Наталля Арсеннева праз успаміны Пятра Краўчанкі

Неяк, працуючы над адной са  сваiх кнiг,  у яго асабiстым архiве звярнуў увагу на блакiтную  папку з надпiсам “Н. Арсеньева”.  Зацiкавiўся, пачаў перагортваць старонкi дакументаў, спытаў у яго, а цi надрукавана гэта дзе-небудзь. “Усё не, – быў адказ, – толькi маленькiмi ўрыўкамi”. Ён доўгi час сядзеў моўчкi, потым узяў у рукi фотаздымак паэтэсы i пачаў расказваць.

– На чале беларускай дэлегацыi ў 1990 – 1993 гадах я прыязджаў у Злучаныя Штаты Амерыкi на сесii Генеральнай Асамблеi ААН. Тут я пазнаёмiўся з многiмi прадстаўнiкамi беларускай дыяспары – дзеячамi лiтаратуры, мастацтва, навукi. Сярод iх была i Наталля Аляксееўна Арсеннева. Трэба адзначыць, што ў савецкай Беларусi аб ёй мала хто ведаў, яе творчасць была закрытая для чытачоў, а прасцей кажучы, забароненая. Але час змяняўся, паступова iмя Наталлi Арсенневай ўсё часцей пачало гучаць, асаблiва сярод нацыянальнай iнтэ­лiге­н­цыi, распаўсюджвалiся яe вершы. Я тады быў сакратаром Мiнскага гаркама Кампартыi Беларусi i не мог не заўважыць гэта. Узнiкла жаданне даведацца больш пра  паэтку.

У гэтым дапамог Барыс Сачанка, – працягвае Пётр Кузьмiч, – з якiм я сябраваў  ужо на працягу многiх гадоў. Ён цiкавiўся лiтаратурай беларускай эмiграцыi i добра ведаў яе. У бiблiятэцы Сачанкi быў i зборнiк вершаў Наталлi Арсенневай. Вось тады я i пазнаёмiўся з яе творамi. З першых радкоў яны ўразiлi сваёй лiрыкай, меладычнасцю, асаблівай мовай, якая прыносiла нейкую спецыфiку, флёр i шарм у беларускую паэзiю. Адразу ўзнiкла пытанне: дык што ж гэта за паэтка? I нейкае зусiм не тыповае для беларускi прозвiшча, можа, па мужу? Аказалася, што яна па нацыянальнасцi руская, больш за тое, яе бацька з роду тых самых Арсенневых, якi па жаночай лiнii даў Мiхаiла Юр’евіча Лермантава. Мацi Лермантава – Марыя Мiхайлаўна Арсеннева, а ў дзяцiнcтве ён у Тарханах выхоўваўся ў сваёй бабулi, таксама таго ж прозвiшча.

Сустрэча з Наталляй Арсенневай адбылася ў доме сямейства беларускiх эмiгрантаў Бартулеў. Яны жылi ў Гленкаве, прыгарадзе  Ню-Ёрка. Iх добра ведаў Генадзь Бураўкiн, ён i пазнаёмiў Краўчанку з Бартулямi, адукаванымi, культурнымi i iнтэлiгентнымi людзьмi, з якiмi ў Пятра Кузьмiча адразу склалiся цёплыя, сяброўскiя адносiны.

У час адной з размоў з Францiшкам Бартулем Пётр Краўчанка ўзгадаў iмя Арсенневай. У адказ Бартуль сказаў:

– Мы сябруем з Наталляй Аляксееўнай, але жыве яна далёка адсюль, у Рочэстэры. Гэта штат Мiчыган, амаль на мяжы з Канадай. Калi вам  будзе трэба, мы купiм ёй бiлет, яна прыляцiць сюды, i вы сустрэнецеся.

Пётр Кузьмiч з вялiкай радасцю пагадзiўся. Не адмовiлася ад сустрэчы i Наталля Арсеннева.  Бартулi запрасiлi таксама пiсьменнiка Майсея Сяднёва, не ведаючы, праўда, што мiж Арсенневай i Сяднёвым былi немалыя рознагалоссi i супярэчнасцi. Гэта часам выяўлялася ў ходзе гутаркi, выклікала напружанасць i нават некаторую нервовасць. Калi нешта казала Арсеннева, Сяднёў пярэчыў, i наадварот. Але гэта было толькi ў iх узаемаадносiнах. У цэлам жа сустрэча насiла цёплы, даверлiвы і сяброўскi характар.

