Невыносна, і даруй, Рыгор: Уладзімір Някляеў пра смерць Барадуліна

Рыгор Іванавіч Барадулін

Рыгора Барадуліна не стала…
Беларусь страціла найвялікага свайго паэта… 
Найгоднага сына… 
Нацыянальнага генія…

Некалі я напісаў яму на кубку, падараваным на дзень народзінаў:

Атруту часу піць —
Не мёд на бараду ліць.
Дай Божа вечна жыць
І вечна барадуліць!

Не выйшла вечна… Фізічна не выйшла… Але ён стварыў несмяротную паэзію - і ў ёй, у несмяротным беларускім слове, у несмяротным беларускім духу Барадулін будзе вечна. 

Яго не стала ў Даравальную нядзелю… 

Даруй, Рыгор… Мне, тваім неабачлівым сябрам, разумнікам і дурням, беларусам, якія аглухла не чулі цябе, прарока праўдзівага, а слухалі прарокаў ілжывых, - усім нам даруй…

А калі некаму й не даруеш, дык што ж — ты меў заўсёды на тое права зямное, а цяпер маеш і права нябеснае…

Мне нясцерпна будзе не хапаць цябе… Невыносна…

Уладзімір Някляеў, facebook.com