Найлепшая кніга дзьве тысячы першага году

Вольскі Лявон. Міларусь. Менск: Медыял. Сэрыя "Кнігарня пісьменьніка". - 2011. - 180 с. 

Проза Лявона Вольскага – як аркестар Эміра Кустурыцы або джаз-бэнд Х’ю Лоры: у прынцыпе, прыемна, што кумір і тут не падмануў глядацкіх чаканьняў, але нават калі падмануў бы – мы ўсё адно цябе любім, чувак! 

Гэтак жа, як вершы Марка Шагала або гістарычны раман Булата Акуджавы, апавяданьні творцы, які стаў, без перабольшаньня, тварам цэлага пакаленьня беларусаў, пры любой якасьці гэтых апавяданьняў спаткалі б свайго чытача. Няхай нават праз пару старонак гэты чытач з уздыхам адклаў бы чытво: яго песьні падабаюцца мне болей. 

Але ўсё адно вельмі радасна, што “празаічны” дэбют Лявона Вольскага не зрабіўся празаічным момантам айчыннага ліпрацэсу. 

 

Першая кніга пісьменьніка 

Самае прыемнае ў зборніку “Міларусь” – тое, што як пісьменьнік Вольскі застаецца верным сабе і свайму бездакорнаму густу. 

“Міларусь” ува ўсіх яе аспэктах – менавіта тое, чаго чакаеш ад аўтара песень “Лёгкія-лёгкія” і “Маё пакаленне”, ад суаўтара праекту “Народны альбом” і ўкладальніка “Белай яблыні грому”. 

Кнігу прыемна мацаць, прыемна гартаць (выдавецтва “Медыял”), прыемна ўглядацца ў яе вокладку (дызайнэр Ігар Назаранка) і разглядаць графічныя ілюстрацыі (сам Лявон Вольскі). Урэшце-рэшт, яе лёгка і зручна чытаць (рэдактар Барыс Пятровіч). 

Вось так – падставовыя для сусьветнага кнігадруку рэчы ў Беларусі ўспрымаюцца як прыемнае выключэньне. 

Уся каманда, якая рыхтавала “Міларусь”, думала найперш пра чытача, а не пра свае амбіцыі ці пра тое, як ашчадзіць грошы на паперы і рэдактуры. Гэта прыемна. 

Як я толькі што згадала, “Міларусь” – кніга неамбітная. Тэксты – аўтар і ня думае гэтага хаваць – ствараліся ў розныя гады, з розных нагодаў, хіба што толькі з адной высокароднай мэтай – творчага самавыяўленьня. 

Аўтар сабраў пад адной вокладкай усю прозу, напісаную цягам апошніх дваццаці гадоў, загадзя ўгаворваючы нас з вамі: 

“Прэм’ерная кніга – як першы альбом гурта – ты яшчэ ня выйшаў на роўную дарогу, ты мацаеш нейкія накірункі, часьцяком брыдзеш у цемры па хмызьняках і лясных сьцяжынах... Ідзеш... Ідзеш...” 

Так што ні для каго ня будзе адкрыцьцём: 

“Міларусь” – пробны шар, партфоліё маладога мастака, дзе пакуль сабраныя ня самыя рэпрэзэнтатыўныя працы, а ўвогуле ўсё, што ёсць. 

У гэтым бачны патэнцыял, і заслужаныя майстры, аглядаючы малюнкі, выкананыя ў рознай тэхніцы, хорам даюць хлопцу фору – але ня першы прыз на выставе. 

“Міларусь” вылучаецца трыма рысамі літаратурнага дэбюту: жанравай разбэрсанасьцю, схематычнасьцю і вучнёўствам. Так, аповесць “Пакуль сабачка жывы” – гэта хутчэй эцюд, з якога ў будучыні магло б паўстаць саліднае палатно, а сьцёбны тэкст “Жывёльны свет Беларусі багаты й разнастайны”яўна натхнёны культавай псэўдаэнцыкляпэдыяй 1995 году выданьня “Здані і пачвары Беларусі” (Францішак Хлус, Марцін Юр). 

Аднак, сабраныя разам, тэксты ствараюць цэльную карціну, імкліва ўводзячы Вольскага ў разрад тых сучасных аўтараў, якія бачаць сваё пакліканьне ў апяваньні “рознакаляровых дзевяностых”. 

