Наталля Якавенка: NOSCE TE IPSUM (спазнай самога сябе)


І. Р. Бехер


«Вопыт стагоддзяў даказвае, што сувязь паміж  мастацкім перакладам і нацыянальнай свядомасцю бясспрэчная»

К. Шэрман


Пераклад ёсць самаспасціжэнне… і адкрыццё. Над гэтым давялося ў каторы раз задумацца, гартаючы кнігі перакладаў з украінскай на беларускую твораў Багдана-Ігара Антоныча («Зялёнае Евангелле». — Львів: Каменяр, 2011) і з беларускай ды іншых моў на ўкраінскую, створаных Галінай Кірпа («Місяць у колисці». — Тернопіль: Богдан, 2012). 

«Перакладзены з іншай мовы твор — перадусім носьбіт іншага жыцця, іншага спосабу мыслення, іншых параметраў разумення свету. Чым вышэй мастацкая вартасць перакладу, тым большая магчымасць міжвольнага параўнання, якое непасрэдна ўплывае на нацыянальную свядомасць, — канстатаваў Карлас Шэрман у сваіх «Таямніцах почырку». — Тут варта сказаць, што ў дадзеным выпадку нацыянальная свядомасць выступае як шматаблічная катэгорыя, якая ахоплівае ўсе бакі жыцця, самыя розныя адносіны чалавека з прыроднымі з’явамі і рэчамі, а таксама чалавека з чалавекам, з грамадой чалавечай». Да таго ж, пераствараючы іншамоўны твор сродкамі сваёй мовы, праз сінтэз моўна-стылёвых і культурна-эстэтычных асаблівасцяў перакладчык кожны раз наноў спазнае самога сябе — сваё светаадчуванне, светаразуменне, выпрабоўвае мастацкія прыёмы, выяўляе нацыянальную адметнасць уласнай творчасці, а часам робіць пэўнае адкрыццё для сябе, для чытачоў. 

«Зялёнае Евангелле»

«Насупор глузду веру, што месяц, які свеціць над маім родным сялом у Горліцкім павеце, іншы, чым месяц над Парыжам, Рымам, Варшавай ці Масквой… Веру ў зямлю бацькоўскую і яе паэзію» (пераклад Таццяны Кабржыцкай), — адзначаў у сваіх нататках «украінскі Багдановіч» — паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца Багдан-Ігар Антоныч (1909–1937), радкі якога, напоўненыя незвычайнай «красой і сілай», глыбокія філасофскія думкі, таксама як ідэйна-эстэтычная пазіцыя вельмі блізкія да багдановічавых; падобныя таксама іх самотныя й трагічныя лёсы. Тое ж падкрэслівае ў прадмове да зборніка «Зялёнае Евангелле» Ніл Гілевіч: «Не магу адкаснуцца ад думкі, што ў лёсе і постаці гэтага паэта ёсць нямала агульнага з лёсам і творчым абліччам нашага Максіма Багдановіча. <…> Уражвае супадзенне вех і асаблівасцей біяграфій, жыццёвага і творчага шляху абодвух паэтаў. Багдановіч памёр на дваццаць шостым годзе жыцця, Антоныч — на дваццаць восьмым. Адзін і другі паходзілі з інтэлігентных сем’яў. І адзін і другі сваё нядоўгае жыццё пражылі ў горкім адзіноцтве — без сям’і, без вернага побач друга. <…> І адзін і другі жывую мову свайго народа вывучалі па кнігах і з вуснаў пэўных людзей — Багдановіч ад цёткі, малодшай матчынай сястры, а Антоныч ад нянек, што гаварылі на мясцовым «лэмкіўскім» дыялекце. І адзін і другі глыбока ведалі народную міфалогію і старажытны фальклор і плённа выкарыстоўвалі іх вобразы ў сваёй цудоўнай «язычніцкай» паэзіі». 

Таму, напэўна, з не меншай вераю ў родную «зямлю бацькоўскую і яе паэзію» можна наважыцца на пераклад твораў гэтага лірыка.

Да сярэдзіны 1960-х гадоў напісанае Багданам-Ігарам Антонычам было пад забаронаю. Калі Украіна стала, нібы ўпершыню, адкрываць для сябе гэтага творцу, у час барацьбы за яго рэабілітацыю Сяргей Панізьнік пачаў перакладаць вершы Антоныча, перададзеныя з «архіўнага падполля» выкладчыкам універсітэта М. Ільніцкім (Львоў, 1966). У 1997-м С. Панізьнік прадставіў Антоныча ў сваім зборніку «Сустрэча роднасных сусветаў» перакладамі трох вершаў («Чаромхавы верш», «Бацькаўшчына», «Два клёны»), да якіх у 2011-м у «Зялёнае Евангелле» дадаў пераклады «Калыханкі» і «Слова пра полк пяхоты». 

Нагрэта ноч ухмельным веццем:
ў чаромхавай дыміцца мгле.
І літары, як зоры, свецяць
з раскрытай кнігі на стале.

