Новая «Жырандоля» – ужо ў кнігарнях!

Том берасцейскага гадавіка атрымаўся даволі складаным паводле сваёй структуры, ён падзяляецца на 11 рубрык.

У раздзеле “Паэзія” з вершамі выступаюць Алена Белая, Аляксей Белы, Лявон Валасюк, Святлана Варонік, Аляксей Ганчук, Яніна Грыгаровіч, Мікола Горба, Алена Ігнацюк, Уладзімір Данілюк, Уладзімір Лебедзеў, Ірына Ляшкевіч, Мікола Пацяюк, Уладзімір Тураў, Генадзь Мішчук, Людміла Ярмалюк, Наталля Сацута, Валянціна Клачковіч. Пераважна гэта невялікія падборкі на пяць-сем вершаў. З 17 аўтараў паэзіі толькі адзін прадстаўляе рускамоўныя творы – Уладзімір Тураў.

Аддзел “Проза” рэпрэзентуюць шэсць пісьменнікаў: Сяргей Белаяр, Валерый Гапееў, Генадзь Мішчук, Людміла Хмялеўская, Вадзім Жылко і Марыя Якімук. Яны выступаюць з малафарматнай прозай – апавяданнямі, абразкамі, замалёўкамі.

У рубрыцы “Нашы юбіляры” рэдкалегія альманаха вырашыла адзначыць Віктара Вабішчэвіча, якому ў ліпені споўнілася 55 гадоў, а ў раздзеле “Памяць” калегі ўспамінаюць добрым словам і публікуюць творы спачылых Кастуся Жмінько, Івана Лагвіновіча, Міколы Арахоўскага, Сцяпана Крываля.

“Рэха вайны”, якому і прысвечаны выпуск, змяшчае партызанскія вершы Міколы Засіма з колішняй прадмовай Уладзіміра Калесніка, рускамоўныя вершы франтавікоў Аляксея Бакуменкі і Мікалая Цялічкі, а таксама фрагменты ўспамінаў памянёнага прафесара Калесніка “Доўг памяці”.

Аддзел “Крытыка. Краязнаўства” прадстаўлены эсэ-ўспамінам Вячаслава Бурдыкі “Палескі валацуга” пра Міколу Купрэева і краязнаўчым артыкулам Ніны Марчук “Жыць і помніць”, прысвечаным вёскам Глінянкі, Песценькі, Лышчыкі і Ластаўкі.

“Маладыя галасы” друкуюць вершы і пераклады паэтаў і паэтак моладзевага аб’яднання студэнтаў “МАЛ”: Марыны Кавалевіч, Хрысціны Леснік, Кірыла Азімкі, Ганны Івашчанкі, Антона Чайніца, Алёны Папко, Марты Мартынюк, Вольгі Кот, Таццяны Канановіч, Аляксандры Фагот, Яўгенія Азгіра (Яўгена Бодака).

“Для дзетак-малалетак” Анатоль і Васіль Дэбішы прапануюць паэму-казку “Прыгоды Жыжа”, а Іван Мельнічук – нізку апавяданняў.

Перакладная частка альманаха “Пад небам адзіным” публікуе замалёўкі Васыля Гэя і Івана Чарнецкага, перакладзеныя з украінскай мовы Іванам Мельнічуком, а таксама вершы польскага паэта Веслава Казанэцкага, пераствораныя па-беларуску Міколам Аляхновічам.

Завяршае выпуск рубрыка “Гумар” з гумарыстычнымі вершамі Алеся Корнева і кнігапіс “Нашы новыя выданні”, дзе анатуюцца 15 кніжак, выпушчаных берасцейскімі літаратарамі цягам году.

У рэдкалегію альманаха “Жырандоля”, акрамя галоўнага рэдактара Лявона Валасюка і яго намесніка Васіля Дэбіша, уваходзяць Мікалай Аляксандраў, Сяргей Амяльчук, Іван Мельнічук і Мікола Сянкевіч.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"