Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала Эліс Мунро

Эліс Мунро

Навелістка Эліс Эн Мунро нарадзілася ў 1931 годзе. Дэбютавала ў 1950 годзе з апавяданнем, першы зборнік выйшаў у 1968 годзе. Пісьменніца тройчы станавілася лаўрэатам канадскай прэміі генерал-губернатара ў галіне фантастыкі, а таксама лаўрэатам Букераўскай прэміі 2009 года. Эліс Мунро 13-я жанчына-пісьменніца за гісторыю Нобеля па літаратуры, якая атрымала прэмію. І 17-ты Нобелеўскі лаўрэат, народжаны ў Канадзе.  

Нагадаем, што па меркаванні дзвюх аўтарытэтных букмекерскіх кантор  (unibet.co.uk і 888sport.com), якія прымалі стаўкі на атрыманне Нобеля, беларуска Святлана Алексіевіч займала вельмі высокія пазіцыі. Кніга спадарыні Святланы “Час second-hand. Канец чырвонага чалавека” выйшла па-шведску, па-нямецку, па-французску і па-руску і мела самыя высокія ацэнкі еўрапейскіх крытыкаў.

У часопісе “Дзеяслоў” № 65 фрагменты з твора друкаваліся ў перакладзе на беларускую мову Валерыя Стралко.

Святлана Алексіевіч пракаментавала рашэнне Нобелеўскага камітэта: «Гэта справядлівае рашэнне. Гэта сумленная гульня і сумленны выбар. Тут няма нічога крыўднага. Я, на жаль, не чытала гэтую канадскую пісьменніцу. Але я яе віншую і радая за яе».

Сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў букмекеры называлі таксама пісьменнікаў Харукі Муракамі (Японія), Джойс Кэрал Оўтс (ЗША), Петэра Надаша (Венгрыя), Юна Фосэ (Нарвегія).

Уладзімір Някляеў, каментуючы верагоднасць атрымання прэміі беларускім аўтарам, адзначаў:

“Сённяшняя заслуга Алексіевіч у тым, што яна здзяйсняе прарыў беларускай літаратуры ў літаратуру еўрапейскую. Туды, дзе для нашай культуры, для нашай краіны ёсць сваё месца, якое доўгі час пуставала, паколькі еўрапейцам здавалася, што яго няма каму заняць. Таму Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч — гэта прэмія ўсёй нашай літаратуры, якая даўно яе заслужыла. Хоць бы таму, што менавіта намаганнямі нацыянальнай літаратуры сфармавалася хай пакуль не ўздужэлая, але ўсё ж нацыя. І хай не адразу, паступова, але яна таксама зойме сваё месца ў сям'і еўрапейскіх народаў”.

Напярэдадні абвяшчэння лаўрэата Аляксандр Фядута разважаў: “Усе кнігі Алексіевіч — гэта гісторыі крушэнняў. Нават першая — “У вайны не жаночы твар” — гэта гісторыя крушэння пакалення пераможцаў. Вось яны, гэтыя жанчыны, яны прынеслі перамогу сваёй самаадданасцю. І што яны атрымалі? Вось гэтае нямое пытанне, не агучанае, не артыкуляванае: “Што яны атрымалі?” — з гледзішча гісторыі мае адмоўны адказ”.

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў традыцыйна будзе праходзіць 10 снежня ў Стакгольме. Сума кожнай з Нобелеўскіх прэмій сёлета склала 1 мільён 200 тысяч долараў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"