– Першае, што мяне вельмi ўразiла, – кажа Пётр Краўчанка, – жыццёвая сiла гэтай 88-гадовай жанчыны. Але я адразу ўбачыў у ёй не бабулю, як можна было меркаваць па ўзросце, а свецкую  даму з бляскам у вачах, элегантна апранутую, з жаданнем спадабацца ўсiм.

Наталля Аляксееўна была невысокага росту, у ёй адчувалася яе дваранскае паходжанне, пэўны арыстакратызм. Яна жартавала, смяялася, з апетытам ела i нават не адмаўлялася ад вiна. Быў выхадны дзень, спяшацца не было куды, i наша гутарка працягвалася больш за шэсць гадзiн. Гэтая сустрэча дала мне магчымасць вельмi многае зразумець у яе жыццёвым лёсе, вытокi гэтай  яе “беларускасцi”, яе патрыятызму.

Наталля Аляксееўна Арсеннева расказала, што яна нарадзiлася ў 1903 годзе ў Баку. Праз некаторы час сям’я  пераехала ў Вiльню. У 1914 годзе, калi пачалася Першая сусветная вайна, эвакуiравалася ў Яраслаўль, у той  горад, дзе жыў вялiкi беларускi паэт Максiм Багдановiч. Наталля Арсеннева, безумоўна, не магла з iм сустракацца. Ды i якiя маглi быць сустрэчы, калi ёй у той час было адзiннаццаць  гадоў, а Багдановiчу дваццаць пяць!

аталля Арсеннева і Уладзімір Тамашчык перад выездам з Мінску ў 1944 годзе. Фота з naviny.by.

Наталля Арсеннева і Уладзімір Тамашчык перад выездам з Мінску ў 1944 годзе. Фота з naviny.by.

У 1919 годзе бацькi Арсенневай вырашылi вярнуцца ў Вiльню. Ехалi не праз Мiнск, а нейкiм вакольным шляхам па тэрыторыi Дзвiнскага краю. Прыпынiлiся ў вёсцы пад Даўгаўпiлсам. Iх гасцiнна сустрэла беларуская сям`я, што ў значнай  ступенi паўплывала на далейшы лёс будучай паэткi. Заначавалi… Наталлю паклалi спаць на печ. Ранiцай яна прачнулася ад дзiўна прыгожай песнi, якую, раcпальваючы печ, цiхенька напявала гаспадыня дома.

I як расказвала Арсеннева Пятру Краўчанку, тут упершыню яна пачула па-сапраўднаму чыстую, вясковую беларускую гаворку, якая ўразiла сваёй цудоўнасцю i меладычнасцю.

Затаiўшы дыханне, слухала яна песню: дзе я? Што гэта за народ? Чаму iх песнi так адрознiваюцца ад рускiх?

Пазней, пры сустрэчы з ёй, Пётр Краўчанка спытаў:

– Спадарыня Арсеннева, растлумачце сваю таямнiцу: як Вам, рускай па нацыянальнасцi, удалося так глыбока пранiкнуць у беларускую душу, беларускае слова?

– Я нiколi не думала аб гэтым.  Але я заўсёды любiла Беларусь, яе людзей, яе мову i песню. З асалодай, з захапленнем некалi слухала беларускую мову на вёсцы. Асаблiва мову старых людзей. Ад iх я вучылася жывой мове.

Прыехаўшы ў Вiльню i размаўляючы з беларусамi, Наталля цвёрда вырашыла iсцi вучыцца ў беларускую гiмназiю. Незадоўга да гэтага яе адкрылі браты Антон i Iван Луцкевiчы. Гiмназiя знаходзiлася ў Базыльянскiх мурах – крапасных збудаваннях, на тэрыторыi былога манастыра.  Тут жа Луцкевiчы адкрылi свой знакамiты музей, дзе былi сабраныя ўнiкальныя экспанаты, у тым лiку часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага. У далейшым гiмназiя атрымала досыць шырокую вядомасць. Часам яе называюць “перадунiверсiтэтам” беларускай нацыi.

Асаблiвым гонарам беларускай гiмназii з’яўляюцца, акрамя Наталлi Арсенневай, народны паэт Беларусi Максiм Танк i выдатны вучоны ў галiне астранаўтыкi Барыс Кiт.

