Ніл Гілевіч выдаў 23-томавы збор твораў

Укладаючы збор твораў, Ніл Гілевіч патрабавальна выбіраў найлепшае з напісанага. На жаль, кнігі выходзілі зусім невялікім накладам — некаторыя тамы толькі па 50–100 асобнікаў. Большую частку аўтар раздаваў родным, сябрам і знаёмым.

Паэт сціпла адмовіўся гаварыць пра значнасць завяршэння працы над 23-тамовікам, палічыўшы, што пра вынік ягонай 10-гадовай працы найлепш распавядуць бліжэйшыя сябры і чытачы. Але адзначыў, што гэта — не поўны збор твораў і не выбранае, а тыя творы, якія ён сам лічыць найлепшымі ў сваёй творчасці. Таксама Ніл Гілевіч пацвердзіў, што ўсе выдадзеныя кнігі надрукаваў за сваю невялікую пенсію, паведамляе Радыё Свабода.

“Я гэты збор выдаў за сваю дохлую пэнсію. Ніводнага рубля ніякі спонсар мне не даваў. Я ж чытаю навіны і ведаю, як паэты на 20, 30, 40 гадоў за мяне маладзейшыя ездзяць па Еўропе, атрымліваюць ад спонсараў дапамогу. Вялікую дапамогу. А я — ні капейкі. Я ўсе 23 тамы за гэтыя 10 гадоў выдаў за свае грошы. У мяне тры тамы выйшлі па 50 экзэмпляраў. Некалькі тамоў — па 70, некалькі — па 100. Самае большае — гэта 100 экзэмпляраў. Гэта ж насмешка і здзек. Ну хоць бы 200, хоць бы 300. А дзе грошы ўзяць? Хто і дзе пачытае гэты збор? Толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Бо астатняе я ўсё раздаў сваім родным і сябрам”.

euroradio.fm