“Таму не здзіўляйцеся бруду на вуліцах, бандзюкаватым наведнікам рэстарацый і разборкам у цёмных дварах”, -  “Міларусь” – дэпрэсіўны гімн першым гадам беларускай незалежнасьці. 

 

 “Усё стагодзьдзе – дэкаданс” 

Беларускае Адраджэньне першай паловы 1990-х і яго прыдушэньне новым рэжымам, якое прыпала на другую палову дзесяцігодзьдзя, – часы нечуванага душэўнага ўздыму і рэзкага спаду для беларускай творчай эліты. 

Можа стацца, дзевяностыя – гэта наша Праская Вясна, якая абарвалася танкамі на Вацлаўскай плошчы. 

Для ўсіх чэскіх пісьменьнікаў, якія перажылі 1968-мы ў Чэхіі, падзеі таго году і дагэтуль – ці не стрыжнявая тэма творчасьці. Гэтак жа, як беларускія пісьменьнікі, якія перажылі, як кажуць на Захадзе – experienced – дзевяностыя ў Беларусі, будуць, сьвядома ці не, круціцца вакол 1994-га, як Зямля вакол Сонца. 

Беларускія дзевяностыя – стрыжань “Міларусі”. 

Беларускія дзевяностыя зь іх бясчасьсем. 

Зь неўладкаванасьцю і разрухай, з галечай, якую пакрысе асэнсоўваеш, і якая падсьвядома цябе гняце. Проза Вольскага вяртае туды – у цёмныя двары, у парк, зь півам на лавачкі (абавязкова – у лютым ці раньнім сакавіку). У крамы па “гарэлку, кілбасу, сала, хлеб, агуркі, кетчуп, маянэз”, “чырвонае французскае віно з пяцілітровага пакунку”. 

У старыя сталінкі з “эўрарамонтам”, на неўпарадкаваную польска-беларускую мяжу. 

Задумваешся: ці мінула гэтае бясчасьсе? Ці беларусы дагэтуль лунаюць у аблоках апатыі ці ўсё-ткі вярнуліся да актыўнага жыцьця і канструктыву? 

Беларускія дзевяностыя зь іх эскапізмам. 

Бег ад самога сябе, ад усяго, што дорага, (унутраная) эміграцыя – тэмы апавяданьняў “Мандарынка”, “Уцёкі”: 

“Ты ходзіш па вуліцах. Ходнікі прагінаюцца пад цяжарам падкаваных міліцыянцкіх ботаў. Міліцыянтаў шмат – у касках, фуражках, пілётках, зь пісталетамі, дубінкамі, аўтаматамі, кайданкамі(...) Табе абрыдла так жыць, але як жыць у іншай краіне? Ты ж напэўна не дасі рады там жыць. Бо (...) ты не прыстасаваны да рэальнага сьвету. А твой дагэтуль звыклы ўяўны сьвет, твой паратунак, даў вялікую з гострымі няроўнымі краямі расколіну...”

Пра сыход ад штодзённасьці ў зручны выдуманы сьвет – апавяданьне “Новая кватэра Казімера”(алітэрацыя, аўтару галачка). 

Героі апавяданьня з чыстай цікаўнасьці – па чарзе – заходзяць у пакой, які адчыняецца ім у высокім, падобным да бажніцы, будынку – пасьля чаго кожны трапляе ў паралельную рэчаіснасьць. Для кагосьці гэта сьвет каханьня, для кагосьці – “блін, Бруклін”, для кагосьці – трывожнае беларускае сераднявечча. 

 

Шчасьліва ўнікнуўшы прастора-часавай пасткі, галоўны герой – Казімер – вяртаецца ў сваю новую кватэру, калупае дзьверы ключом – а замок ня той, і ў кватэры – новы ўладальнік. Пра яго, Казімера, тут і ня чулі. 

Так і не зразумеўшы, якім чынам гэта адбылося, герой страціў тое, што меў. Змарнаваў магчымасьці. 

Беларускія дзевяностыя як кірмаш змарнаваных магчымасьцяў.

Пра гэта – апавяданьне “Папараць-кветка”. Разумны, інтэлігентны, але змораны жыццём 40-гадовы журналіст дзяржаўнай газэты Мар’ян Адольфавіч знаходзіць у гарадзскім парку чароўную краску зь беларускіх легендаў пра шчасьце, але не зрывае адразу, а пастанаўляе прыйсьці па яе заўтра, бо... ня ведае, чаго пажадаць. 

