Названыя намінанты літаратурнай прэміі «Дэбют»

Журы штогадовае літаратурнае прэміі імя Максіма Багдановіча "Дэбют«вызначыла сьпіс намінантаў за лепшую першую кнігу.

 

Намінантамі ў «Паэзіі»:
Ганна Аўчыньнікава за кнігу «Ад зачыненай брамы»
Антон Францішак Брыль за кнігу «Ня ўпаў жолуд»
Анастасія Кацюргіна за кнігу «Пад ветразем ранку»

У намінацыі «Проза» на прэмію прэтэндуюць:
Вера Бурлак за кнігу «Творы соннага жанру»
Віктар Марціновіч за кнігу «Сьцюдзёны вырай».

Сьпіс намінантаў за пераклады:
Алеся Башарымава з кнігай Тувэ Янсан «Капялюш чарадзея»
Марына Казлоўская з кнігай Чэслава Мілаша «Краіна Ўльра»
Марыя Пушкіна з кнігай Чэслава Мілаша «Даліна Ісы»
рэдакцыя часопіса «Прайдзісьвет» з кнігай Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці».

Ляўрэаты будуць названыя і атрымаюць узнагароды 14 сакавіка.

Да разгляду прымаліся дэбютныя кнігі аўтараў да 35 год, напісаныя і выдадзеныя па-беларуску цягам 2011 года.

Літаратурная прэмія «Дэбют» заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Яна штогадовая і ўручаецца за кнігі ў тых жанрах, у якіх тварыў Максім Багдановіч.

 

Валянціна Аксак, svaboda.org