Незабыўны паэт Віталь Гарановіч

Здаецца, ён кажа мне:

Дажджы палеткі прамыюць

І шыбы ў родным акне.

Глядзі ў прастору, Марыя,

Звіні на думнай струне.

Звіні, паэтка, у неба –

Пачуе, мабыць, хто-небудзь.

На белым свеце няма мяне.

Там ці сумуюць, ці не?

Калі б я жыў – закружыў

Вырай у небе веснім

Песняй…

Пра Саракі.


Сумуем, помнім. Памяць чуе голас брата. І таксама чуе голас Віталя Гарановіча. Я з ім гаварыла пра тугу, пра свой стан душы, пра што не магла пагаварыць з іншымі. Ён слухаў і разумеў. У віры рознага смутку, які выпаў на маю душу, не паспела забраць з рук Віталя кнігу “Нараджэнне вады” і сказаць яму, ад сябе, свайго зроку, успрымання, захаплення, пра ягоны метафарычны талент. Чалавеку трэба гаварыць хвалу, прызнанне жывому. І ствараць удзячнасць Богу за нас на белым свеце. Бо белы свет – нам падарунак, і мы нешта значым для Творцы і з’яўляемся падарункам сваёй чалавечай грамадзе. Калі жывём зацікаўлена, удзячна, шчодра і светлазычліва.

Віталь Гарановіч меў захапляльную душу. Быў чалавекам працы, шанавання, узіральнасці, слова. Быў гаспадар свайго дому. Ён – працаўнік на ніве беларускай асветы, асветы родным словам. Паэт, які рос, дакранаючыся да ўсіх граняў працоўнага чалавечага жыцця. І душой рос, дакранаючыся да неба зямнога. Ён назіральны. Яго іскрынка, дадзеная звыш, заўсёды разгаралася ад старання душы, праз думку выяўлення. І праз разумны давер таксама.

З рукапісам “Саракі” Віталь звярнуўся да мяне як да стылёвага рэдактара. І што цікава? Прыняў усе мае праўкі, скарачэнні (у мяне верш, звычайна, кароткі). Не згадзіўся толькі з адной заўвагай, дзе, відаць, хацеў даць вобраз раздолля. У гэтым яго даверы хавалася відушчая згода. Бо заўсёды майстру трэба нехта другі. Каб пачытаў і заўважыў.

Працаўнік Гарановіч, знаходнік, закаханы ў Божыя цуды белага свету, ствараў такія простыя і нечаканыя вобразы. Ён быў каштоўным настаўнікам для вучняў. І для паэтычнага чытача скарбам для захаплення.

Сёння я чытаю “Нараджэнне вады”. У гэтай апошняй кнізе паэт застаецца нашай любоўю ў пейзажнай лірыцы. Надзвычайны метафарыст, трапны параўнальнік, думнік, вынаходнік радкоў. Ягоныя субяседнікі – неба, зямля,вецер, трава-раса, туман, сонца, поўня, пчала, птушка, конь, радзіма, гарады і таварыш палкоўнік Тамара Пятроўна з “Незабыўнага”…

Ёсць вершы – суцэльныя, цудоўныя метафары, у якіх адлюстроўваецца здзіўленне светам прыроды. Ачалавечаныя вобразы лагодзяць чытача, які адчувае ягонае “сонца, як гаючы крэмень”, хоць і “ступіць восень у прыроду з маладзіком на галаве”. Паэт ведае, што конь “на расу ўпадзе світаннем, каб прызабыцца моцным сном”, што пчала “да крыльцаў немачных… працуе без аглядкі”, дуб, “самотны прыгажун, за лета восень прымае… Над ім запознена пярун маланкай неба расшывае”. А “ручай, як яйка птушаня, праклюнуў шкарлупу-ільдзінку”. І што “туманы, як слімакі, да ўзгорка шчыльна прыліпаюць”. І пры ўсім лірызме паэт Гарановіч хвалебна, ганарова пяе славу Радзіме (“Дзве Радзімы”). Размашысты ў радках, шчодры ў фарбах хвалы (услаўленне беларускіх гарадоў, роднага Маладзечна і Глыбокага). Пра Нясвіж кажа:

 

Ты на зямлі спусціўшымся анёлам

Здаешся вечна вернікам, Нясвіж.

 

Замілавана гіпербалізуе, узвышае ўсё, што ў воку. Яно становіцца аб’ёмным, буйным ад захаплення душы.

Напоўнены думкай увесь лірычна-філасофскі верш “Па формуле вечнасці”, дзе “крынічка, нібы сэрца, пад дажджом халодным б’ецца”.

Віталь Гарановіч у вершах рамантычна-ўзнёслы, аб’ёмны, маляўнічы і жыццярадасны.

 

Душа ягоная, здаецца мне, у высі,

Дзе прамянёў святла не затушыць.

Падняў сыноў. І вершы засталіся

Для новай захапляльніцы-душы.

 

Марыя Баравік, для lit-bel.org

На здымку: Віталь Гарановіч. Фота westki.info