“Не было, як было — а было, як напішам” — ЛеГАЛ аглядае 61-ы нумар "Дзеяслова"

Прамінуў яшчэ адзін год жыцця, у тым ліку і літаратурнага.

Для “Дзеяслова” ён таксама быў адметным. Былі выдрукаваны запамінальныя мастацкія творы. Можна ўспомніць раман Г. Далідовіча “Рурыкавічы і Рагвалодавічы”, аповесці А. Паплаўскага “Lapido” і Б. Пятровіча “Спачатку была цемра”, запісы “Знакі прыпынку” У. Някляева, цыкл мініяцюр “Абібокі” В. Казакова, вершы А. Разанава, А. Пашкевіча, А. Хадановіча, А. Брусевіча, А. Данільчык, А. Рудака, эсэ А. Тарановіча “Галопам па Еўропах”, В. Акудовіча “Нацыянальны канон: партытура для рэквіума”, гутарку М. Скоблы з паэтам І. Шклярэўскім…

А вось само жыццё беларускае па-ранейшаму было кволым і апатычным. Кіне хто апазіцыйны камень у настаялую палітычную ваду – пойдуць кругі, разыдуцца і зноў ціш і спакой… Глыбока ў самім нутры нашым, вядома, месцамі баліць, пячэ, турбуе, але ў цэлым сітуацыя нязменная. Адназначна, пацыент хворы, аднак спрабуе аказваць супраціў сваім уласным болькам, мацуецца як можа і па часе збіраецца акрыяць. Пакуль аніякай апакаліпсічнай думкі пра смерць. Хоць паўнакроўнае жыццё зноў адкладваецца на заўтра. А наша заўтра з нашага сёння заўжды бачыцца нам хоць і светлым, але ж надта далёкім. Таму, якім бы яно, у рэшце рэшт, ні наступала, азіраемся назад мы без шкадавання і настальгіі… Ну хіба толькі на ўласна пражытае жыццё.

Таму – з надышоўшым Вас чарговым Новым Годам!                                                             

А найбольш яркая і адметная публікацыя апошняга (61-га) нумара 2012 года, безумоўна, раман Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”. Гэта, пэўным чынам, сфакусіраваная панарама гарадскога мінскага жыцця перыяду хрушчоўскай адлігі з рэтраспектывай на зусім нядаўнія (2010) прэзідэнцкія выбары і разгон мітынгуючай Плошчы… Трэба сказаць, што прамінулая рэчаіснасць і мастацкая праўда ў творы балансуюць на хісткім канаце чалавечага выжывання. Аднак жа, дзякуючы таленту аўтара, захоўваюць раўнавагу. Галоўнае ў рамане, на мой погляд, не яго ідэйная глыбіня, а – дух часу, які, як вядома з Бібліі, “лунае там, дзе хоча”. Паэзію, джаз-музыку, моду, флёр, флірт, любоўныя жарсці ды ўсёбачнае вока КДБ – агулам увесь стыльны вобраз жыцця пачатку 1960-х аўтар ненавязліва, але не без заўважнасці для чытача прыцягвае да парасткаў тадышняга беларускага дысідэнцтва. Бальшыня герояў рамана маюць сваіх (у тым ліку жывых) прататыпаў (адзін з з іх Віл – Віктар  Ледзенеў – завяршае публікацыю сваім пасляслоўем). Твор чытаецца на адным дыханні. Знойдзены правільны рытм, удала расстаўлены акцэнты і паўзы, што і стварыла адпаведны і прыймальны для рамана стыль. Чытаючы, мне не раз падавалася, што гэта і не раман зусім, а – меладрама. Выдатная драматургія, а не проза. Бо і сам сюжэт сцэнічны, і дзеі ёмкія, і рэмаркі да месца, а дыялогі проста фенаменальныя. Абсалютна пастановачная рэч.                                                                                               

 “– Ты ведаеш, – раптам спыняецца Саламон Майсеевіч, – чаму я хачу, каб ятка стаяла менавіта на Нямізе, а не дзе-небудзь яшчэ? – І тлумачыць, не чакаючы майго адказу. – Бо ўсе ведаюць, што на Нямізе – гэта на Нямізе. А калі дзе-небудзь на Кастрычніцкай ці на Гастэла, дык кожны другі перапытае: гэта дзе? На Лекерта?

