Новая кніга Дануты Бічэль прэзентавана ў Мінску

Як паведамляе інфармацыйная кампанія БелаПАН, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 13 снежня была прэзентавана кніга Дануты Бічэль "Іду сцяжынаю да Бога". Паэтычны зборнік пабачыў свет у выдавецтве "ПроХрысто". У яго ўвайшлі вершы, напісаныя Данутай Янаўнай у апошнія гады. Многія з іх друкаваліся ў часопісе "Наша вера".

Адкрываючы вечар, пісьменнік, укладальнік анталогій Міхась Скобла адзначыў:

"Кніга, якую мы маем гонар прэзентаваць сёння, менавіта кніга паэзіі. Чаму я акцэнтую на гэтым увагу? Таму што бываюць зборнікі вершаў. Паэты назбіраюць вершаў, напісаных у апошні час, і выдаюць зборнікі. Як сена на лузе накідаюць, накідаюць у стажок. Здаецца, быццам бы добры стог атрымліваецца ... У Дануты Бічэль выйшаў не проста зборнік вершаў, а кніга паэзіі. Яна прадумана, кампазіцыйна складзена і выверана. Такіх кніг ва ўсёй беларускай паэзіі не так і шмат". "Паэзія Дануты Янаўны са мной ужо 28 гадоў. Яна пераплялася з маімі эрытрацытамі і цячэ па венах. Мне з гэтай паэзіяй вельмі добра жыць", - дадаў Скобла.

Данута Бічэль у кароткай прамове прызналася: "Вершы - гэта залежнасць. Як алкаголь, як наркоз. Калі ты паэт, ты ўскокваеш ноччу, калі прыйшло натхненне, і пішаш, пішаш ... Калі я пісала вершы для гэтай кнігі, было лета, і пачаўся дождж. Таму кнігу спачатку я назвала "Дождж стаіць на парозе і плача". Але потым назва змянілася. Перш за ўсё я ўмею плакаць - гэта маё натхненне".

Сёлета Данута Бічэль, аўтар дзесяці кніг паэзіі, прозы і перакладаў, адзначае 75-гадовы юбілей. Акрамя напісання ўласных вершаў хрысціянскай тэматыкі, творца займаецца перакладамі з польскай рэлігійнай паэзіі, якія друкуюцца ў каталіцкім часопісе "Наша вера".

На вечарыне выступілі паэты Анатоль Вярцінскі і Генадзь Бураўкін. Песні на словы Дануты Бічэль выканала бард Таццяна Беланогая.

naviny.by