Ніколь Любіч: "Працэс напісання — змаганне з самім сабой"

Учора, 7 лютага, у Інстытуце імя Гётэ для навучэнцаў Школы маладога пісьменніка, якая дзейнічае пры СБП, прайшла лекцыя нямецкага пісьменніка Ніколя Любіча. Прадставіў госця Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску, спадар Франк Баўман. Перакладчыкам сустрэчы стала Вера Дзядок.

Ніколь Любіч

Спадар Франк павітаў усіх прысутных і распавёў пра тое, што ўпершыню пазнаёміўся з творчасцю Ніколя Любіча дзесяць гадоў таму, калі прачытаў ягоны першы твор “Раман пра радзіму, ці Як мой бацька стаў немцам”.   

Ніколь Любіч, пісьменнік з Германіі харвацкага паходжання, нарадзіўся ў 1971 годзе ў Заграбе ў сям’і інжынера-авіятэхніка, дзіцячыя гады правёў у розных краінах — Швецыі, Грэцыі, Расіі і Германіі. Пасля атрымання адукацыі па спецыяльнасці паліталогія ён працуе пісьменнікам і журналістам у Берліне. У якасці пазаштатнага карэспандэнта супрацоўнічае з выданнямі Die Zeit, Süddeutsche Zeitung і часопісам Geo. За свае рэпартажы Ніколь Любіч неаднаразова атрымліваў прафесійныя ўзнагароды і прэміі.

Франк Баўман і Ніколь Любіч

Ніколь Любіч прызнаўся, што журналістыка — прафесія яго мары, праўда, ёсць і пэўныя складанасці: па-першае, лічыць Ніколь, журналіст абавязаны заўжды казаць праўду, нават калі яна яму самому не падабаецца; па-другое, ён мае адказнасць перад тым чалавекам, перад той медыйнай асобай, пра якую піша і партрэт якой стварае для шырокага кола чытачоў.

 

Кнігі ў Нямеччыне: займальная статыстыка

У першай частцы сустрэчы пісьменнік прачытаў лекцыю пра выдавецкую справу ў Нямеччыне, пра асаблівасці прафесійнай рэалізацыі нямецкіх пісьменнікаў і спосабы раскруткі кніг.

У Германіі на 82 мільёны насельніцтва — 10 тысяч выдавецтваў. У 2010 годзе выйшла 95 тысяч кніг, сярод якіх траціна належыць белетрыстычным раманам. Суадносна, і аўтараў, якія пішуць раманы, вельмі шмат. Канкурэнцыя настолькі вялікая, што толькі адзінкі дасягаюць поспеху, як, напрыклад, малады пісьменнік Даніэль Кельмэн і яго бестселер “Вымярэнне свету”. У Германіі прадалося 2 млн асобнікаў гэтай кнігі, а ў свеце 6 млн. Гэта шчаслівы вынятак. Сярэднестатыстычна нармальным лічыцца наклад кнігі ў 1000-1500 асобнікаў.

Сам Ніколь Любіч пачаў працаваць журналістам на радыё Брэмен, калі яму было 18, а свой першы раман выдаў у 28 гадоў. Дарэчы, сярэдні ўзрост, калі нямецкія літаратары выдаюць першую кнігу, — 20-25 гадоў, адзначыў Ніколь.

З тысячаў нямецкіх пісьменнікаў толькі паўтары дзясяткі сапраўды багатыя, каля сотні забяспечваюць сябе выключна літаратурай, а астатнія, якіх большасць — зарабляюць на жыццё, прыкладам, журналістыкай, а пісьменніцтвам займаюцца паралельна. Гэта тлумачыцца, як кажа спадар Любіч, “эканамічнай цэнзурай”. І калі твая першая кніга добра прадавалася, не факт, што так жа будзе прадавацца другая.  