– А дзе гэта на Лекерта? – пытаю я, і Саламон Майсеевіч кажа:

– Дык на Кастрычніцкай і на Гастэла.

Я намагаюся ўцяміць, як такое можа быць, каб “на Лекерта” было адразу і на Кастрычніцкай, і на Гастэла, па розныя бакі Нямігі, але ўцяміць не магу, бо Косця Воран яшчэ не распавёў мне, што імя Гіршы Лекерта, які няўдала замахнуўся некалі на жыццё Віленскага генерал-губернатара фон Валя, называлася ў Мінску спачатку адна вуліца, цяперашняяя Кастрычніцкая, колішняя Ніжне-Ляхаўская, а пасля другая, цяперашняя Гастэлы, колішняя Правіянцкая.”

Вось так цягам усяго рамана чытач змушаны ўдасканальваць свой досвед адносна прамінулага ў дачыненнях з сучаснасцю, складваючы разрозненыя пазлы часу ў адну цэласную выяву беларускага жыцця…

Міжволі ўзнікае толькі адно шкадаванне, што праз лёгкасць і феерычнасць стылю нейк міжволі прападае глыбіня душэўнага ўспрыняцця і суперажывання і спакваля з’яўляецца насцярожанасць у абсалютным даверы аўтару… Асабліва ў звязку з па-за раманнымі афіцыйна-дакументальнымі дадаткамі, у тым ліку і з пасляслоўем Ледзенева. Складаецца ўражанне, што У. Някляеў гэтым хацеў як бы “застрахаваць” сваю аўтарскую біяграфічную непагрэшнасць… Ад каго і навошта? Бо, як бы там ні было, раман выдатны. І гэта галоўнае.

Паэма “Самалёт” Алеся Чобата – гэта гістарычна-філасофскі водгук самотнага скідзельскага лірыка на авіякатастрофу пад Смаленскам, у якой разам са шматлікай світай загінуў прэзідэнт Польшчы Качыньскі. Твор (бадай, як паэма ў класічным разуменні, да канца не акрэслены) прыцягвае ўвагу геапалітычнай абвостранасцю ва ўзаемасувязях Расіі-Беларусі-Польшчы і болевым парогам самога аўтара, дзе тонкія матэрыі суседнічаюць і ўступаюць у дачыненні (дыялог у часе) з матэрыямі прагматычнымі – адсюль, на мой погляд, крохкасць асноўнай тэзы і некаторых празаічных высноў паэта (дарэчы, радок з паэмы стаў назовам гэтага артыкула). Хоць нельга не пагадзіцца з паэтам, што пакуль толькі вялікія трагедыі змушаюць чалавека на запозненыя прызнанні і пакідаюць некаторыя спадзяванні на будучае агульнае ўзаемаразуменне:

 

“Бо жыць далей яму трэба –

не так, як “людзі жылі”! –

бо кожнага сваё Неба

чакае ў канцы зямлі.

Бо мала “хацець як лепей”,

каб выйшла – як ты хацеў,

і позна прасіць на Небе,

чаго на зямлі не смеў”.


Аповед Вінцэся Мудрова “Мех авечай воўны”, як заўсёды ў пастаяннага аўтара “Дзеяслова”, поўны гумару ды іроніі да савецкага часу, які ў беларусаў да гэтай пары па сутнасці застаецца нязменным, як, дарэчы, і яго нацыянальная ментальнасць. Яму роўна быў і ёсць“бацькам” і колішні першы сакратар абкама кампартыі, і сённяшні кіраўнік краіны.

“– Не, бляха, я цаліну на ДТ-54 разворваў, а ён дзевак у райкаме камсамолу ціскаў; я паехаў у самы адсталы раён сельскую гаспадарку ўздымаць, а ён у выканкаме дваццаць гадоў порткі праціраў. І цяпер гэты к-казёл будзе мне партыйныя вымовы выпісваць?! На амаралцы сёлета ўжо двое прагарэлі… Чуў, як ён ім на пленуме мараль чытаў?! А сам… – Халімон мімаходзь азірнуўся, суцішыў голас, – каханку сабе надыбаў.”

