Новая кніга паэзіі Анатоля Вярцінскага “Жыцьмем”

У новую кнігу паэзіі Анатоля Вярцінскага “Жыцьмем”  ўвайшлі вершы 1997-2011 гг., якія, за некаторым выключэннем, не ўваходзілі ў асобныя выданні. Другі раздзел склалі малавядомыя паэмы 70-х гг. мінулага стагоддзя.

Ад аўтара:

"Можна сказаць, што нечакана для самога аўтара зборнік склаўся з двух, розных як па часе напісання, так і па жанрава-тэматычнай адметнасці, раздзелаў. Атрымалася дзве кнігі ў адной.

Першапачаткова мелася на ўвазе сабраць пад адной вокладкай толькі вершы, што пісаліся цягам апошніх, 1997-2011 гадоў, але па розных прычынах не ўключаліся ў асобныя выданні, у тым ліку і ў аднатомнік выбраных твораў, які выйшаў у выдавецкай серыі "Беларускі кнігазбор" (2009). Што і рабілася, укладаліся, часам з нязначнай праўкай, тэксты, якія пабачылі ўпершыню свет на старонках перыядычных выданняў - ранейшага "ЛіМа", "Літаратурнай Беларусі" ("Новы час"), "Народнай волі", "Полымя", "Дзеяслова", "Тэрмапілаў", "Верасня".

Ды ў працэсе падрыхтоўкі выявілася, што кніжнымі "выбранымі творамі" абыдзены не толькі некаторыя вершы, але і асобныя паэмы. Найперш - загадкавы для мяне самога лірычны аповед з яго двухслоўным новатворам-рэфранам "Кэты-мэнэй". Напісана аж у 1971 годзе, ён быў надрыкаваны толькі ў ліпеньскім нумары часопіса "Крыніца" за... 2001 год. І больш нідзе не з'яўляўся. Не ўключаліся ў "выбранае" таксама датаваныя 1970-мі гадамі "Паэма мора" і дарожная паэма-эсэ "Снег і сонца. Абмен надвор'ем - жартам і ўсур'ёз". Перачытаў нанова гэтыя тры рэчы. Здаецца, іх аб'ядноўвае не толькі час напісання, але і нешта духоўна-сутнаснае, прасякнутае пэўным светаадчуваннем. І яны натуарльна склалі собны раздзел кнігі"

Анатоль Вярцінскі,

Люты 2012 г.


 

Жыцьмем: вершы і паэмы/Анатоль Вярцінскі. —Мінск: Кнігазбор, 2012. — 132 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 21)

Вярцінскі Анатоль, нарадзіўся 18.11.1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Менск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1967-1982 гг. - літкансультант, сакратар праўлення СП Беларусі. У 1986-1990 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Адначасова рэдагаваў штогоднік перакладной літаратуры "Далягляды". Шмат гадоў працаваў на розных пасадах у штаце Саюза Пісьменнікаў Беларусі. З 1990 г. быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, узначальваў Камісію ВС па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад Камісій по распрацоўцы тэкстаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (1990) і новай Канстытуцыі РБ (1994).  У 1977 г. прымаў удзел у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Дэбютаваў з вершамі ў 50-я гг. (студэнцкая газета «Беларускі ўніверсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»).

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980). Вершы і п'есы Анатоля Вярцінскага перакладаліся на многія мовы свету. У 2005 годзе выйшаў у перакладзе на ўкраінскую мову зборнік яго выбраных твораў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».

 

Бібліяграфія 

«Песня пра хлеб». Кніга паэзіі. 1962 г.

«Тры цішыні». Кніга паэзіі. 1966 г.

«Чалавечы знак». Кніга паэзіі. 1968 г.

«Выбранае». Кніга паэзіі. 1973 г.

«З'яўленне». Кніга паэзіі. 1975 г.

«Час першых зорак». Кніга паэзіі. 1976 г.

«Ветрана». Кніга паэзіі. 1979 г.

«Высокае неба ідэала». Кніга публіцыстыкі. 1980 г.

«Святло зямное». Кніга паэзіі. 1981 г.

«Дзякуй, вялікі дзякуй». Зборнік п'ес для дзяцей. 1983 г.

«Нью-Йоркская сірэна». Кніга публіцыстыкі. 1987 г.

«Хлопчык глядзіць». Кніга паэзіі. 1992 г.

«Трывожны досьвітак». Кніга публіцыстыкі. 1994 г.

«Жанчына. Мужчына. Каханне...». Кніга паэзіі. 2003 г.

«Жыцьмем: вершы і паэмы». 2012 г.

Прэсавая служба СБП