Невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча прэзентаваныя ў Мінску

Фото предоставлено сотрудниками Музея Богдановича

Зараз фонд музея папоўніўся трыма аўтографамі. Першы – дарчы надпіс Багдановіча свайму сябру на зборніку “Вянок”: “Мікалаю Пятровічу Дружыніну ад аўтара”. Гэты рукапіс знайшлі ў Яраслаўлі, дзе працаваў паэт у газеце “Яраслаўскі голас”. 

Другія два аўтографы знайшлі дзякуючы навіне ў інтэрнэце, што Цэнтральны літоўскі архіў апрацаваў беларускі фонд і адкрыў для карыстання. Сярод пералічаных матэрыялаў проста значылася: два аўтографы Багдановіча ў рэдакцыю газеты “Наша ніва”. У выніку музей атрымаў высакаякасныя фотакопіі арыгіналу (зразумела, сам аргыгінал музей не аддасць). У 80-я гады музеі перадавалі адзін аднаму толькі ксеракопіі. 

“Знаходка можа здацца звыклай справай, але для тых, хто ўмее шанаваць, гэта сапраўдная падзея. Гэта сведчыць, што не трэба спыняць пошукі”, - сказаў Анатоль Бутэвіч, які піша пад псеўданімам Максім Валошка, і заклікаў музейных супрацоўнікаў не складаць рукі.

Самі супрацоўнікі музея лічаць, што знаходкі стануць фундаментам па ўдасканаленні працы па творчасці Багдановіча. Навукоўцы больше за 70 год шукаюць рукапісны архіў з 14 папак, сабраны Акадэміяй навук Беларусі падчас падрыхтоўкі першага акадэмічнага выдання твораў Максіма Багдановіча. Архіў знік у часы Другой Сусветнай вайны, і дагэтуль незразумела, дзе ён. Ёсць версіі, што яго вывезлі ў Германію. Так што архівістам і музейным супрацоўнікам яшчэ ёсць пра што марыць. 

Рукапісная спадчына Багдановіча раскіданая па ўсім свеце. Вядома 88 адзінак рукапісаў, 30 з якіх знаходзяцца ў Мінску ў музеі. Каб аб’яднаць усе знаходкі, галоўны захавальнік музея Людміла Сасонка працуе над электронным каталогам рукапісаў Максіма Багдановіча.

Фото предоставлено сотрудниками Музея Богдановича

tut.by