Названыя лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі

Пулітцэраўскую прэмію ў галіне мастацкай літаратуры атрымаў пісьменнік Адам Джонсан за раман “Сын уладара сірот” (The Orphan Master's Son). Дзеянне рамана разгортваецца ў Паўночнай Карэі і прысвечанае гісторыі хлопчыка, які вырас у дзіцячым доме, кіраваным яго бацькам. Каментуючы навіну аб атрыманні прэміі, Джонсан выказаў надзею, што дзякуючы гэтаму больш людзей прачытаюць яго кнігу і задумаюцца пра тое, што адбываецца ў КНДР. “Жыхарам Паўночнай Карэі не дазваляюць расказваць іх уласную гісторыю. Значыць, за іх гэта мусяць зрабіць іншыя”, — цытуе яго словы USA Today. Пісьменнік працаваў над раманам тры гады і ездзіў дзеля гэтага ў КНДР. Кніга была апублікаваная ў 2012 годзе. 

Пулітцэраўская прэмія ўручаецца з 1917 году і лічыцца найбольш прэстыжнай амерыканскай прэміяй у галіне журналістыкі і мастацкай літаратуры. Кожны пераможца атрымлівае па дзесяць тысяч даляраў.

ПрайдзіСвет