Тут, у беларускай гiмназii, Наталля Арсеннева i пачала пiсаць свае вершы. Ведаючы аб тым, што Антон Луцкевiч вельмi добра адклiкаўся аб яе першым  зборнiку “Пад сiнiм небам” (1927 г.) i нават напiсаў рэцэнзiю на яго,  Пётр Кузьмiч вырашыў, што на паэтычную сцежку Арсенневу вывеў менавiта ён.

На гэта Наталля Аляксееўна адказала:

“Ён вельмі прыхільна адносіўся да мяне ячшэ тады, калі я вучылася ў гімназіі. У сёмым класе нашым настаўнікам літаратуры быў Максім Гарэцкі, якi ўвёў мяне ў паэтычнае жыццё. А Антон Луцкевіч стаў нашым настаўнікам ужо ў восьмым, апошнім класе, таксама мне дапамагаў. Напрыклад, пазнаёміў мяне з тымі вершамі Максіма Багдановіча, якія яшчэ не былі надрукаваныя. А яшчэ казаў, што я як бы часткова спадкаемца Максіма Багдановіча. Ён Максіма Багдановіча вельмі высока цаніў, вельмі высока ставіў”.

Так што першым талент Наталлі Арсенневай заўважыў Максім Гарэцкі, убачыўшы ў ёй прадаўжальніка творчасці Багдановіча. У паэзіі па танальнасці, па жанры яны былі блізкія адзін аднаму. А потым Наталля Аляксееўна шчыра прызналася Краўчанку, што паэтычную іскру Гарэцкі “выбіў” у яе сілай свайго дзіўнага абаяння. Ён быў у Арсенневай першым каханнем. А калі чалавек закахаецца, хочацца тварыць, падабацца, хочацца, каб той звярнуў увагу. І Наталля пачала пісаць вершы, якія ў душы прысвячала Максіму Гарэцкаму.

– А чаму ў Вашых першых творах так многа смутку? З чым гэта звязана?

– На гэта ўплывала  наша жыццё у Вiльнi. Жылi мы ў вельмi цяжкiх умовах, што i адбiлася, вiдаць, на маiх вершах. Сястра памерла ў дарозе, пакуль мы ехалi, бацька захварэў, мацi таксама была хворая. Працы не было. Я ўжо некалькi разоў паўтарала: калi я вучылася ў беларускай гiмназii, дык так часта мы клалiся спаць не еўшы, i таксама не еўшы iшлi ў гiмназiю. Усё гэта мела падсвядомы ўплыў на творчасць.

Скончыўшы гімназію, Наталля Арсеннева ў 1922 годзе выйшла замуж за афіцэра поль­скай арміі беларуса Франца Кушаля. Неўзабаве яго адпраўляюць у далёкі гарнізон на захад Польшчы, куды рушыла ўслед і яна.

У верасні 1939 года Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну.  Кушаль са сваім батальёнам быў узяты ў палон і апынуўся у Старабельскім лагеры для поль­скіх афіцэраў-ваеннапалонных.

Наталля Арсеннева і Франц Кушаль. Фота з naviny.by.

Наталля Арсеннева і Франц Кушаль. Фота з naviny.by.

Наталля Арсеннева пры садзейнічанні Максіма Танка ўладкавалася на працу ў вілейскую абласную “Сялянскую газету”. Тут цікавы эпізод, пра які Пётр Краўчанка згадаў у гутарцы з ёй.

– Што Вы можаце сказаць наконт легенды, якая звязаная з напiсаннем верша “Сталiну”?

– Усё гэта вельмi проста. Аднойчы наш рэдактар газеты (я забылася яго прозвiшча, вельмi сiмпатычны чалавек, мiж iншым) паклiкаў нас: мяне, Танка, якраз тады Машара быў, таксама ўдзельнiк, прыехаў проста так. Паклiкаў i кажа: збiраемся пiсаць лiст да таварыша Сталiна. Вы будзеце пiсаць ад беларусаў. Трэба, кажа, тры раздзелы зрабiць. Адзiн палiтычны, другi нейкi там яшчэ, а трэцi пра тое, што добрага далi нам Саветы. I мы пачалi дзялiць, пагадзiлiся зусiм ахвоча. Нават спрачалiся. Адзiн казаў: я буду аб гэтым пiсаць, другi – аб гэтым. Мы ўзяліся пiсаць пра тое, як савецкая ўлада адносiлася да дзяцей, як шмат было дзяцей-сiрот, як былi заснаваныя прытулкi для дзяцей, як сталi iх вучыць. Гэта я на сябе ўзяла. I выканалi… Я толькi паспела 24 радкi напiсаць, каб паказаць, цi так усё, як яны хочуць”.