Але калі наступнага дня наш герой выпраўляецца па кветку, то не знаходзіць яе, і вельмі хутка ўсьведамляе, што яго “залатая рыбка” і “птушка шчасьця” дасталіся самаму дурному з усіх яго знаёмых, – суседу Рыгору. Той выдатна ведаў, як скарыстацца шанцам, што выпаў: 

“На стале ў галоўнага ляжала разгорнутая газэта. Загаловак нешта крычэў чырвонымі літарамі пра зьмену курсу, рэвалюцыйныя пераўтварэньні, жорсткі дзяржаўны кантроль і іншую лухту. Пад крыклівай чырваньню зьзяў партрэт прэзыдэнта. Мар’ян пахіснуўся і ледзьве не грымнуўся долу. Падняўшы вочы, ён убачыў на сьцяне над галоўным рэдактарам такі ж самы партрэт у залатой рамачцы – шырокія плечы, ваяўнічыя кавалерыйскія вусы, знаёмы, упэўнены і неразумны позірк з-пад магутных надбрыўных выгбаў...” 

 

Беларускія дзевяностыя як лятарэя. 

Пойдзеш направа – у разборцы з браткамі загінеш, налева пойдзеш – у пазыкі ўлезеш... Героі апавяданьня“Сяргей і Сяржук” – сябры дзяцінства, якія сустракаюцца ў дарослым жыцьці і вырашаюць паўтарыць хлапечую гульню. Кожны выбірае аўтобусны маршрут, сядае на яго, і чакае, што адбудзецца далей. 

Лішне казаць, што – толькі праз гэтую выпадковую забаву – лёс двух аднагодкаў з аднолькавым стартам складваецца зусім па-рознаму. Апавяданьне пра Сержука і Сяргея нездарма пачынае кнігу. 

 

Беларускія дзевяностыя як фантасмагорыя. 

Павал Абрамовіч азначыў празаіка Вольскага як адэпта “магічнага рэалізму”. Як на мяне, не зусім карэктна, бо, як кажуць на Захадзе, magic realism – крыху з іншай опэры, для гэтай плыні мастацкі сьвет Вольскага надта дысгарманічны, урбаністычны. 

 

Але трэба пагадзіцца: творам Вольскага (“Камэта”, “Затапленьне”, “Новая кватэра Казімера” і інш.) і сапраўды ўласьцівая спантанная фантасмагарыйнасць, якая адна толькі і здольная перадаць хаатычную і супярэчлівую атмасфэру канца дзевяностых, беларускага міленіюма (помніце, была такая тэма, усе яшчэ блыталі з лінолеюмам). 

 

Тыпалягічна гэта злучае прозу Вольскага з сусьветам Ігара Сідарука, аўтара апавяданьня “Аўтобус колеру бэз”, з топасам “Адама Клакоцкага і яго ценяў” Ігара Бабкова. Ня дзіва – усе гэтыя творы паўставалі прыкладна ў адзін і той жа час – некаторыя з апавяданьняў Вольскага можна было прачытаць год дзесяць таму ў беларускай перыёдыцы. 

Беларускія дзевяностыя зь іх празмернай зацыкленасmцю на сымбалях. 

Сатырычнае апавяданьне “Міларусь” расказвае пра хлопца на імя Кастусь (гульня з рыфмамі, галачка), якому “прапанавалі паўдзельнічаць у працы Беларускага кангрэсу прагрэсіўных сілаў”. 

Пагадзіўшыся, Кастусь аднак патрапіў на фэерычныю трыбунную баталію. Дэлегаты канкрэсу, сыходзячы з таго, што ўсе беды іх Радзімы – ад яе няўдалай назвы, спрабуюць прыняць пастанову, каб назву змяніць. Вось толькі няясна на якую... Лішне казаць, што сход заканчваецца “як заўсёды” – нават “рэзалюцыю” кангрэсмены прыняць не пасьпяваюць. 

Паводле зводак СМІ такія “зьмястоўныя” паводле сваіх рэзалюцыяў “прагрэсіўныя кангрэсы” адбываюцца і сёньня. 

Беларускія дзевяностыя, якія і сёньня актуальныя ў Беларусі.

