Нобэлеўскую прэмію па літаратуры атрымаў брытанскі пісьменьнік японскага паходжаньня Кадзуо Ісігура

У заяве Швэдзкай акадэміі гаворыцца, што раманы Ісігура раскрылі бездань «пад нашай ілюзорнай сувязьзю са сьветам».Ісігура нарадзіўся ў японскім горадзе Нагасакі. Затым яго сям'я эмігравала ў Вялікабрытанію. Цяпер пісьменніку 63 гады. Раней ён быў ганараваны Букераўскай прэміяй за раман «Рэшта дня», які выйшаў у 1989 годзе. Па матывах твору быў зняты аднайменны фільм, які атрымаў восем намінацыяў прэміі «Оскар».

Кніга «Рэшта дня» пабудаваная як маналёг пажылога ангельскага дварэцкага, які ўзгадвае сваё жыцьцё. Яшчэ адзін з самых вядомых раманаў Ісігура «Не адпускай мяне» распавядае аб выхаванцах школы-інтэрнату, якія жывуць у антыутапічнай вэрсіі Брытаніі.

Кнігі Кадзуо Ісігура на выставе ў Швэдзкай акадэміі ў Стакгольме.

Кнігі Кадзуо Ісігура на выставе ў Швэдзкай акадэміі ў Стакгольме.

Сьпіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду засакрэчаны і будзе апублікаваны толькі праз 50 гадоў. Традыцыйна менавіта з нагоды гэтай намінацыі зьяўляецца самая вялікая колькасьць прагнозаў.Паводле ацэнак букмэкераў, сёлета асноўнымі прэтэндэнтамі на гэтую прэстыжную прэмію былі японскі пісьменьнік Харукі Муракамі, кенійскі аўтар Нгугі Ва Тхіёнга і канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд.

Леташнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў амэрыканскі паэт і сьпявак Боб Дылан «за стварэньне новых паэтычных выразаў у межах вялікай амэрыканскай песеннай традыцыі».У 2015 годзе Нобэлеўскую прэмію па літаратуры атрымала беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Прэмія была прысуджаная «за паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасьці ў наш час».

Паводле запавету самога швэдзкага прамыслоўца і вынаходніка Альфрэда Нобеля, прэміі яго імя прысуджаюцца, пачынаючы з 1901 году, у пяці намінацыях: фізыка, хімія, мэдыцына, літаратура, а таксама прэмія міру. Памер грашовай часткі Нобэлеўскай прэміі складае каля мільёну даляраў ЗША. Уручэньне ўзнагароды праходзіць 10 сьнежня, у дзень сьмерці Нобэля.

Радыё Свабода