Спосаб існавання нямецкага пісьменніка — ганарары ад выдавецтваў, розныя літаратурныя фонды і стыпендыі, на якія можна падаць заяўку, а таксама выступленні, што аплочваюцца. Важна для маладога аўтара атрымаць літаратурную прэмію — іх у Германіі ажно 1200. Вельмі прэстыжным лічыцца патрапіць, напрыклад, у лонг-ліст Нямецкай кніжнай прэміі, заснаванай у 2005 годзе, бо гэта выклікае шырокі грамадскі рэзананс. Намінаваныя кнігі пачынаюць актыўна прадавацца, кажа па сваім уласным досведзе Ніколь Любіч.

У Германіі выдавецтвы маюць практыку выплочваць за прыняты рукапіс гарантаваны ганарар, аванс, які вагаецца ў межах ад 2 да 20-30 тысяч еўра. Праўда, калі кніга не будзе прадавацца, то наступны раз выдаўцы могуць ужо і не прыняць новы твор няўдачлівага аўтара.

 

Законы шоў-бізнесу працуюць і ў кнігавыдавецкай справе

Літаратурная крытыка, нават самая станоўчая і надрукаваная ў масавых выданнях, больш не дапамагае прасоўванню кніг. Нашмат больш эфектыўным з’яўляецца тэлебачанне, удзел у ток-шоу. Ёсць і яшчэ адзін спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу — стварыць скандал, як Крысціян Крахт, якога называюць прадстаўніком неафашызму. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі, напісаныя знакамітасцямі — музыкамі, акцёрамі. Ніколь Любіч распавёў, што выдавецтва, з якім ён супрацоўнічае, выкупіла ліцэнзію на аўтабіяграфію Арнольда Шварцнэгера. Кніжную выставу, дзе прэзентавалася гэтая кніга, давялося абараняць ад натоўпу фанатаў.

Тэмы, якія патрапляюць у мэйнстрым сучаснай нямецкай літаратуры, на погляд Ніколя Любіча, наступныя:

—     Раманы пра падзел Германіі, якія пішуць збольшага немцы-ўсходнікі;

—     Раманы на гістарычную тэматыку, аповеды пра яркіх гістарычных постацей;

—     Кнігі аўтараў ненямецкага паходжання (да якіх, дарэчы, адносяць і самога Ніколя), тэма культурнай ідэнтычнасці і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

 

Якасць — гэта ад пакутаў

Менавіта такім быў дэвіз у Школе журналістаў у Гамбургу, дзе вучыўся спадар Любіч.

“Навошта вы пішаце? — запытаўся пісьменнік у наведнікаў Школы. — Мне гэта ніколі не прыносіла задавальнення. Працэс напісання насамрэч — змаганне з самім сабой, вельмі пакутлівае”.  

У другой частцы вечара пісьменнік распавёў пра свае кнігі, пра тое, як у яго адбываецца працэс напісання рамана. Шмат гаворкі было пра твор “Марская ціша” (2010), дзе Ніколь расказвае пра судовы працэс над сербскім ваенным злачынцам Златкам Шымічам. Апраўдаць ці абвінаваціць злачынцу – вырашаюць суддзі. Аднак што такое віна і адказнасць? Хто з’яўляецца злачынцам, а хто ахвярай? Ці можа злачынца таксама быць ахвярай альбо ахвяра ператварыцца ў злачынцу? Адказ на гэтыя пытанні спрабуе знайсці Роберт, якога лёс звязаў з дачкой Шыміча.

Сакрэты творчага майстэрства лагічныя і сведчаць пра сур’ёзнае стаўленне пісьменніка да сваёй справы. Спершага выбар тэмы, якая магла б высвечвацца ў агульнасацыяльным сэнсе праз лёсы асобных персанажаў. Пасля — збор матэрыялаў, падрыхтоўка фактуры, пошук неабходных дэталяў — таго, што будзе выказана ў мастацкай форме. Напісанне першага сказа найбольш пакутлівае для Ніколя Любіча, а першая старонка з’яўляецца ў 50-60 (!) варыянтах. Галоўны крытэр для кнігі — чытэльнасць і… адкрытая развязка. Чытач мусіць застацца заінтрыгаваным.

Напрыканцы сустрэчы Ніколь Любіч расказаў пра свой новы твор.

Прэсавая служба СБП, фота АУ