 

Літаратура без героя 

І вось што цікава з этай вашай ліцературай, якую шараговы чытач нездарма лае, на чым сьвет стаіць. 

Эта ваша ліцература нават ня чухаецца ствараць героя свайго часу такім, якім яго хацеў бы бачыць шараговы чытач. 

Пачытайце навіны. Дзясяткі людзей гібеюць у турмах за палітычныя перакананьні. Перасьледы, выкраданьні, шантаж, правакацыі... І ў адказ – мужнасьць ахвяраў і іх сямейнікаў. 

Прынамсі, так гэта выяўляюць незалежныя СМІ. Што ні навіна – сюжэт з жыцьця, які натхняе. 

Вось напрыклад, таямнічы гарадзкі альпініст, якога называюць Міронам, з году ў год уздымае бела-чырвона-белыя сцягі на недасягальную верхатуру. Сяргея Каваленку пасадзілі, але, як мне пішуць у фэйсбуку, сьцягі працягваюць зьяўляцца... 

І што мы маем у мастацтве пад тэгам “Мірон”? Хіба што карціну Алеся Марачкіна. 

За выняткам няўдалай “П’яўкі” Станкевіча, усё, што беларуская культура здолела дабрахвотна спарадзіць на тэму гераізму за апошні час – ананімная паэма “Зянон-хоп”, дзе вобраз супэргероя да немагчымага гратэскны, а сам патас твору – гранічна-іранічны. 

Дайшло да таго, што карціну пра змагара Мірона для беларусаў здымаюць у Польшчы за польскія грошы – пад эстэтычныя пратэсты беларускіх кінакрытыкаў... 

Генеральнае несупадзенне сучаснай беларускай прозы з чаканьнямі чытача найперш у тым, што беларускі празаік піша пра сябе, а трэба было б пра Мірона. 

І ў гэтым пляне Лявон Вольскі – тыповы беларускі празаік. Яго лірычны герой – малады інтэлігент, які рэфлексуе. Герой Вольскага як бы і п’е з народам: 

“- Садзіся да нас, Косьця, - запрасіў Жэка, - Лёнік прастаўляецца”, - але і як бы і дыстанцуецца ад яго: 

“Маці гаварыла, а ейны малаасэнсаваны позірк нагадваў Кастусю погляд птушкі”.

Насамрэч ён ня зь імі, а недзе ў сабе, сваіх думках: 

 “Літаратар едзе на самоце, безь сяброў, прыяцелек, таварышаў па рабоце й думае пра нешта сваё, а не марнуе, як звычайна ў аўтобусах, час на млявыя размовы пбо хваравітыя шчыраваньні справакаваныя каньячком”. 

У стракатай “Міларусі” на 14 тэкстаў – толькі адно апавяданьне, якой з нацяжкай можна назваць “змагарніцкім”:“Табе гамон!” 

Сваёй кнігай Лявон Вольскі падмануў чаканьні шараговага чытача, але пасьпяхова здаў іспыт на беларускага пісьменьніка. 

Як кажуць на захадзе, welcome to the club. 

 

 *** 

 

І ўсё-ткі дэбют Вольскага як празаіка – гэта запознены дэбют. 

Можаце абвінавачваць мяне ў цынізме, але я перакананая, што ўсяму свой час, і кнігі пра дзевяностыя мусілі б адбыцца ў дзевяностыя. 

У скрайнім выпадку – напачатку “нулявых”. 

Нават ладная частка вершаў з культавага і знакавага зборніка “Дзевяностыя forever” Сяргея Прылуцкага, які выйшаў у 2008 годзе, зьявілася са спазьненьнем, перасьпела. 

Скрайні тэрмін кнігі “Міларусь” – 2001 год. І ні годам пазьней. Дзесяць год таму Вольскі сапраўды меў бы шанцы – змогшы ў суперфінале чэмпіёна Адама Клакоцкага – прагрымець як пісьменнік № 1 у Беларусі пачатку ХХІ стагодзьдзя. 

Зрэшты, паўтаруся, радасна, што гэты пярэсты пазл такі быў сабраны пад адной вокладкай. Хоць бы і за дзесяцігодзьдзе – няхай стваральнікі гэтай гульні давалі нам ад трох да пяці. 

 

Марыя Мартысевіч, bellitaward.blogspot.com