Новая кніга Міхася Скоблы — «Саркафагі страху»

“Саркафагі страху” Міхася Скоблы – творчая справаздача за апошнія дзесяць з лішкам гадоў літаратурнай працы, у тым ліку і як палеміста (на хвалях Беларускай службы “Радыё Свабода”), і як гісторыка літаратуры, укладальніка шэрагу кніг спадчыны беларускіх аўтараў. Як блогер, Міхась Скобла выбірае тэмы прыкметных праяваў абсурду ў сучаснай дзяржаўнай культурнай палітыцы – недабудаванасць нацыянальнага праекту і вечная асцярожнасць дзяржаўнай ідэалогіі, дваістасць стаўлення да беларускага ў беларускіх дэ-юрэ ўладаў, пастаяннае ігнараванне найвыдатнейшых постацей айчыннай культуры – усе гэтыя паказальныя рухі ўладных культуртрэгераў абавязкова трапляюць у поле зроку Міхася Скоблы.

Шмат старонак у кнізе аддадзена і памятным старонкам: успамінам пра нядаўна адышоўшых аўтараў Беларусі і Украіны: Змітра Сідаровіча, Івана Лепешава, Уладзіміра Дамашэвіча і інш. Знаходзіцца месца і нататкам на палях прачытаных кніг, водгукам на зборнікі вершаў і гістарычныя даследаванні, падарожным нарысам.

Немалая частка кнігі прысвечана Ларысы Геніюш, што і зразумела: якраз у апошняе дзесяцігоддзе Міхась Скобла стаўся найбольш вядомым даследчыкам зэльвенскай аўтаркі – падрыхтаваў да друку некалькі тамоў ейнай перапіскі, двухтамовік выбраных твораў і аднатамовік у “залатой” серыі “Беларускага кнізабора”, кнігу ўспамінаў і персанальны выпуск біяграфічнага альманаха “Асоба і час” пра Ларысу Геніюш. Шматгадовая праца над біяграфіяй і творчасцю Геніюш спарадзіла безліч назіранняў, знаходак і нечаканых адкрыццяў, якія неадменна спадарожнічаюць напружанаму пошуку – яны адлюстраваны ў найбольш аб’ёмным тэксце кнігі – “Чайка з лётам арліным”.

Напісаныя выдатным стылістам, эсэ Міхася Скоблы стануць добрым падручнікам беларускай мовы для тых маладых журналістаў, хто толькі пачынае пісаць і прадумваць свае першыя аналітычныя артыкулы.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”