Лістотай стол мой абрастае,
а ножка крэсла — гонкі ствол.
І я з чаромхаў-кніг чытаю
прамудрай пушчы хараство.


Гэта «Чаромхавы верш» — адзін з найбольш вызначальных і характэрных для паэзіі Б.-І. Антоныча, як «мастака, поўнага ўражанняў першароднай красы і свежасці, якія дае чалавеку, а тым больш мастаку, адкрыццё свету» (М. Ільніцкі). Гімнам жыццю і ўсяму жывому на зямлі можна назваць паэзію Антоныча і, у прыватнасці, твор, што даў назву зборніку:

Вясна, як карусель, як воз,
на каруселі белаконі.
Сяло ў гарах, сад, абрыкос,
і месяц, як цюльпан, чырвоны.

Стол ясянёвы, на стале
славянскі збан — для сонца схова.
Ты кланяйся зямлі ў святле,
як гэты сон, стокаляровай.


(«Зялёнае Евангелле», пераклад Рыгора Барадуліна).

Акрамя згаданых перакладчыкаў да самаспасціжэння праз чароўную і загадкавую лірыку Багдана-Ігара Антоныча, «закаханага ў жыццё паганца», таго, што «быў хрушчом і жыў калісь на вішнях, на вішнях тых, што апяваў Шаўчэнка», да адкрыцця яго асобы і паэзіі беларускаму чытачу спрычыніліся Вячаслаў Рагойша, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў, Генадзь Бураўкін, Эдуард Акулін — вядомыя і спрактыкаваныя як у паэтычнай, так і ў перакладчыцкай справе літаратары. Пры тым укладанне зборніка (нястомнымі ўкраінцам Раманам Лубкіўскім і беларусам Вячаславам Рагойшам), дзе пераклады змешчаныя побач з арыгіналамі, дазваляе напоўніцу заглыбіцца ў паэтычны свет аднаго з найбольш выдатных лірыкаў ХХ стагоддзя і дае найлепшую магчымасць параўнання, «якое непасрэдна ўплывае на нацыянальную свядомасць».

«Месяц у калысцы»

Маленькі чытач — асаблівы, і пісаць для яго надзвычай цяжка з некалькіх прычынаў: па-першае, неабходна выпрацаваць даступную для дзіцячага разумення мову; па-другое, трэба ўлічваць асаблівасці дзіцячай псіхалогіі і адрознасць эстэтычнай ацэнкі, бо юных чытачоў часта захапляе тое, што не кранае дарослых, і наадварот; па-трэцяе, нельга забывацца на розніцу ў густах і зацікаўленасцях дзяцей рознага ўзросту ды менталітэту. І яшчэ шмат-шмат іншага… Пісаць цяжка, а перакладаць — тым больш. 

Аднак украінская паэтка, празаік і перакладчыца, аўтар некалькіх зборнікаў для дзяцей Галіна Кірпа смела ідзе на пераадоленне ўсіх тых межаў. І, трэба сказаць, атрымлівецца гэта ў яе вельмі паспяхова. У 2007 годзе ва Украіне ў яе ўкладанні (разам з мужам Дзмітром Чараднічэнкам) выйшла хрэстаматыя сусветнай літаратуры для пачатковай школы ў 3-х тамах «Світ від А до Я. Австралія — Ірландія», дзе ў раздзеле «Білорусь» прадстаўлены творы для дзяцей 27 аўтараў. 

Галіна Кірпа перакладае на ўкраінскую мову прозу і вершы пісьменнікаў з Беларусі, Нямеччыны, Даніі, Нарвегіі, Швецыі. У яе апошнім зборніку — «Місяць у колисці» — побач са створаным ёю самою ды з лепшымі набыткамі дзіцячай літаратуры Даніі, Нарвегіі і Швецыі, Беларусь прадстаўленая перакладамі вершаў і казак для дзяцей, напісаных Станіславам Шушкевічам, Уладзімірам Караткевічам, Сяргеем Грахоўскім, Алегам Лойкам, Нінай Мацяш, Міколам Маляўкам, Казімірам Камейшам, Нінай Галіноўскаю, Сяргеем Панізьнікам і Сяргеем Тарасавым. 

Аўтарскія творы і пераклады Галіны Кірпы аб’ядноўваюць не толькі жанравыя асаблівасці дзіцячай літаратуры. Галоўнае, што яднае — яркая, вобразная, запамінальная, жывая мова і бязмежнае пачуццё шчырай любасці, якою, здаецца, свеціцца кожны твор і якая так патрэбная ўсім дзецям, незалежна ўжо ад менталітэту, зацікаўленасцяў, узросту і г.д.

Мабыць, творачы для дзяцей, можна найлепш спазнаць сябе самога — праз разуменне ўласных мажлівасцяў быць абсалютна шчырым і здольнасцяў любіць.

 

Літаратурная Беларусь № 68