Але нават гэтая хвала Сталіну не дапамагла. У красавіку 1940 года Наталлю Арсенневу як жонку польскага афіцэра, які да таго ж знахо­дзіцца ў зняволенні, з двума дзецьмі высылаюць у Казахстан, дзе яна пачала працаваць у калгасе. У маi 1941 года дзякуючы хадайніцтву Саюза пiсьменнiкаў Беларусi i асаблiва Янкi Купалы i Максiма Танка, ёй дазволілі вярнуцца дадому.
Пачалася вайна. У акупаваным Мiнску яна становіцца супрацоўніцай “Беларускай газэты”. Рэдактарам яе быў вядомы калабарацыяніст Вацлаў Казлоўскі, якога потым забілі партызаны.

Пасля вайны, на той падставе, што Арсеннева працавала ў гэтай газеце, яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з акупантамі.

– Я ўважліва прачытаў усе вершы Наталлі Арсенневай, – кажа Пётр Краўчанка. – Але ні ў адным з іх няма нічога такога, што ўхваляла б фашысцкі рэжым. Больш за тое, у яе ёсць вершы, якія асуджаюць генацыд, ёсць верш, якi прысвечаны расстрэлам яўрэяў у Валожыне. Тады гэта было вялікай адвагай. І потым яшчэ адзін момант.

Я спытаў у яе: “Чаму Ваш зборнік “Cягоньня” ў 1944 го­дзе не быў надрукаваны ў Мiнску?”.

“А таму, – адказала мне яна, – што немцы не дазвалялі. Яны не хацелі, каб выходзілі нашы кнігі, не хацелі, каб нашы людзі былі адукаваныя. А ў Вільні акупацыйны рэжым быў больш мяккі, таму мне сябры параілі, я сабрала грошы, паехала ў Вільню і там надрукавала”.

Наталля Арсеннева. Фота з naviny.by.

Наталля Арсеннева. Фота з naviny.by.

З 1949 года і да самай смерці ў 1997 годзе Арсеннева жыла ў Злучаных Штатах Амерыкі. У яе паэтычнай творчасці дамінуючым становіцца патрыятычны матыў. Паэзія Наталлі Арсенневай стала крыніцай духоўнай сілы і нацыянальнай самасвядомасці для яе суайчыннікаў. Яе вершы ўсхвалялi чыстую і сапраўдную прыгажосць, цуды прыроды і кахання.

– Спадарыня Наталля, – пытае Краўчанка, – цi былi часы, калi Вы не пiсалi зусiм?

– Я пiсала заўсёды.

– Шмат Вашых вершаў сталi песнямi?

– Так. Я шмат працавала калiсьцi ў гэтым напрамку. Любiла пiсаць рамансы, лiбрэта, нават тэксты на гатовую музыку. Беларуская мова вельмi песенная, музычная, напеўная.

З канца 1980-х гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі ў Беларусі. Яе верш “Малiтва за Беларусь” (“Магутны Божа”) нават прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам.

– Спадарыня Наталля, – спытаў Пётр Кузьмiч  у Арсенневай, – як Вы ацэньваеце сваё жыццё? Цi было яно шчаслiвым?

– Я не ведаю, цi шчаслiвая я цi нешчаслiвая. Можа, я шчаслiвая тым, што ўмею перажыць i не наракаю на долю. Ну, як здарылася, так здарылася… Пагаджаюся з лёсам. Я думаю, што гэта якраз самае галоўнае. Не заўсёды шчаслiвы той, хто ўсё мае. Ён можа ўсё мець, а быць нешчаслiвым. I наадварот, чалавек можа быць у бядзе, але ўмець усё перажыць. Мне так здаецца.

Пагэтаму, можа, я i шчаслiвая, бо, прымаючы ўсё, як ёсць, не бунтуюся. Мне куды горш, калi я бачу, як некаму балiць, чым калi мне самой балiць.

