Новы паэтычны зборнік Анатоля Брусевіча — "Апошні дзень"

Вершы, што ўвайшлі ў свежы зборнік Анатоля Брусевіча – наздзіў роўныя па настроі як для тэкстаў, што ствараліся цягам шасці гадоў. Аўтар – адзін з самых яскравых прадстаўнікоў стылю неадэкаданс у беларускай паэзіі.
Паўз увесь зборнік праходзяць скразныя вобразы Восені, Шэрасці, Ночы і, вядома ж, Смерці з іншымі вербальнымі маркерамі стылю. Відавочна, гэта тэксты, якія ствараюцца ад душэўнага суму ці, нават, вусцішнасці быцця. Але – дэкаданс Брусевіча не сур’ёзна-змрочны. Ён з дамешкам іранічнасці, метафізічнае тугі па святле і вясне. З верай, што прыйдзе дзень новы.
Апошні дзень самотнага стагоддзя
Я змог пражыць з адчыненай душой,
І праз мяне ізноў прарос спакой,
Нібыта мох на вывернутым плоце,
І мары, што загінулі даўно,
Ускрэслі, каб не здзейсніцца ніколі.
Апошні дзень асунуўся паволі
Пяском жыцця на дно прыгожых сноў.
Анатоль Івашчанка