Новы нумар альманаха «Справа»

Нумар змяшчае тэксты на беларускай і ўкраінскай мовах, а таксама на заходнепалескіх гаворках. Аўтары “Справы” – беларускія і ўкраінскія пісьменнікі, як прызнаныя класікі, так і маладыя літаратары. Альманах прадстаўляе плён узаемных беларуска-ўкраінскіх перакладаў.

Напрыклад, Максім Баравік прапануе на беларускай мове вершы ўкраінца Уладзіміра Калікі, а кіеўскі навуковец Вячаслаў Лявіцкі – пераклады з паэзіі Веры Бурлак, Міхася Скоблы і Андрэя Хадановіча. Цэлую нізку вершаў Антона Рудака па-ўкраінску перастварыў беларускі лінгвіст Алег Жлутка.

У раздзеле “Гісторыя” на анкету альманаха адказвае даследчык Вялікага Княства Літоўскага Генадзь Сагановіч, аналізуючы мову актавых кніг і паўсядзённых зносін Берасцейшчыны. У кампаратыўным ключы ў рубрыцы “Літаратуразнаўства” выступаюць Вікторыя Міхнюк (аналізуе сыходжанні турэмна-лагернай прозы Францішка Аляхновіча і Івана Багранага) і Лілія Лаўрыновіч (параўноўвае паэзію Дануты Бічэль-Загнетавай і Галіны Яструбецкай).

Альманах таксама друкуе мовазнаўчыя, мемуарныя, публіцыстычныя артыкулы па тэматыцы заходнепалескага памежжа і сучаснай сітуацыі ва Украіне.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"