Ніл Гілевіч (30.09.1931 – 29.03.2016)

Паэт нарадзіўся 30 верасня ў вёсцы Слабада на Лагойшчыне ў сялянскай сям'і. У 1938 годзе пачаў вучыцца ў вясковай сямігодцы, але школьныя заняткі надоўга перапыніла вайна. З роднай вёскі пайшоў вучыцца ў Мінск, дзе набыў адукацыю настаўніка ў педадагічнай вучэльні, а ў 1956 годзе скончыў і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ужо ў студэнцкі час Ніл Гілевіч выбраў сабе жыццёвую дарогу, якая вызначыць ягоны творчы лёс: літаратурная і навукова-педагагічная. Надрукаваўшы першыя вершы яшчэ ў 1946 годзе ў часопісе “Бярозка”, ва ўніверсітэцкія гады ён актыўна ўключаецца ў літаратурны рух, публікуе творы ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Маладосць”, “Вожык”. У 23 гады студэнт-філолаг Ніл Гілевіч становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1957 годзе выходзіць першая ягоная паэтычная кніга “Песня ў дарогу”. З гэтага часу Ніл Гілевіч становіцца жаданым госцем у рэдакцыях літаратурных выданняў і выдавецтвах мастацкай літаратуры: за 70 гадоў творчай працы Ніл Гілевіч выдаў каля ста кніг паэзіі, перакладаў, крытыкі і публіцыстыкі. У 1980 годзе за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць Ніл Сымонавіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Ён таксама ўзнагароджваўся ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францішка Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Адначасова з літаратурнай працай, Ніл Гілевіч шмат працуе ў галіне літаратуразнаўства, адкрываючы нанова паэзію 1920-х гадоў. Яго манаграфія “Акрыленая рэвалюцыяй (паэзія “Маладняка”)” становіцца асновай кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 1963 годзе. У той жа час увагу яго прыцягвае навуковае вывучэнне беларускага фальклору, якому прысвечаны кнігі “Паэтыка беларускай народнай лірыкі”, “Паэтыка беларускіх загадак”. З 1960 года Ніл Сымонавіч – выкладчык, з 1968-га дацэнт, з 1978-га – прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: выкладчык фальклору, кіраўнік фальклорнымі практыкамі, дыпломнымі і кандыдацкімі працамі студэнтаў і аспірантаў. Ён жа ўкладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працаваў Ніл Гілевіч і ў галіне перакладу, і стаўся найгалоўнейшым папулярызатарам балгарскай літаратуры ў Беларусі. У яго перастварэнні з балгарскай выйшлі творы П. Вежынава, С. Даскалова, Н. Вапцарава,  Хр. Радзеўскага, Г. Джагарава,  Л. Леўчава, Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава, зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965) і інш. Перакладаў таксама з рускай, славенскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай моваў.

Шмат гадоў паэт прысвяціў кіраванню рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыяй. У 1976-1990 гг. ён член прэзідыума, у 1980-1989 гг. – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў. У гэты ж час Ніл Сымонавіч становіцца адным з самых прыкметных публіцыстаў, талент ягоны на поўную моц раскрываецца ў час перабудовы і свабоды слова, у час паўставання незалежнасці. Ён адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989-1997). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 г. абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. З чэрвеня 1990 г. – старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Ніл Гілевіч – адзін з асноўных творцаў закона “Аб мовах”, які надаў рэальны дзяржаўны статус беларускай мове і спрычыніўся да актыўнай беларусізацыі ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця незалежнай Беларусі ў першай палове 1990-х гадоў.

У другой палове 1990-х, пасля змены палітычнага курсу і знішчэння заваёваў часу беларусізацыі, Ніл Гілевіч шмат выступаў у незалежным друку ў абарону беларускай мовы і культуры, быў сталым аўтарам часопіса “Дзеяслоў”, газетаў “Народная воля”, “Літаратурная Беларусь”. За сваю пенсію, без дапамогі дзяржавы, ён выдаў 23 тамы збору твораў, апошні том якога выйшаў у 2013 годзе.

Ніл Сымонавіч пражыў насычанае, поўнае грамадскай і творчай працы жыццё, ён цалкам рэалізаваў сябе як выдатны паэт і аўтар папулярных песень, як палітык і публіцыст, як перакладчык і даследчык-фалькларыст, не толькі атрымаў пачэснае званне Народнага, але і заслужыў сапраўдную шчырую любоў і прызнанне беларусаў усяго свету.

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра смуткуе з прычыны сыходу Ніла Сымонавіча Гілевіча і выказвае спачуванні родным і блізкім. Імя Вялікага сына Беларусі назаўсёды застанецца ў нашай памяці.

 

Аксак Валянціна
Акулін Эдуард
Арлоў Уладзімір
 
Багдановіч Ірына
Баршчэўскі Лявон
 
Бароўскі Анатоль
 
Васючэнка Пятро

Вярцінскі Анатоль 
Голуб Юрка
Дайнека Леанід
Далідовіч Генрых
Дранько-Майсюк Леанід

Дубатоўка Валянцін 

Дубянецкая Галіна
Жук Алесь
 
Жыбуль Віктар

Законнікаў Сяргей 
Зуёнак Васіль
Казько Віктар
Карамазаў Віктар
 
Каржанеўская Галіна

Лазебная Настасся 
Лялько Хрысціна
 
Маракоў Леанід
 
Масарэнка Алесь
 

Мельнічук Іван 
Някляеў Уладзімір
 
Пашкевіч Алесь
 
Пятровіч (Сачанка) Барыс
 
Разанаў Алесь
Скобла Міхась
Станкевіч Юры
 
Цвірка Кастусь

Яцкоў Мікола 

Развітанне з Нілам Сымонавічам адбудзецца ў пятніцу, 1 красавіка, у Свята-Петра-Паўлаўскім Саборы г. Мінска (вул. Ракаўская, 4, ст. м. Няміга), з 11.00 да 13.00. А 13-ай гадзіне пачнецца памінальная паніхіда.