«Ноч паэзіі» пад знакам хэпі-энду

Таму ўвечары ў кафэ-клубе "Грай" яшчэ задоўга да пачатку імпрэзы сабраўся цэлы натоўп прыхільнікаў паэзіі. Беларускія чытачы ўкраінскага пісьменніка ішлі развітвацца з ім на нявызначаны тэрмін, але фінал гісторыі быў шчаслівы, а "Ноч паэзіі" стала самым шматлюдным мерапрыемствам фестывалю.

Умка

Але ж пачыналася ўсё не так добра. Выступ Умкі (Анны Герасімавай), які адкрываў "Ноч паэзіі", праходзіў у самым далёкім куце клуба на другім паверсе, і не ўсе з першага разу здолелі яго адшукаць, а тыя, хто ўрэшце знайшоў, месціліся ў невялічкім пакойчыку. Усё гэта нагадвала фарматам кватэрнік, а не клубны канцэрт. Затое на першым паверсе на даволі вялікай пляцоўцы жывы склад музыкаў граў хіты расейскай папсы для кампаніі, якая адначала нейкае сваё свята. Атмасфера панавала сюррэалістычная, ні ўдзельнікі, ні госці мерапрыемства не разумелі, што адбываецца.

Сяргій Жадан

Дзякуючы арганізатарам неўзабаве атрымалася дамовіцца з гаспадарамі кафэ-клуба, пляцоўку фестывалю ўдалося перанесці на "вялікую сцэну", і пад гучныя воплескі да публікі выйшаў Сяргій Жадан. Пісьменнік падзякаваў усім за падтрымку, прачытаў некалькі вершаў і абяцаў вярнуцца ў маі з канцэртам разам са сваім гуртом "Жадан і Собаки". Пасля свайго выступу ўкраінскі госць адразу накіраваўся на вакзал, але на працягу ўсёй ночы ягоная прысутнасць няўлоўна адчувалася ў залі, натхняючы выступоўцаў і падказваючы ім выбар твораў – Антанас Янінас прачытаў літоўскі пераклад верша Уладзіміра Арлова "Ліст начальніку турмы", Віталь Рыжкоў свой выступ пачаў з уласнага перакладу верша Сяргія Жадана "Плыві, рыба, плыві", а Усевалад Сцебурака агучыў адзін са сваіх твораў, які быў прысвечаны спробе зразумець, чым насамрэч з'яўляецца ўсходняя краіна-суседка Беларусі. Украінскіх паэтак Алену Сцепаненку, Марыянну Кіяноўску і Вікторыю Дзікабраз аўдыторыя прымала вельмі цёпла і разумела без перакладу, нягледзячы на тое, што публіка была даволі разнапланавая.

Антанас Янінас

Асабліва адпаведнымі клубнай атмасферы выдаліся выступы Сяргея Прылуцкага і Віктара Лупасіна. Іх іранічна-сцёбныя вершы прыйшліся даспадобы ўсім слухачам. Іншыя аўтары таксама імкнуліся не адставаць у экспрэсіўнасці, змагаючыся за ўвагу публікі.

Каб гасцям імпрэзы было лягчэй вытрымаць гэты паэтычны марафон, Андрэй Хадановіч і TONQIXOD праспявалі некалькі песень на вершы Боба Дылана, Яцэка Качмарскага, Леанарда Коэна. Публіка ўдзячна ўспрыняла такую музычную праграму – хтосьці падпяваў, а хтосьці нават танчыў. Напрыканцы вечара слухачоў чакаў выступ Яўгена Барышнікава.

Нават тыя прадстаўнікі клубнай публікі, што зрабіліся слухачамі "Ночы паэзіі" выпадкова, здолелі адкрыць для сябе шмат новага, а некаторыя даволі непасрэдна рэагавалі на пачутае. Як дасціпна заўважыў Андрэй Хадановіч на закіды ў свой адрас ад некага са слухачоў – маўляў, умеючы кожны дурань спяваў бы. Можна сказаць, што фестываль "Вершы на асфальце" баявое хрышчэнне клубнай атмасферай прайшоў паспяхова. "Ноч паэзіі" ўдалася – будзем спадзявацца, што такі фармат мерапрыемстваў прыжывецца і натхніць нашых творцаў на новыя эксперыменты.

ФОТАРЭПАРТАЖ ТУТ

Тэкст: Дар'я Латышава, фота: Аляксандр Кісялёў