Незвычайная прэзентацыя ў Полацкім каледжы

Сустрэча праходзіла ў форме пазакласнага мерапрыемства, на якім навучэнцаў пазнаёмілі з творчасцю віцебскай пісьменніцы, у прыватнасці,  з яе гумарыстычнымі апавяданнямі.

Вялі прэзентацыю Алена Юнцэвіч, Анастасія Броўка, Наталля Станюш, Яна Церахава, Святлана Дзёмка, Кацярына Красноўская і Дар’я Чарнавок, Вольга Сініца, Аліна Лебедзева, Анастасія Рудзік.

Да літаратурнай імпрэзы юнакі і дзяўчаты падрыхтаваліся грунтоўна. Яны не толькі прачыталі кнігу Стасі Наркевіч, але і прааналізавалі праблематыку гумарэсак, мастацкія асаблівасці, вызначылі творчы почырк пісьменніцы. Амаль кожны з навучэнцаў мог падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным, расказаць пра самыя цікавыя, з яго пункту гледжання, эпізоды, некторыя з якіх былі інсцэніраваны.

Маладыя і таленавітыя акцёры Вольга Паўлоўская, Ірына Бычкова, Іна Яжова, Таццяна Мыслівец, Алёна Язёнак, Марыя Штукіна, Ганна Свярдлова, Аксана Кліманская, Ніна Ляшкевіч з лёгкасцю пераўвасобіліся ў герояў апавяданняў кнігі і сваёй ігрой узнялі настрой усяму залу.

“Смех – найлепшыя лекі. Прычым… бяплатныя. Смейцеся, людзі, на здароўе”,  — раяць народная мудрасць і Стася Наркевіч. І ў той вечар сапраўды смяяліся ўсе: ад навучэнцаў да педагогаў і працаўнікоў адміністрацыі каледжа, якіх сабралася поўная зала.

Напрыканцы сустрэчы навучэнцам былі прапанаваны творчыя заданні: адгадаць, якім апавяданням належаць канкрэтныя цытаты пісьменніцы, суаднесці прапанаваныя народныя выслоўі з тымі ці іншымі творамі Стасі Наркевіч.

Але найбольш даспадобы навучэнцам прыйшлося заданне перакласці на беларускую мову загадзя пераствораныя рускамоўныя назвы гумарэсак.

На працягу ўсёй імпрэзы кожны ахвотны мог задаць госці Стасі Наркевіч пытанні як пра яе літаратурную творчасць, так і пра рэдактарскую працу ва ўніверсітэцкай газеце “Мы і час”.

І хоць вечарына доўжылася больш за гадзіну, навучэнцы і выкладчыкі не хацелі адпускаць пісьменніцу.

 

Ул. інф. Віцебскага абласнога аддзялення СБП,

На здымках: Падчас правядзення прэзентацыі ў Полацкім каледжы.

Здымкі з архіва Віцебскай філіі.