Нацыянальнай бібліятэцы прапануюць надаць імя Францішка Скарыны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі

У Менску прайшло пасяджэньне Рэспубліканскага аргкамітэту падрыхтоўкі і правядзеньня сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня.

«Толькі што афіцыйна на пасяджэньні рэспубліканскага аргкамітэту па 500-годзьдзю беларускага кнігадрукаваньня міністар культуры абазначыў намер надаць імя Скарыны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі», — паведаміў у «Фэйсбуку» намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Прапанова надаць галоўнай бібліятэцы імя беларускага першадрукара абмяркоўваецца яшчэ з пачатку 90-х гадоў, прычым як з боку яе супрацоўнікаў, так і сярод палітычнай, грамадзкай і культурніцкай супольнасьці.

Цягам апошніх месяцаў ідэя атрымала падтрымку ў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і перайшла на ўзровень дзяржаўнага абмеркаваньня.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі функцыянуе на падставе новага статуту ў межах Кодэксу аб культуры. У адпаведнасьці зь ім статут Нацыянальнай бібліятэкі зацьвярджае не Савет Міністраў, як было раней, а Міністэрства культуры. Таму пытаньне перайменаваньня можа вырашацца шляхам зацьвярджэньня новага статуту гэтым міністэрствам.

Радыё Свабода