Непрыдуманая літаратура ў Беларусі і Еўропе: круглы стол з удзелам аўстрыйскага пісьменніка Марціна Полака

У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі нядаўна створанай секцыі непрыдуманай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў: Наталля Гардзіенка, Сяргей Тарасаў, Сяргей Харэўскі, Андрэй Аляхновіч, Сяргей Макарэвіч, а таксама Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Валянцін Акудовіч, Павал Касьцюкевіч, Ігар Логвінаў.

Марцін Полак

Спецыяльна запрошаны госць аўстрыйскі пісьменнік і перакладчык Марцін Полак распавёў пра адметнасці сваёй творчасці ў галіне непрыдуманай літаратуры, а таксама пра асаблівасці гэтага напрамку ў Аўстрыі, Нямеччыне, Польшчы. Беларускія ўдзельнікі спрабавалі вызначыць, што з’яўляецца адметным для беларускай літаратуры нон-фікшн, і чаго ёй не хапае. Сярод тэматычных напрамкаў, выданняў у якіх не стае айчыннай непрыдуманай літаратуры, былі адзначаныя: сацыяльная літаратура, біяграфічная, кнігі па мікрагісторыі, гісторыі сям’і, працы, што па-новаму, з пазіцыі простага жыхара асэнсоўваюць Другую сусветную вайну, творы, прысвечаныя жыццю беларускага габрэйства і інш.

Валянцін Акудовіч

Вера Дзядок і Марцін Полак

Абмен думкамі адносна праблем і перспектыў беларускай і еўрапейскай непрыдуманай літаратуры засведчыў наяўнасць рознага разумення самой сутнасці гэтай літаратуры, аднак агульнасць пераканання ў неабходнасці развіцця яе ў Беларусі, у тым ліку і для таго, каб зрабіць нашую краіну больш зразумелай і для Заходняга свету.

Ул. інф. секцыі непрыдуманай літаратуры СБП.

Фота Аляксандра Назарчука, © Goethe-Institut Minsk