Новая кніга Віктара Карамазава — соты выпуск "Кнігарні пісьменніка"!

Віктар Карамазаў сёння з’яўляецца старэйшынам беларускай прозы, першае ягонае апавяданне было надрукаванае ў далёкім 1958 годзе. З таго часу выйшла некалькі дзясяткаў кніг Віктара Філімонавіча – апавяданні і нарысы, аповесці і раманы, шмат якія з іх вывучаюцца ў школах і ўніверсітэтах як узорныя творы беларускай літаратуры. Найбольш вядомымі сталіся апавяданні “Дзяльба кабанчыка”, раман “Пушча”, падарожны нарыс “Глядзіце ў вочы лемуру”. З пачатку 1990-х гадоў асноўнай тэмай кніг Віктара Карамазава з’яўляюцца творчыя біяграфіі мастакоў – беларускіх і тых, чый лёс і творчасць былі звязаныя з Беларуссю. Найвядомейшай кнігай у гэтым кірунку сталася аповесць “Крыж на зямлі і поўня ў небе” пра Вітальда Бялыніцкага-Бірулю. 1991 года. Неўзабаве паўсталі і мастацкія біяграфіі Антона Бархаткова, Станіслава Жукоўскага , Гаўрыіла Вашчанкі, Мікалая Неўрава і інш.

Новая кніга Віктара Карамазава “Пад крыжам” таксама асэнсоўвае тэму мастацтва. У апавяданнях і навелах “Ван Гог”, “Макі”, “Бабіна лета” – эпізоды з жыцця мастака як такога, апісанне ўнікальнага мастацкага адчування свету, вылоўлівання ўражанняў з навакольнага свету, якія маглі б стаць асновай для кампазіцыі карціны.

Асноўнае ж месца ў кнізе займае аповесць “Зямля Фердынанда” – біяграфія найвядомейшага беларускага і польскага мастака Фердынанда Рушчыца.

Дзе купіць у Мінску: "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19), "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72), "Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14), "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2), "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11), "Веды" (вул. К. Маркса, 36), ІП А. Яўдаха ( Knihar Knihiby).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"