Найстрашнейшая расстрэльная ноч для беларускай інтэлігенцыі

Усяго за адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС - "амерыканкі", расстралялі каля 100 беларускіх інтэлектуалаў — выбітных літаратараў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў.

 

Звычайны генацыд

Пляменнік аднаго з нявінна забітых — 28-гадовага паэта Валера Маракова — Леанід Маракоў пакінуў прыбытковы бізнэс, жадаючы вярнуць у гісторыю як мага больш сцёртых імёнаў. За 10 гадоў нястомных даследаванняў ён стварыў два дзясяткі кніг, галоўная з якіх — яшчэ не скончаная 10-томная энцыклапедыя "Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991" са звесткамі пра 15 тысяч ахвяраў расійскага самадзяржаўнага, польскага шавіністычнага і савецкага таталітарнага рэжымаў.

У 70-ю гадавіну крывавага тэрору пісьменнік запоўніў яшчэ адзін прабел нашай гісторыі, аднавіўшы імёны ўсіх знішчаных у страшную кастрычніцкую ноч 1937-га. Яго новая кніга "Ахвяры i карнiкi" пралівае святло на пікавы перыяд сталінскіх рэпрэсій, упершыню прадстаўляючы біяграфіі і паказанні не толькі ахвяр, але і катаў.

— Прамежак са жніўня 1937 па снежань 1938 г. стаў для Беларусі крывавым тунэлем смерці, — кажа Леанід Уладзіміравіч. — За няпоўныя 15 месяцаў расстралялі больш за 10 тысяч чалавек. Падкрэслю:  мэтанакіравана знішчалася эліта беларускай нацыі. Арыштоўвалі кожнага думаючага чалавека. У 1937-м толькі за тры восеньскіх месяцы органы рэпрэсавалі больш за 600 грамадскіх і культурных дзеячаў. Усяго ж супрацоўнікі НКУС расстралялі ці выслалі ў канцлагеры 90% беларускіх літаратараў (ва Украіне - 35-40%, у Расіі не больш за 15%), 100% святароў, без малога усіх дырэктараў заводаў, кожнага трэцяга настаўніка, інжынера ... Рэпрэсіі, якія прыйшлі на змену "беларусізацыі", пад корань выразалі сотні самародкаў. Інтэлектуальны генафонд нацыі, напрацаваны за стагоддзі, у гады сталінізму быў практычна знішчаны! Наша паўсюдная няўпэўненасць, страх, абыякавасць — следства гэтага генацыду.

 

103 рубцы на сэрцы Беларусі

У Архіве прэзідэнта РФ пісьменнік адшукаў  "Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда СССР", у якім ёсць і беларускі раздзел з пералікам асуджаных на расстрэл. Пад ім — дата 15 верасня 1937 г. На смяротным прысудзе асабістыя подпісы Сталіна і Молатава. 103 чалавекі. Амаль усіх іх — літаратараў Алеся Дудара, Ізі Харыка, Янку Нёманскага, Міхася Чарота, Юлія Таўбіна, Платона Галавача, Міхася Зарэцкага, наркама асветы Аляксандра Чарнушэвіча і юстыцыі Максіма Ляўкова, рэктара БДУ Ананія Дзьякава, 2-га сакратара ЦК КП (б) Б Мікалая Дзеніскевіча, студэнта БДУ Саламона Лямперта ... — сталіністы расстраляюць у адну ноч, адсвяткаваўшы такім чынам дзень Ленінскага камсамола і 20-годдзе кастрычніцкага перавароту.

 

фото

Яны загінулі ў тую ноч.

Паэта Алеся Дудара (на фота — злева), арыштоўвалі 3 разы за 7 гадоў. Любімы вучань Янкі Купалы Валеры Маракоў не збіраўся здавацца чэкістам жывым, але не паспеў. Абодва прызнаныя "сябрамі антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі". Першаму было — 32, другому — 28. 

Фота з архіву Л. Маракова.

