Новы «Палац» і яго архітэктары

Адметнасцю нумара з’яўляецца тое, што нямала аўтараў друкуецца тут упершыню. Такім чынам, “Палац” для іх бачыцца аналагам мясцовага літаратурнага часопіса, якога відавочна бракуе рэгіёнам. Ды і сам змест пераконвае: літаратары Гомельшчыны выдатна спраўляюцца з укладаннем, прадстаўляючы ў кніжцы альманаха і маладзейшых, і заслужаных аўтараў, прозу і паэзію, эсэістыку і навуку, публіцыстыку і мемуарыстыку. І ўсё гэта на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай (апошняя ўводзіцца як эксперымент і даніна сяброўства з літаратарамі Чарнігаўшчыны Надзеяй Мішко-Куліш, Міхасём Ткачам, Дзмітром Івановым).

Заўважна, што літаратурны альманах “Палац” аб’ядноўвае людзей не толькі гуманітарных прафесій: адкрывае нумар краязнаўчы тэкст Аксаны Торапавай, дырэктара Гомельскага палаца-паркавага ансамбля; з артыкулам пра англійскага пісьменніка Джона Толкіна выступае архімандрыт Сава (Мажука), вядомы праваслаўны публіцыст з Свята-Мікольскага манастыра Гомеля; апавяданне друкуе Алег Літушка, які яшчэ нядаўна быў начальнікам аддзела абласной пракуратуры.

У паэтычным аддзеле, дзе публікуюцца творы Марыны Аляксандравай, Сяргея Балахонава, Лявона Муштэнкі, Генадзя Лапаціна, Ігара Дзягілевіча, Уладзіміра Бабкова, Алега Захарыка, Анатоля Печкурова, літаратараў відавочна не абмяжоўвалі ў аб’ёме. Дзякуючы гэтым нізкам (можна сказаць, мікракнігам) чытач складае паўнавартае ўяўленне пра кожнага аўтара. Вылучаюцца ў аддзеле медытатыўныя верлібры Генадзя Лапаціна на рускай мове і іранічныя вершы Сяргея Балахонава:

Шапацелі дажджы па дарогах.

Лялек вёў у бістро Карабас.

Карусель за любоўнай знямогай

Шкадавала пазычаных фраз.

 

Завісаў Бураціна ў фэйсбуку.

Выпускніцы глушылі шампан

За кахання цяжкую навуку,

За адзінства няўмольных славян.

 

Празаічны раздзел адкрывае фрагмент аповесці Анатоля Бароўскага, старшыні Гомельскага адзялення СБП і ўкладальніка (разам з Генадзем Лапаціным) літаратурнага альманаха. “Ульрыка – анёлак вікінгаў (Шведскія матывы)” відавочна натхнёная шведскім востравам Готланд, дзе аўтару пашчасціла пабываць і намроіць старажытных вікінгаў і князёў, і саму Ульрыку. З апавяданнямі выходзяць на чытацкі суд успомнены ўжо Алег Літошка, Язэп Крупа, эсэістыка – у Анатоля Кашэвіча, Міколы Ермакова, Вадзіма Болбаса, Ларысы Раманавай. У празаічнай частцы вылучаецца твор “Пітон” Язэпа Крупы, вырашанае з прыёмам “апавяданне ў апавяданні”.

Даволі вялікае месца аддадзена ў выпуску мемарыяльнаму раздзелу. Акрамя артыкулаў пра спачылых творцаў, публікуюцца і іх апошнія творы: Змітра Віталіна, Міколы Клімовіча, Рыгора Клімовіча. Несумненную цікавасць выклікаюць згадкі Дзмітрыя Сергіевіча (Змітра Віталіна), члена Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) пра Калінкавічы канца 1910-х – пачатку 1920-х гадоў.

Экскурсы ў гісторыю краю прапануюць Юры Глушакоў (пра магдэбургскае права на Палессі) і Мікола Анісавец (пра сацыяльныя і этнаканфесійныя дачыненні на Лоеўшчыне). З літаратуразнаўчымі доследамі друкуюцца Марыя Кірушкіна (артыкул пра паэзію Леры Сом) і Святлана Цыбакова (аналізуе кнігу-лаўрэатку Гедройца “Час збіраць косці” Віктара Казько).

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org