Новая кніга Вінцэся Мудрова пабачыла свет на Каляды

— Адбыўся перадкалядны цуд: з’явілася кніга Вінцэся Мудрова. Наколькі я ведаю, ягоная проза не выдавалася каля 14 гадоў.

— У нейкім сэнсе гэта сапраўды можна назваць цудам. Апошняя мудроўская кніга “Альбом сямейны” выйшла ў 2007 годзе, яе выдала Радыё “Свабода”, і яна ўключала невялікія эсэ пра рэчы, звязаныя з савецкім мінулым. Гэта былі радыйныя тэксты, і называць іх мастацкай прозай Мудрова не зусім слушна. Перад ёй выходзіла ў “Логвінаве” кніга “Ператвораныя ў попел”. Але і гэта хутчэй мемуарная кніга, якая апавядае пра тое, як наваполацкая моладзь выдавала рукапісны альманах “Блакітны ліхтар” і што з гэтага атрымалася. Такім чынам, апошняя кніга прозы Мудрова — гэта “Зімовыя сны”, невялічкая, хутчэй брашура, якую выдала суполка “Полацкае ляда” ў 1999 годзе. А ўвогуле “Багун” — першая поўнафарматная кніга прозы Мудрова, бо ранейшыя выходзілі невялічкімі выданнямі.

— Чаму так адбываецца, што адзін з найцікавейшых сучасных беларускіх празаікаў не цікавіць выдавецтвы?

— Адбываецца гэта таму, што ў Беларусі няма класічнага кніжнага рынку. Каб ён быў, выдавецтвы змагаліся б за права выдаваць кнігі Мудрова. Нават калі б гэтыя кнігі не прыносілі вялікіх прыбыткаў. Бо выдаваць Мудрова — гэта быў бы прэстыж, на якім выдавецтва зарабляла б сабе рэнамэ. Да таго ж Мудроў — непублічны чалавек. Ён не кантактуе з патрэбнымі людзьмі, якія маглі б прафінансаваць выхад ягоных кніг, не ездзіць за мяжу, не ходзіць на прыёмы ў амбасады. Для яго літаратура — гэта прыватная, інтымная тэрыторыя.

— Што сабой уяўляе новая кніга Мудрова?

— Гэта зборнік апавяданняў, якія Мудроў напісаў пры канцы ХХ — у пачатку ХХІ ст. Практычна ўсе яны друкаваліся ў літаратурнай перыёдыцы — у часопісах “Правінцыя”, “Дзеяслоў”, “Калосьсе”, “Наша Вера”, тыднёвіку “Наша Ніва”. Але ў фармаце кнігі друкавалася толькі легендарнае апавяданне “Іду на таран!” — галоўная візітоўка прозы Мудрова. Я ўключыў яго ў новую кнігу, бо зборнік “Зімовыя сны”, які ўтрымліваў “Іду на таран!”, выйшаў мізэрным накладам — 100 асобнікаў.

Проза Мудрова настолькі непаўторная і арыгінальная, што яе можна пазнаць па некалькіх сказах, як Led Zeppelin можна пазнаць па некалькі гітарных пасажах Джымі Пэйджа.

Мудроў у сваіх тэкстах карпатліва даследуе асобны від чалавека — гома саветыкус. Вытокі яго прозы — у класічнай еўрапейскай літаратуры ХХ стагоддзя (нездарма адно з апавяданняў у новай кнізе называецца “Хэмінгуэй”). Некаторыя ягоныя апавяданні вельмі блізкія па драматургіі і трагізму да твораў Васіля Быкава. У іх таксама шмат безвыходнасці, патрушчаных лёсаў, прыгнечанасці сацыяльнай сістэмай. Але, у адрозненне ад Быкава, Мудроў — вялікі майстар іранічнага стылю. Бо трэба насамрэч быць вялікім майстрам, каб пра трагічнае пісаць іранічна і каб гэта не выклікала адмоўных пачуццяў. Умоўна ягоныя творы можна падзяліць на дзве часткі: пра Заходнюю Беларусь 30-40-х гадоў і пра пасляваеннае жыццё ў БССР. Праўда, не так даўно з’явілася яшчэ адна група апавяданняў — пра жыццё ў лукашэнкаўскай Беларусі.

— Мудроў мае цікавы жыццёвы лёс, яго нярэдка называюцца прадстаўніком беларускага літаратурнага андэграўнду.

— І слушна называюць, бо насамрэч хіба толькі Мудрова ў Беларусі і можна так называць. Сваю літаратурную дзейнасць ён пачаў у 1971 годзе ў рукапісным падпольным альманаху “Блакітны ліхтар”, ён быў практычна галоўным ініцыятарам яго паўставання і асабіста зрабіў большасць выпускаў. Выйшла 15 нумароў часопіса. У 1974 годзе на след нефармальнага выдання выйшаў КДБ. Усе нумары былі канфіскаваныя, а хлопцы-выдаўцы і аўтары атрымалі добры наганяй ад камітэтчыкаў. Да сярэдзіны 80-х Мудроў быў у глыбокім падполлі і пісаў выключна ў стол. Толькі за часамі “адлігі” сярэдзіны 80-х ягоныя творы з’явіліся ў легальным друку.

У 1993 годзе Мудроў са сваімі маладзейшымі сябрамі ўдзельнічаў у стварэнні Таварыства вольных літаратараў і стаў галоўным рэдактарам усіх тэвээлаўскіх выданняў.

— Новую кнігу Мудрова выдала выдавецтва “Полацкае ляда”. Наколькі ведаю, гэта выдавецтва Таварыства вольных літаратараў, якое ў 90-х гадах выдавала кнігі сяброў ТВЛ.

— “Полацкае ляда” ніколі не называлася выдавецтвам. Самі сябры ТВЛ называлі “Полацкае ляда” выдавецкай суполкай. У пачатку 90-х існавала выдавецкая вольніца, можна было друкі з накладам да 1000 асобнікаў выдаваць без якой-кольвечы рэгістрацыі выдаўца. Тэвээлаўцы гэтым і скарысталіся. Выдавалі абсалютна легальна ў друкарнях Полацка і Наваполацка. Цяпер “Полацкае ляда” выступае ў якасці выдавецкай ініцыятывы, якая размяшчае свае выдавецкія заказы праз нейкія іншыя структуры. Канечне, хацелася б мець паўнавартаснае выдавецтва, і ад гэтай ідэі мы не адмаўляемся. Спадзяемся, прыйдзе час, і “Полацкае ляда” будзе выдаваць Мудрова вялікімі накладамі і іх можна будзе знайсці ў любой кнігарні Беларусі. Думаю, што менавіта мы выдадзім найбольш поўны ягоны збор твораў.

Гутарыў Андрэй Мялешка
Фота з архіва Алеся Аркуша

budzma.by