– Калi мы i нашы суродзiчы на Радзiме, – кажа Краўчанка, – больш шырока даведаюцца пра Ваш лёс, яны зразумеюць, што Вы чалавек з магутным духам, якi змог выстаяць пры вельмi складаных гiстарычных акалiчнасцях. Вашы кнiгi, творы вяртаюцца на Ра­дзiму. Яны з удзячнасцю сустрэтыя ўсiмi свядомымi людзьмi Беларусi.

Пазней Пётр Кузьміч звярнуўся да Наталлі Арсенневай з просьбай даслаць аўтографы да некаторых вершаў. Неў­забаве прыйшоў доўгачаканы адказ з вершамі “Чарнобыль”, “Малачай”, “Я суцяшаю ня iншых, сябе”, “Толькi вясна”, “Магнолiя”. Пад кожным з іх стаяў подпіс паэткi. Цяпер, як дарагая рэліквія, яны знаходзяцца ў яго бібліятэцы.

Наталля Арсеннева і Янка Запруднік. Нью-Ёрк, 17 лістапада 1993 года. Фота з naviny.by.

Наталля Арсеннева і Янка Запруднік. Нью-Ёрк, 17 лістапада 1993 года. Фота з naviny.by.

– Мая апошняя сустрэча з Наталляй Арсенневай, – працягвае Пётр Краучанка, –  адбылася ў лістападзе 1994 года ў Рочэстэры, дзе яна жыла. Папярэдне дамовіўшыся, прыехаў да яе разам з адным беларускім эмігрантам. Арсеннева была вельмі рада, знаходзілася ў добрым, вясёлым настроі. Яна запрасіла нас за стол і пачала частаваць рознымі стравамі.

У ліку іншых былі рыжыкі. Я ледзь не зваліўся з крэсла, калі яна сказала, што ўстала ў пяць  раніцы, пайшла ў лес і спецыяльна для нас сабрала іх. Божа мой, падумаў я, жанчыне 91 год, якой жа жыццёвай энергіяй трэба валодаць, каб гэта зрабіць!

Наталля Арсеннева жыла з сынам і ўжо дастаткова дарослай унучкай. Калі ўнучка паставілася да нас ветліва, то сын вельмі насцярожана і глядзеў на нас “воўкам”. Падчас размовы ён не прамовіў ніводнага слова, толькі слухаў. У ім адчувалася нейкая нядобразычлівасць да нас. Чаму? Не ведаю, можа быць таму, што ён даўно не быў у Беларусі, не меў зносінаў з людзьмі цяперашняга пакалення яго Радзімы. А Арсеннева і ўнучка размаўлялі на беларускай мове.

Чатыры гадзіны мы з ёй размаўлялі, прыйшоў час развітвацца. У канцы нашай гутаркі Наталля Арсеннева ўстае з-за стала і кажа: “Я хачу падарыць вам сваю фатаграфію”. І з той жа энергіяй, бегам падымаецца па лесвіцы на другі паверх. Прыносіць фатаграфію і падпісвае: “Спаткалiся з Вамi ўжо 2 разы, цi спаткаемся ў трэцi? Дай Божа. Натальля Арсеньнева 27.11.1994 г. ”.

У маi 2004 года ў Вiльні ў межах святкавання 15-годдзя Таварыства беларускай культуры у Лiтве, у Базыльянскiх мурах, дзе некалi змяшчалася Вiленская  беларуская гiмназiя, была адкрытая мемарыяльная дошка у гонар Наталлi Арсенневай.

Асноўным  фундатарам  работ па яе выкананнi i арганiзатарам устаноўкi  быў Пётр Краўчанка. Ён жа тады ўзначальваў камiтэт па святкаваннi 100-годдзя Наталлi Арсенневай. Аўтарам гэтай дошкi стаў беларускi скульптар Аляксандр Шатэрнiк. Гэта кавалак чырвонага гранiту з бронзавымi накладкамi, на якiм зроблена выява Наталлi Арсенневай ва узросце 40-45 гадоў. Унiзе iдзе надпiс на лiтоўскай i беларускай мовах: “Тут, у будынку былой беларускай гiмназii, у 1919–1922 гадах вучылася вялiкая беларуская паэтка Наталля Арсеннева (1903–1997)”.

Аляксандр Медзяльцоў, “Рэгіянальная газета”