 

Ворагі-забойцы

Калі чытаеш "Ахвяраў i карнiкаў", прапускаючы праз сябе тысячы чалавечых лёсаў, усведамляеш праўдзівыя маштабы сталінскага тэрору.

15 верасня 1937 бяда прыйшла ў дом інспектара Белаптекакіравання 34-гадовага Барыса Левіна. Разам з ім чорны варанок назаўжды забраў сястру-студэнтку палітэха і пенсіянераў-бацькоў. 7 лютага 1938 арыштаваныя, а праз тыдзень і асуджаныя чацвёра братоў Мінкевічаў — працаўнікоў калгаса "Ленiнскi шлях". Малодшаму было 34, старэйшаму — 49 гадоў. З розніцай у год асуджаныя дзяжурная дзяржынскай гасцініцы 39-гадовая Ганна Быкоўская і яе браты 24-гадовы баец пажарнай аховы Станіслаў і 37-гадовы шафёр мясакамбіната Цэзар ...

Самае распаўсюджанае абвінавачанне — "антысавецкая агітацыя і прапаганда".

— "Двойкі" і "тройкі" НКУС судзілі ні ў чым невінаватых людзей за 10-12 хвілін, — расказвае Леанід Маракоў. — Прычым  90 працэнтаў следчых і суддзяў былі дасланыя разбірацца з беларускімі "нацдэмамі" з іншых рэспублік СССР. Многія прыязджалі на пару дзён, зачытвалі некалькі сотняў смяротных прысудаў і знікалі на бязмежных прасторах краіны Саветаў.

Перад судом няшчасных па-зверску катавалі. Так, з аўтара "Беларускай граматыкi для школ" Браніслава Тарашкевіча выбілі "паказанні" на 249 чалавек!

Даследчык, за чыю галаву неасталіністы ўжо прапаноўвалі ў Інтэрнэце 10 тысяч "зялёных", прыводзіць у кнізе паўтараста біяграфій сталінскіх катаў і сотні сведчанняў пацярпелых — чытанне не для людзей са слабымі нервамі.

"…Стенографистка Жуковская показала, что многие следователи, являясь инструкторами по бою, ходили по кабинетам и избивали несознавшихся арестованных. Когда арестованные теряли сознание после избиения, Быковский колол их иголкой в шею. Антону Балицкому (нарком просвещения БССР — К. Л. ) дал прессом в лицо. Арестованного литератора З. ставил ногами вверх к окну и избивал… ".

"…Неоднократно с 4 до 6 утра меня избивала "бригада". Собирались следователи Морев, Виньковецкий, Годин Крупеньков… "Бригада" била, одновременно применяя различные приемы: один рвал волосы, другой давил на горло, третий оплевывал лицо, остальные били кулаками и сапогами по голове, груди, животу, ногам. Это бригада играла в "футбол", помещая меня в центре, били по очереди сапогами — кто куда попадет…

 (З ліста М. Стэрніна сакратару ЦК КП (б) Б П. Панамарэнку) .

Класік нашай літаратуры Кузьма Чорны, які амаль восем месяцаў правёў за кратамі, успамінаў:

"У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi зьбiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi".

 

Каб памяталі

Паводле дадзеных розных даследчыкаў, сталінскія апрычнікі рэпрэсавалі ў Беларусі ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек. Кожны дзясяты беларус. Кожная трэцяя сям'я!

... Увечары 29-га Леанід Маракоў паставіць свечку ў памяць аб рэпрэсаваных дзедзе Дзмітрыі, бацьку Уладзіміры і дзядзьку Валеры. Запалім свечкі і ўсе мы. Каб не забываць. Каб страшная трагедыя нашых дзядоў, крый Божа, не паўтарылася з нашымі ўнукамі.

 

Паводле Кастуся Лашкевіча, Труд-7

Пераклад - lit-bel.org

 

30 кастрычніка ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” праводзіць вечарыну памяці беларускіх пісьменнікаў, рэпрэсаваных у 30-я гады ХХ ст.