Новае прачытанне: Сяргей Макарэвіч пра кнігу Барыса Пятровіча

Барыс Пятровіч. Спакушэнне. Апавяданні розных гадоў. — Мінск: Кнігазбор, 2013 — 340 с.

Помню, як у 2004 годзе школьнікам наведаў у Маладзечне сустрэчу з рэдакцыяй часопіса «Дзеяслоў». Прыехалі Барыс Пятровіч і Эдуард Акулін. Абодвух ведаў толькі як рэдактараў, але не як сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Перад імпрэзай у вакзальным шапіку, недагледзеўшы, кніжку Акуніна ледзь не купіў, каб аўтар падпісаў. Сябрук стрымаў: быў больш уважлівым.

З той сустрэчы ў мяне захавалася кніга Барыса Пятровіча «Фрэскі». Сціплае выданне 1998 года. Але менавіта яно стала для мяне адкрыццём.

Аказалася, што беларускае апавяданне — гэта не толькі шчымлівыя «Пяць лыжак заціркі» Змітрака Бядулі ці «Губаты» Генрыха Далідовіча, безумоўна, высокамастацкія творы, але ўжо не такія блізкія маім аднагодкам.

А пісаць можна не толькі пра вёску, вайну, мінуўшчыну, але і на тэмы больш абстрактныя (школьная праграма не прадугледжвала мадэрновай прозы, а з вучнёўскай парты геніяльнымі сучаснікамі лічыш хіба Быкава і Караткевіча). І я быў уражаны Пятровічавымі «Небам пад нагамі і вакол», «Спакушэннем»...

І вось цяпер у Барыса Пятровіча выйшла кніга выбраных апавяданняў, у якую ўвайшлі таксама шэсць «свежых» твораў. Новае прачытанне пісьменніка не прынесла расчаравання. Томік выбаранага толькі засведчыў, што гэты выдатны аўтар аднолькава цікава чытаецца і ў падлеткавым узросце, і пазней.

Ягоныя апавяданні захапляюць непрадказальнасцю канцоўкі.

Думаеш, што наперад ведаеш крок галоўнага героя, як раптам усё каардынальна мяняецца. Чытачу і ў галаву могуць не прыйсці камбінацыі, якія закручвае аўтар.

І пачынаеш уяўляць карцінку, як тое можа здарыцца ў жыцці, альбо ў думках працягваеш развіваць сюжэт.

Апавяданні не аднолькава закручаныя. Адны трымаюць увагу ад пачатку і да канца, іншыя не настолькі захапляюць. Але калі б усе творы былі роўнымі, то хутка перасыцішся. А так пастаяннае напружанне і супярэчлівыя эмоцыі прымушаюць па-рознаму рэагаваць. І чаканне, што вось-вось цябе накрые новае хваляй нечаканага павароту. Так у выніку і адбываецца.

Барыс Пятровіч — найперш пісьменнік малой формы (фрэскі). І піша ён мала. Вядома, шмат сілаў і часу займае рэдагаванне часопіса «Дзеяслоў», а з 2011 і праца на чале Саюза беларускіх пісьменнікаў (хаця да гэтага ён быў намеснікам старшыні). І калі бачу яго новыя творы ў друку, магу толькі парадавацца. Хай кніжак не будзе шмат, але раўняюцца яны на «Спакушэнне».

Набыць кнігу можна тут.

Сяргей Макарэвіч

nn.by