Каб быць “у курсе” – трэба чытаць высновы аповеда Мудрова: былі астравы авечыя – сталі аграгарадкі чалавечыя… Час беларусаў прыпыніўся ў вечнасці…

Вершы Віктара Жыбуля неардынарныя, як кажуць па-расейску: “из ряда вон”, зрэшты, тым і вылучныя. Аўтар ужо вядомы, ён чалавек адораны і ўніверсальны. Праўда, у дадзеным выпадку вершаў занадта шмат.

 

“Муза наадварот…

І натхняе яна ад адваротнага,

Натхняе падступна і жорстка,

Прымушаючы звярнуць увагу

На тое, што натхненне,

Аказваецца, бывае двух відаў:

Затхненне і растхненне

(ну, па аналогіі з зачараванасцю

І расчараванасцю).”


Пажадаем спадару Віктару адухоўленага натхнення дзеля чытацкай зачараванасці.

Нізка вершаў Ірыны Багдановіч – лірыка вандроўнай назіральніцы. Творчая паездка на шведскую выспу Готланд, у горад Вісбю вылілася ў “абразкі” натуралісткі. Дзякаваць Богу, ёсць тут вершы высокага палёту, але, на жаль, сустракаеццца і “справаздачная” прыземленасць.

Працытую ўпадабаныя радкі:

 

“У Visby чароўным жыву, а нібыта я ў Вільна,

Дарэчы, падобныя месцы па водарах даўных:

Не вулкі, дамы тут, а россып каменных пярлінаў –

Утульна-святлістых, у ружы пры ганках прыбраных.

У людзе тутэйшым – прыгожая стрыманасць продкаў,

Сурова-чароўнная Балтыкі вольнай пячатка.

О, як жа мне дыхнуць тут, думаць узнёсла-салодка!

О, як жа прыўкрасная неба й зямлі тут апратка!”


Чамусьці з прамінулага года многія пачалі “бэсціць” Паўла Касцюкевіча. А я вось з задавальненнем прачытаў яго апавяданне “Кава на дарожку” і зразумеў, што ў творчай біяграфіі Паўла здарыўся “часовы аблом” не таму, што ён кепскі пісьменнік (якраз наадварот), а таму, што яму пашчасціла атрымаць матэрыяльна важкую для Беларусі літаратурную прэмію Ежы Гедройца, застаючыся пры гэтым мужам самой Марыйкі Мартысевіч…  У тутэйшых так бывае…

Вершам Ірыны Хадарэнкі (з папраўкай на жаночую логіку) не зашкодзіла б доля самаіроніі В. Жыбуля. Пры ўсім тым сустракаюцца запамінальныя строфы:

 

Паміж пункцірамі дажджу,

Сярод шматкроп’я жвавых промняў

Свой вобраз шыфрам запішу,

Каб ты мяне калісьці ўспомніў.


Выдрукаваныя тры апавяданні Ігара Сідарука. Пад Новы Год, для шаснаццацігадовых і старэй, можа такі “літаратурны экстрым” і нястрашны… Аўтар з лірычнага пакутніка зноў вярнуўся да былых сваіх тэвээлаўскіх страшылак. Але, прызнаемся, што ёсць прыхільнікі і такой маніякальна-дэпрэсіўнай прозы. На фоне нашай жыццёвай аднастайнасці і гэтая проза была ўспрынята мной без асаблівых алергічных паследкаў…

Вершам майго земляка Ігара Канановіча не заўсёды хапае ўраўнаважанасці і гарманічнасці эмоцый і думак. Але там, дзе такі парытэт усё ж быў знойдзены, – праступаюць абрысы нязмушанай паэтычнай выявы:

 

Хай вабяць зноў магутных зорак галасы –

Не даспадобы мне сістэм трывалых межы.

Я – астэроід. Я – Сусвету блудны сын.

