"Незваротны шлях" Міколы Сянкевіча

24 траўня ў Брэсцкай цэнтральнай дзіцячай біліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзентацыя новай кнігі прозы Міколы Сянкевіча "Незваротны шлях". 

Павіншаваць  сябра з выхадам кнігі на вечарыну завіталі калегі пісьменніка: Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Лявон Валасюк, Леанід Філатаў, старшыня Брэсцкага аддзялення СБП Іван Мельнічук. У сваіх выступах усе прысутныя далі высокую ацэнку мастацкай вартасці кнігі, засяродзіўшы ўвагу на яе жыццёвай праўдзівасці, дакладнасці псіхалагічнага характару герояў, стылёвым  майстэрстве і моўнай чысціні аўтара.

Адзінае, аб чым пашкадавалі ўсе выступоўцы — гэта мізэрны наклад выдання — усяго 90 паасобнікаў. Гэты факт гучна дысаніраваў з нядаўна абвешчаным на дзяржаўным узроўні рашэнні лічыць 2012 год — Годам беларускай кнігі. На вялікі жаль, па-ранейшаму і творчы, і фінансавы клопат па выданні кніг ляжыць не на дзяжаве, а на самім аўтары." Калі сітуацыя ў бліжэйшы час не зменіцца, то мы можам апынуцца на "незваротным шляху" да знікнення беларускай кнігі і беларускай літаратуры ў цэлым"...— адзначыў у сваім выступе намеснік старшыні СБП Эдуард Акулін.

 

СБП