Новы нумар “Дзеяслова” — апошнія вершы Барадуліна, лісты Васіля Быкава і анталогія перакладаў расійскай рок-паэзіі
***
На сушы й на вадзе,
Дзе цесна ад трывог,
Усё ў жыцці ідзе,
Як дазваляе Бог.
“Барадулін вельмі чакаў гэтай публікацыі, — піша ў прадмове да нізкі Сяргей Шапран, — і па-ранейшаму спяшаўся дадаць у будучую падборку новыя вершы, часам прасіў прыходзіць нават за адным-двума вершамі. Апошні, “Мальба”, прадыктаваў па тэлефоне 23 лютага. І потым не аднойчы званіў і пытаўся — ці паспелі?.. І хоць у тую нябесную далечыню, дзе Вы, дарагі дзядзька Рыгор, цяпер, звычайная пошта не даходзіць, але, мусіць, і вы самі ўжо ведаеце, што — паспелі…”
Паэтычную частку часопіса складаюць таксама новыя вершы Валера Дубоўскага і Леаніда Дранько-Майсюка, Людкі Сільновай і Валярыны Куставай.
Адметны праект новага нумара — анталогія перакладаў расійскай рок-паэзіі, прадмову да якой напісаў Анатоль Івашчанка. Над перастварэннем тэкстаў знакамітых выканаўцаў — Андрэя Макарэвіча, Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Аляксандра Башлачова, Юрыя Шаўчука ды іншых — працавалі музыканты, літаратары і перакладчыкі Юры Несцярэнка, Марыя Мартысевіч, Раман Яраш, Уладзімір Дрындрожык, Вольга Гронская, Сяргей Балахонаў… Поўны спіс глядзіце на сайце “Дзеяслова”.
Проза ў “Дзеяслове” прадстаўлена заканчэннем рамана Алеся Усені “Грэх”, а таксама творамі Анатоля Кудраўца, Евы Вежнавец, Вінцэся Мудрова, Андрэя Стэфановіча.
У рубрыцы “Спадчына” — публікацыя лістоў з Гародні Васіля Быкава. У частцы “Памяць” — раздзел з новай кнігі Яўгена Лецкі.
Сярод матэрыялаў крытыкаў варта адзначыць матэрыял Леаніда Галубовіча да юбілею Кастуся Цвіркі, рэцэнзіі Уладзіміра Сіўчыкава на кнігу Пятра Васючэнкі і Алесі Лапіцкай на раман Віктара Марціновіча.
Даследчыца беларускай дахрысціянскай культуры Ірына Клімковіч распавядае пра нашых міфічных першапродкаў — волатаў, асілкаў, багатыроў.
Завяршаецца “Дзеяслоў” традыцыйным аглядам кніжных навінак.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"