Я ў вечным пошуку. Жыву, а не залежу…


Казкі Марыны Яўсейчык вельмі арыгінальныя, але прыземленасць і народная мудрасць былі б ім не лішнія. Надта ўжо яны “адвязаныя” ад лагічных парасткаў жыцця. Аднак цікава будзе назіраць за далейшым творчым ростам адоранай дваццацігадовай літаратаркі.

У 57 нумары “Дзеяслова” ўжо друкавалася трагедыя Эўрыпіда “Медэя” ў перакладзе Л. Баршчэўскага. У гэтым нумары публікуецца твор гэтага ж антычнага аўтара “Бакханкі” ў перакладзе беларускага музыколага Юльяна Дрэйзіна. І тады пісаў і цяпер паўтару, што да любой славутай спадчыны трэба адносіцца з беражлівай павагай. Але лепш было б, каб абедзьве трагедыі былі выдадзены асобнай кніжкай, бо літаратурны перыёдык павінен найперш аддаваць свае старонкі для твораў сучасных літаратараў (часопісаў у нас не густа, ды і выходзяць яны не часта). І абсалютна правільна піша ў прадмове да гэтай публікацыі Л. Баршчэўскі: “Хочацца спадзявацца, што апублікаваная нарэшце праца Юльяна Дрэйзіна, аднаго з першых класікаў беларускага літаратурнага перакладу ХХ стагоддзя, выкліча зацікаўленасць тых, каму неабыякавае беларускае слова, а можа, і апынецца на працоўным стале рэжысёраў сучасных беларускіх тэатраў”. Я думаю, з апошняй фразы гэтай цытацыі і трэба было пачынаць.

Запісы Валерыя Гапеева пра армейскую службу ў савецкім войску (другая палова 1980-х) нічым асаблівым не вызначаюцца ад таго, што калісьці я перажыў сам і чуў ад іншых. Але ў Гапеева ўспаміны спецыфічныя сваім адметным стылем, гэта значыць, літаратурна апрацаваныя. А занатоўка пра Назгуль і ўвогуле выцягвае на паўнавартасны мастацкі аповед.

Публікуецца працяг арыгінальных лірычна-філасофскіх мініяцюр вядомага пісьменніка Валерыя Казакова “Абібокі”. Да прыкладу, такое, прыдатнае сучасным беларусам: “Шануйце ноч, бо ўначы жыццё праходзіць міма нас”.

Эсэ “Пазыка ў спадарыні вечнасці” Рыгора Сітніцы – гэта штрыхі да творчага партрэта вядомага сучаснага мастака Уладзіміра Савіча. Гэтым разам мастак малюе вобраз свайго таварыша і калегі словам – і атрымліваецца вельмі ўдала, пазнавальна і загадкава…

Шырока заяўлена ў нумары крытыка, што важна для літаратурнага працэсу. Прычым тут вычэрчваюцца своеасаблівыя крыжаванкі. Сяргей Кавалёў разважае  пра раман А. Клінава “Шалом”, а Марыя Палякова – пра п’есу “Інтымны дзённік” С. Кавалёва. Леанід Галубовіч піша пра кнігу вершаў польскага паэта Яна Твардоўскага “Разам з табою”, а Ірына Шаўлякова – пра зборнік вершаў Л. Галубовіча “З гэтага свету”… У гэтым жа раздзеле Сяргей Вераціла дзеліцца сваімі ўражаннямі ад першай паэтычнай кніжкі С. Сыса “Стрэмка”, а жонка С. Сыса, паэтка Галіна Дубянецкая – пра кніжку ўжо вышэй намі згаданай І. Багдановіч “Душа лістападу”… Займальна, скажу я вам, і, месцамі крэатыўна (спецыяльна звяртаю ўвагу на гэта спадара Яна Максімюка)…

Рубрыка “Дзеяпіс” скіруе ваш досвед у бок новых літаратурных выданняў.

Прыемнага вам дзеяслоўнага чытання ў новым – 2013 – годзе!

 

ЛеГАЛ, Літаратурная Беларусь № 77