Новы выпуск «Пункта адліку» – «Развітанцы» Мікіты Найдзёнава

Дэбютны зборнік паэта склалі больш за шэсць дзясяткаў вершаў, напісаных у апошнія гады.

Асноўная тэма першага зборніка Мікіты Найдзёнава – каханне. Мужчынска-жаночым узаемінам прысвечана большасць старонак “Развітанцаў”, прычым вырашаецца тэма ў даволі нестандартным для беларускай паэзіі ключы, а менавіта – эратычным. Часам паэт балансуе на мяжы дазволенага, раз-пораз заходзячы за яе.

У інтымна-эратычнай балансіроўцы Найдзёнаву дапамагае эзопава мова, замоўчванні, алюзіі і метафары, дзякуючы чаму рызыкоўная тэма вуалюецца і не падаецца наўпростава-пляската. Немалое ўменне паэт паказвае пры выбары рыфмаў, імкнучыся пазбавіцца зацяганых і штампаваных дзеяслоўных – на карысць складаных, скразных сугуччаў. Гульня з паэтычным словам адпавядае і гуллівай інтанацыі інтымнай лірыкі.

Мікіта Найдзёнаў нарадзіўся ў 1990 годзе ў Пінску. Пераможца конкурсу моладзевай паэзіі падчас «Дзён беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску (2006), аўтар часопіса “Дзеяслоў”. Скончыў Інстытут журналістыкі БДУ. Аўтар песень і лідар гурта HURMA.

Дэбютны зборнік Мікіты Найдзёнава “Развітанцы” – ужо ў кнігарнях. Шукайце і пытайцеся!

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”