Назвалі лаўрэата Ганкураўскай прэміі за 2011 год

2 лістапада лаўрэатам французскай літаратурнай прэміі з самай багатай гісторыяй і самым высокім градусам прэстыжу быў абвешчаны Алексіс Жэні за раман “Французскае мастацтва вайны” (L'Art français de la guerre), што выйшаў у выдавецтве “Галімар”.

У шорт-ліст Ганкураўскай прэміі сёлета таксама ўваходзілі Сорж Шаландон (Sorj Chalandon) з раманам “Вяртанне ў Кілібэгс” (Retour à Killybegs), Кароль Марцінэс (Carole Martinez) з раманам “Маёнтак Мюрмюр” (Du Domaine des Murmures) і Ліянэль Труё (Lyonel Trouillot) з раманам “Прыўкрасная любоў чалавечая” (La belle amour humaine).

Ганкураўская прэмія мае больш чым стогадовую гісторыю. Уручаецца яна штогод за найлепшы раман, напісаны па-французску. Пры гэтым яе грашовы эквівалент сімвалічны (цяпер гэта дзесяць еўра), затое аўтару, які атрымаў Ганкураўскую прэмію, гарантуюцца вялікія наклады, усеагульнае прызнанне і літаратурная слава.

prajdzisvet.org