«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)

Апроч сустрэчы з чытачамі, якая імкліва набыла статус “солд-аўт”, спадар Лу сустрэўся з беларускімі калегамі, абмеркаваць выдавецкую дзейнасць у нас і ў Нарвегіі. На сустрэчу прыйшлі Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Віктар Марціновіч, Людміла Рублеўская, кампазітар і кінапрадзюсар Дзмітрый Фрыга і іншыя прадстаўнікі літаратурнага бамонду.

Мы сабралі некалькі тэзаў Эрленда Лу, якія пачулі ў дыялогу нарвежца з беларускімі калегамі.

Пра стаўленне да беларускай літаратуры

Спачатку я спытаўся, чым беларуская літаратура адрозніваецца ад рускай, мне патлумачылі, што розніца як паміж нарвежскай і шведскай. Магчыма, я і чытаў беларускіх пісьменнікаў старэйшай генерацыі, на вялікі жаль, з сучаснымі тэкстамі не знаёмы. Аднак вельмі здзівіўся, калі ўбачыў імя Гіёма Апалінэра ў спісе беларускіх пісьменнікаў: як выявілася, ён паходзіць з Беларусі.

Пра асаблівасці кнігавыдання ў Нарвегіі

У нас шмат пісьменнікаў маладой генерацыі, якія вельмі якасна пішуць. Пры гэтым краіна добра падтрымлівае літаратараў, вымушаючы нас тым самым пісаць далей. Кожная кніга, якая выходзіць у свет, адразу набываецца ў колькасці тысячы асобнікаў для кнігарняў і бібліятэк. То бок кожны пісьменнік мае гарантаваную колькасць прададзеных асобнікаў. Насамрэч Нарвегія — не найгоршае месца на Зямлі, каб быць пісьменнікам.

Пра “сусветнае раздзяленне тэмаў”

(адказ на пытанне Віктара Марціновіча, “ці ёсць такія тэмы, якіх сусветны рынак чакае ад нарвежскіх пісьменнікаў, як чакае ад беларускіх літаратараў кніг пра жыццё ў постсавецкіх рэаліях”)

У нас вельмі мала інфармацыі пра Беларусь, шмат хто не знайшоў бы вашу краіну на мапе. Вы, зразумела, можаце пісаць пра што заўгодна, але нашы чытачы будуць меркаваць так: ага, пісьменнік з Беларусі, а ці ёсць у вас тэмы, на якія нельга пісаць, ці ёсць нешта ў краіне, што падпадае пад забарону?
Што да скандынаўскай літаратуры, то такі комплекс тэмаў таксама ёсць: небяспека жыцця на Поўначы, рыбалка ўзімку, цяжкая зіма, падзенне за борт лодкі, доўгая дарога ад вёскі да вёскі. Ад нас часцяком чакаюць менавіта гэтага, але я абраў іншы шлях.

Пра стыль працы

Я пішу на інтуітыўным узроўні, рэдка бывае, што сядаю і пачынаю наўмысна пісаць. Я хутчэй імправізатар, мне вельмі падабаецца гуляцца з мовай і падчас гэтай гульні губляць кантроль. Пісьменства для мяне — своеасаблівае святкаванне свабоды, асалода ад працэсу.

Як выдаць першую кнігу

Свой першы раман я адправіў у выдавецтва і атрымаў ананімны водгук, непрыемны. Такую крытыку ўспрымаць не хацелася, таму я адправіў рукапіс у іншае выдавецтва, дзе яго прынялі. Першы выпадак, калі дзверы закрылі проста перад носам, я ўспрыняў лёгка. У нас сістэма такая, што маладыя пісьменнікі ведаюць пра згаданую вышэй тысячу копій, ведаюць, што на кнізе шмат грошай не страцяць, таму працягваюць дасылаць рукапісы ў розныя выдавецтвы. Сістэма харошая, але часам падаецца, што кніг, можа, нават і зашмат. А з якасцю рукапісаў — як з якасцю цыгарэт: кожны хоча курыць добрыя цыгарэты, але не перакаштаваўшы ўсе, ніколі не зразумееш, якія з іх найлепшыя.

Пра краўдфандынг для літаратараў

Я б не сказаў, што гэта папулярны спосаб выдаць кнігу. Прынамсі, калі гэта модна, то да мяне такая мода яшчэ не даходзіла. У нас ёсць розныя выдавецтвы, у прыватнасці тыя, якія займаюцца эксперыментальнай формай — надзвычай кароткімі кнігамі і гэтак далей. Кожны знойдзе сваё.

Мікалай Левертаў, фота – Віка Трэнас, budzma.by