага памяшкання бібліятэкі.

Наталля Адамовіч вельмі падрабязна ўзгадала ўсе асноўныя моманты працы бацькі над самымі значнымі ягонымі праектамі – кнігамі “Хатынская аповесць”, “Я з вогненнай вёскі…”, “Карнікі”, “Блакаднай кнігі” ды іншымі. Дачка пісьменніка распавяла і пра тое, што шмат якія творы і сёння перавыдаюцца на англійскай і французскай мовах, а ў Нямеччыне даўно выдалі практычна ўсю спадчыну пісьменніка.

Некаторыя замежныя выданні.

Некаторыя замежныя выданні.

За праглядам фотаздымкаў з архіваў Наталлі Адамовіч.

За праглядам фотаздымкаў з архіваў Наталлі Адамовіч.

Пад час сустрэчы шмат казалася пра сумесную яго працу з іншымі вядомымі дзеячамі – даследчыкамі, літаратарамі, майстрамі кіно, пра шматлікія сустрэчы Алеся Адамовіча з непасрэднымі ўдзельнікамі і сведкамі падзей. Не былі забытыя і біяграфічныя звесткі пра самаго творцу, яго родных, сваякоў, продкаў. Тут трэба ўзгадаць, што ў нейкім сэнсе Алесь Адамовіч – наш зямляк. Хоць ён і нарадзіўся на Міншчыне, у вёсцы Канюхі Капыльскага раёну, але ўжо ў 1928 годзе яго сям’я пераязджае ў пасёлак Глуша пад Бабруйскам, дзе бацька Адамовіча працуе лекарам, а маці – у мясцовай аптэцы. У гэтых мясцінах прайшло і партызанскае юнацтва пісьменніка, што вельмі паўплывала на яго творчасць – фактычна ва ўсіх ягоных кнігах пра вайну расповед ідзе ад імя падлетка.

У пасёлку Глуша пахаваныя родныя пісьменніка і сам Алесь Адамовіч.

У пасёлку Глуша пахаваныя родныя пісьменніка і сам Алесь Адамовіч.

На працягу ўсёй сустрэчы не спадала цікаўнасць да расповеду.

На працягу ўсёй сустрэчы не спадала цікаўнасць да расповеду.

У пасёлку Глуша да нашага часу захаваўся будынак аптэкі, дзе працавала маці пісьменніка. І нават пад час вайны аптэка працавала некаторы час, дапамагала не толькі мясцовым жыхарам, але і партызанам. Зараз улады не могуць ні як вызначыць лёс гэтага будынку, аптэка не працуе ажно з 1996 года і стан пабудовы вельмі дрэнны. Наталля Адамовіч ужо даўно прапаноўвала зрабіць з яго музей Адамовіча, але ў дзяржавы на гэта няма сродкаў, ды і сам дом мае толькі ўскоснае дачыненне да пісьменніка. Але магчыма, што гэтае пытанне будзе вырашана ў хуткім часе – ужо створаны аргкамітэт па святкаванні 90-годдзя Алеся Адамовіча. Да аргкамітэту далучыліся, ў першую чаргу, магілёўскія гісторыкі і рэпарцёры, літаратары і грамадскія дзеячы. Зараз ідзе распрацоўка шэрагу мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці пісьменніка, а раней быў ініцыяваны збор сродкаў на стварэнне музея. На сёння ўжо сабрана частка сумы на распрацоўку праектнай дакументацыі, вялікі ўнёсак паабяцала зрабіць пісьменніца-Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, якая лічыць Алеся Адамовіча сваім настаўнікам і шмат у чым працягвае яго працу.

Фота са здымачнай пляцоўкі фільму "Ідзі і глядзі", якія захоўваюцца ў архіве Наталлі Адамовіч.

Фота са здымачнай пляцоўкі фільму “Ідзі і глядзі”, якія захоўваюцца ў архіве Наталлі Адамовіч.

У наш неспакойны час творчасць Алеся Адамовіча як ніколі актуальная, бо яго творы прасякнуты вельмі глыбокім антываенным духам, ідэямі дабра і гуманізму. Яго ваенныя і партызанскія раманы і аповесці, як і фільмы па іх знятыя, раскрываюць самыя страшныя і жудасныя старонкі вайны, паказваюць што вайна – далёка не заўсёды той узвышаны гераізм, пра які так часта ўзгадваюць апошнім часам. Вайна перш за ўсё – гэта бязмежныя пакуты, разбурэнне, галеча, жах і смерць. Вайна ўскрывае не толькі ўзнёсла-гераічныя чалавечыя адносіны, але і самыя цёмныя закуткі душы – здраду, прагу да неабмежаваных злачынстваў, адчуванне беспакаранасці. Менавіта звесткі і веды пра тое адмоўнае і страшнае, што нясе любая вайна і з’яўляюцца найлепшымі сродкамі ў антываенным выхаванні, гэта самы лепшы адказ на лозунгі кшталту “можам паўтарыць”, бо паўтарыць такое жахліва нават у думках.

Кадр з фільму "Ідзі і глядзі".

Кадр з фільму “Ідзі і глядзі”.

Напрыканцы сустрэчы Наталля Адамовіч адказала на шматлікія пытанні і падаравала некалькі кніг бібліятэцы імя Янкі Купалы. Адзначым, што апошнім часам падобныя імпрэзы і сустрэчы ў сценах азначанай установы культуры сталіся добрай традыцыяй, а актыўна дапамагае ў гэтым магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны.

Сябры аргкамітэта па стварэнні музея Алеся Адамовіча  зладзілі пасля сустрэчы невялічкае паседжанне, на якім абмеркавалі далейшыя дзеянні. Рэпарцёр газеты "Звязда" Нэлі Зігуля была ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на музей Адамовіча, далучыліся да гэтай справы і магілёўскія гісторыкі - Аляксандр Агеяў і Ігар Пушкін.

Сябры аргкамітэта па стварэнні музея Алеся Адамовіча зладзілі пасля сустрэчы невялічкае паседжанне, на якім абмеркавалі далейшыя дзеянні. Рэпарцёр газеты “Звязда” Нэлі Зігуля была ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на музей Адамовіча, далучыліся да гэтай справы і магілёўскія гісторыкі – Аляксандр Агеяў і Ігар Пушкін.

Аўтограф для бібліятэкі.

Аўтограф для бібліятэкі

http://6tv.by/