Нататнік чароўнага горада

Паэзія Людкі Сільновай – не асобная з’ява, а частка вялікай любові да Слова, яго спазнання і гульні з ім. Менавіта так яе варта разглядаць. Гэта не здзіўляе, бо аўтарка – шматгранная асоба: паэтка, перакладчыца, крытык, мастачка; на яе рахунку шэраг пошукаў і эксперыментаў: транслінгвізм, візуальная проза і нават спробы стварыць уласную мову. У гэтым спісе вершы шмат у чым набываюць змест асабістай дэкларацыі, маніфесту.  

Яны не мастацтва, не шоу з навукай -
Расшчэплены атам, містэрыя гуку!

Зборнік утрымлівае дастаткова вялікую колькасць раздзелаў – дванаццаць. Прынцып просты – яны адлюстроўваюць розныя старонкі жыцця. Стыль пісьма Людкі Сільновай можна назваць скануючым: здаецца, літаральна ўсё, што трапляе на вока, ператвараецца ў мастацкі вобраз. Гэтыя вобразы не адрываюцца ў разгалінаваныя абстракцыі, а застаюцца дзесьці побач са сваёй першакрыніцай. Адчуваецца ўплыў бібліятэчнай працы аўтаркі: нізкі вершаў чытаюцца, быццам перагортваюцца старонкі кнігі, і не важна, у якім выглядзе чытаеш – папяровым ці электронным. Не кнігі як носьбіта, а Кнігі першапачатковай, змесцішча сэнсаў і протасюжэтаў. Нават адчуваеш пах старой паперы (ці пергаменту) – глыбіні часу, глыбіні свядомасці, адлюстраванай у Слове. Як казала сама Людка Сільнова падчас атрымання прэміі “Гліняны Вялес” (1995 год), “Я думала, што я толькі працую ў бібліятэцы, а я ў Бібліятэцы жыву, толькі ў яшчэ большай. І навокал тэксты, тэксты, тэксты… Не хачу чытаць  – а чытаю, бо яны ж перад маімі вачыма”.

У паэзіі – кнігазбор, а ў кнігазборы – паэзія.

Адсюль яшчэ адна асаблівасць – глыбокая ўкаранёнасць твораў у тэкставы змест культуры. Шмат зваротаў да міфалогіі – скандынаўскай, грэцкай, а найперш славянскай.  Архетыповыя вобразы – клавішы клавіятуры, на якой друкуюць, ці ніткі, з якіх тчэцца палатно вершаванага тэксту.

Не ведаю, як вы,
а я, скажу адразу,
Жыву – ніжэй травы –
ў міфалагічным часе.

Сюды ж можна аднесці адсылкі да класікаў, тэмы кнігі як з’явы, асоб і лёсаў іншых беларускіх творцаў. Людка Сільнова з тых аўтараў, якія замыкаюць на сабе “правадкі” ўсіх значных тэкстаў-сэнсаў. У інтэрв’ю “Дзеяслову” яна казала аб сваім жаданні “уступіць у размову з роўнымі”, “пачувацца сяброўкаю вялікага Нябеснага калегіюму пісьменьнікаў, мысьляроў розных часоў і народаў”. Сіла такіх аўтараў больш у паглыбленні і прысвячэнні, чым у “фантанаванні” асабістай творчай энергіі. А прыцягальнасць – у любові самога аўтара да той прыгажосці, якая існуе і да якой можна дадаць сваю невялікую рыску. 

Як ужо адзначалася ў анатацыях, шмат увагі ў зборніку займае урбаністычнасць, “чалавек у горадзе”, “паэт у горадзе”. Тэма горада (хоць і іншага) вынесена і ў назву. Звычайна ад загалоўка кожнай новай кнігі падсвядома чакаеш самага што ні ёсць постмадэрнісцкага сэнсу, але тут яго няма. Мілаград – “горад-казка”, горад-мара, у якім пры жаданні можна знайсці адсылкі да міфічных гарадоў – сховішчаў сілы, мудрасці, дабра – якія існуюць у свядомасці бадай што кожнага народа. Чыста на асацыятыўным узроўні пры чытанні верша “Прагулка па Мілаградзе” узнікае вобраз яшчэ і “горада вытокаў”, забытай калыскі душы, з адвечным пытаннем: “Якім ты быў?”

