Не стала Генадзя Бураўкіна. Развітанне з паэтам адбудзецца 31 мая
Пра гэта паведаміла жонка паэта Юлія Якаўлеўна.
Апошнія месяцы Генадзь Мікалаевіч змагаўся з анкалагічнай хваробай.
Развітанне з паэтам адбудзецца 31 мая з 11.30 у мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4). Пахаванне -- на Усходніх могілках у Мінску.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1968 года – карэспандэнтам «Правды» па БССР, з 1972 года – галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», у 1978—1990 гг. — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні й радыёвяшчанні. З'яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990—1994). З 18 сакавіка 1994 года быў намеснікам культуры і друку Рэспублікі Беларусь.
Аўтар дзясяткаў паэтычных кніг, пісаў таксама для дзяцей. Пакінуў найбагацейшую песенную спадчыну: на вершы Генадзя Мікалаевіча выконваецца шмат папулярных кампазіцый («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і многія іншыя).
На "Калыханцы" спадара Генадзя выхавалася не адно пакаленне беларусаў.
Выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя» (1974, сумесна з Уладзімерам Халіпам і Фёдарам Коневым).
Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.
Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР X і XI скліканняў (1980—1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця Закону аб мовах. Быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны. У 1995—2001 працаваў у часопісе «Вожык».
Сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра, Сустаршыня Усебеларускага з'езду за Незалежнасць (2000), Сябар Рады беларускай інтэлігенцыі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980).





Злева направа: скульптар Генадзь Буралкін, Уладзімір Мулявін, Генадзь Бураўкін і скульптар Станіслаў Ларчанка ў Нью-Ёрку.
Змястоўны матэрыял і болей архіўных фота на сайце Еўрарадыё.
Сябры, прыхільнікі і калегі ўспамінаюць паэта.
Сяргей Шапран: Выйдзе кніга апошніх вершаў Генадзя Бураўкіна.
Смуткуем і выказваем спачуванні блізкім Генадзя Мікалаевіча...
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"