Новае «Святло “Святліцы”»

Традыцыйна на імпрэзе свае творы прачыталі самі маладыя аўтары вершаў і апавяданняў, якія ўвайшлі ў зборнік. А напачатку сустрэчы пра дасягненні ўдзельнікаў клуба і пра новы нумар альманаха распавяла яго кіраўніца Тамара Аўсяннікава, яна прачытала і некалькі сваіх вершаў.

Тамара Аўсяннікава, магілёўскі літаратар, сябра СБП, стваральніца і кіраўнік клуба

Алена Быкава ўжо даўні сябар клуба, у новым выданні апублікавана яе першая паэма

Ксенія Куксенкова, вучаніца школы №39, адна з самых малодшых удзельніц “Святліцы”

Імпрэза сабрала больш за 20 чалаввек, у першую чаргу – саміх сябраў клуба, як цяперашніх, так і былых

Эдуард Іосіфавіч Мядзведскі, паэт, журналіст, рэдактар, выдавец шматлікіх паэтычных зборнікаў

Клуб “Святліца” дзейнічае пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Сябрамі клуба з’яўляюцца навучэнцы старэйшага школьнага ўзросту школ і ліцэяў, гімназій, студэнты МДУ імя А. Куляшова – тыя, хто цікавіцца літаратурай, журналістыкай, спрабуе пісаць вершы. Прыйсці ў клуб можа любы, хто толькі пачынае свой творчы шлях, хто адчувае ў сабе літаратурны талент і марыць яго развіць і ўдасканаліць. Кожны тут атрымае падтрымку і дапамогу, знойдзе прыхільнікаў і крытыкаў, а без гэтага немагчыма абысціся нават дасведчанаму паэту ці пісьменніку.

Сябры “Святліцы” – сталыя ўдзельнікі разнастайных літаратурных конкурсаў і фестываляў, на якіх атрымалі нямала розных узнагарод

Пяты нумар альманаха

Акрамя авалодання ведамі па літаратуразнаўству і журналістыцы, удзельнікі “Святліцы” стала ладзяць сустрэчы са сваімі старэйшымі, вядомымі і ўшанаванымі калегамі, як магілёўскімі, так і сталічнымі. Клуб арганізуе і розныя культурніцкія імпрэзы. Не так даўно прайшоў “Паэтычны батл”, які выклікаў значную цікавасць сярод маладых прыхільнікаў паэзіі, сябры “Святліцы” прынялі актыўны ўдзел у паэтычным свяце “Сакавіцкі грак”.

Не толькі ва ўзгаданым альманаху “Святло Святліцы” можна пабачыць творы ўдзельнікаў клуба, іх вершы і артыкулы стала друкуюцца ў рэгіянальных і рэспубліканскіх газетах і часопісах. Было выдадзена і некалькі асобных аўтарскіх зборнікаў вершаў некаторых з удзельнікаў літаратурнага аб’яднання.

Застаецца павіншаваць нашых маладых літаратараў і іх кіраўніка з такой значнай падзеяй ды пажадаць плёну ў творчасці і новых літаратурных дасягненняў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара, 6tv.by