Зборнік пачынаецца урбаністычнымі замалёўкамі, у якіх самае запамінальнае – адчуванне летняй спёкі і нуды; высушанасць, выснажанасць, уласцівая ўсім русіфікаваным, саветызаваным гарадам, якая вісіць у паветры незалежна ад пары года. Некаторы перадоз займенніка “я” надае гэтым вершам адценне мемуарнасці.

Людка Сільнова на прэзентацыі сваёй кнігі. Фота Вікі Трэнас

Другі раздзел “Свабода-зіма” і чацвёрты – “Рыцарскія хронікі” перагукаюцца тэмамі Поўначы, рунічных таямніц, ваярства. Па аб’ёмы гэтыя тэмы можна назваць дамінуючымі. Але нават сюжэты, адарваныя па часе ці прасторы, не адрываюцца ад радкоў усё той жа адзінай Кнігі, якая паслядоўна разготваецца перад вачыма.

Цікава, што ў ваярскіх вобразах больш статыкі, чым дынамікі, схопленыя часам карціны, “вобраз сцэны”. І тут у якасці ключа прыходзіць узгаданы паэткай у інтэрв’ю вобраз  “скрыжавання магчымасцяў”, у якім ёсць “пэўная “кропка сілы”, моцная крыніца натхненьня”.

Ці не самым эмацыйна насычаным падаўся невялікі раздзел “Тутэйшыя”. У назве – адсылка да аднайменнага і дастаткова легендарнага літаратурнага аб’яднання. І тым самым – адсылкі да страчаных надзей, сумневаў, нявырашаных пытанняў.

За першыя чатыры часткі складваецца ўстойлівае ўражанне, што аўтарка – паэт-назіральнік. І акурат пяты раздзел  – “Паэт у мегаполісе” – сустракае вершам “Назіральнасць”. Далей узнікае вобраз нататніка – сховішча паэта. У ім ёсць свабода…

…І на любым свабодным месцы
Мой верш, мой горад паўстае.

…і замкнёнасць.

Людзьмі
Інфармацыйнага грамадства
Не будзе дзённік трызненняў
Чытацца.

Нешта небяспечнае ёсць у паэзіі, змешчанай у сэрца мегаполіса.

– Добра, вершу мой,
Выходжу!
Толькі рыфмы
Абясшкоджу.

Бачыш,                   
Як радочкі нізка?
Ток адключым,
Каб не пырскалі
Электрычнымі
Разрадамі…

…Ёсць! У спальню,
За нарадамі!

Але і мегаполіс небяспечны для паэзіі: ён высушвае яе. У цягніку ўзнікае амаль драматургічны вобраз дзяўчынкі, якую вязуць з вёскі ў “Вялікі свет”.

Здаецца мне, што гэта
Быў лёсу нейкі знак:
Прыціхлы дух паэта
У высахлых руках…

Астатнія невялікія па аб’ёме раздзелы займаюць меншую частку кнігі. З іх найбольш тэматычна запамінальныя “Белы кодэкс” – тэма кнігі і служэння кнізе, і “Хараство Хрыста” – каляхрамавыя замалёўкі, прасякнутыя настроем святочнай раніцы.

Што датычыцца тэхнікі пісьма, класічнай і лёгкай за кошт невялікіх даўжынь радка і страфы, то тут самае цікавае – эксперыменты з рытмам і чаргаванні рытмаў.

Як эмблема, як сімвал, як
Непарушнае –
Шызы голуб і чорны грак:
Беларусь мая.

Трапляюцца надзвычай шчырыя і прыгожыя ў сваёй непасрэднасці вобразы.

Ён быў самы прыгожы з усіх,
Хто пісаў у нас вершы.

Кнігу жыцця якім разам чытаю!
Час аддаваць.

Святло праходзіць
Праз халоднасць шкла…
У кнізе водгукаў
Пішу: “Была…”

Здзейсніўшы паэтычную экскурсію ў горад Мілаград, пераконваешся, што літаратура – бясконцае вяртанне да спрадвечнай гісторыі, а мова – мора з няспынным рухам хваляў. Мы ўсё ў тым жа полі культуры, дзе ўсё цячэ і перацякае адно ў адно, а не рэактыўна мчыць па прамой, як малюе нам урбанізаваная свядомасць. І ад гэтага трошкі камфортней існаваць. 

Марыя Маляўка, для lit-bel.org