"Новы замак" расчыняе браму — Усевалад Сцебурака пра першы нумар гарадзенскага літальманаха

Усевалад Сцебурака: "Новы замак" расчыняе браму

Традыцыйна напрыканцы года літаратурнае жыццё прыкметна актывізуецца – спешна друкуюцца  апошнія запланаваныя ў серыях выдавецтваў кнігі, адбываецца стварэнне выніковых рэйтынгаў найбольш папулярных твораў, ідзе складанне лонг і шорт-лістоў прэмій, падлічваюцца асобнікі, аўтарытэтныя эксперты аддаюць галасы, абвяшчаюцца відавочныя фаварыты і называюцца нечаканыя адкрыцці.

На тле татальнага рэзюмавання з’яўленне нечага новага праходзіць неяк незаўважна, ці, нават, калі і адзначаецца, то падсвядома пераносіцца нібы на наступны год, каб у апошні момант не блытаць нечаканай картай прыгожа раскладзены пасьянс.

У падобнай сітуацыі выяўляецца натуральна неабходным вяртанне да цікавых і незаслужана незаўважаных падзей, што мелі месца ў 2012 годзе.

Найперш хацелася б спыніцца на важнай з’яве, якой стаўся выхад літаратурнага альманаха “Новы замак”, запачаткаванага Гродзенскім абласным аддзяленнем Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Варта адразу адзначыць, што з’яўленне альманаха стала прыемнасцю, але не тое каб нечаканасцю. Беларушчына ў шырокім сэнсе разумення гэтае з’явы, нягледзячы на дзесяцігоддзі дэнацыяналізацыі, мае ў заходнім рэгіёне натуральнае і адносна трывалае апірышча. Невыпадкова, ў слыннай кнігарні “Ў” сярод розных раздзелаў і рубрык ёсць адмысловая “Гродзенская палічка”.

Улічваючы гэтыя акалічнасці вазьму на сябе адказнасць меркаваць, што выхад альманаха стаўся лагічным крокам гарадзенскай пісьменніцкай супольнасці на шляху замацавання сваёй творчай адметнасці і краёвай згуртаванасці.

Што да назвы, то яна падаецца надзвычай удалай, бо атрымалася з аднаго боку неабходна грунтоўнай, з другога сімпатычнай  і запамінальнай. Тут спалучыліся (патрэбная такому выданню як альманах) дыхтоўная традыцыйнасць з імкненнем да развіцця і пошуку. І, калі першае фармулюецца ў вобразе “замку” – цвержы, фартэцыі, з яе магутнасцю і непахіснасцю, то другая частка выяўляецца ў яго “новасці” з адкрытасцю свежым поглядам і сучасным тэндэнцыям. У спалучэнні ж мы атрымліваем шматузроўневасць, здольную аб’яднаць пад адной вокладкай творцаў розных стыляў і пакаленняў.

Рэдакцыя ў складзе Юркі Голуба, Сяргея Астраўца, Ігара  Жука, Аляксея Пяткевіча і Сяргея Чыгрына прапануе чытачу класічную будову замкавага гмаху: паэзія, проза, пераклады і крытыка. Пасля па-добраму грувасткай і па-астраўцоўску мудрагелістай прадмовы ўкладальніка, які гасцінна запрашае ў новаствораны замак, расчыняючы перад чытачом браму са сфінксамі, увазе чытача прапануецца раздзел паэзіі.

Яго распачынае маладая гарадзенская паэтка Ганна Аўчыннікава, аўтарка кнігі “Ад зачыненай брамы”. Далей  ідзе нізка вершаў-прысвячэнняў, створаных у адметнай манеры вядомай паэткай Данутай Бічэль. Гэта сапраўдная галерэя партрэтаў Ларысы Геніюш, Адама Станкевіча, Кастуся Тарасава і іншых славутых беларускіх дзеячаў рознага часу.

Наогул варта адзначыць прыемную зместавую і стылёвую разнастайнасць твораў, змешчаных у паэтычным раздзеле альманаха. Тут і светлая лірыка Уладзіміра Васько, і праўдзіва-шчырыя прызнанні Анатоля Валюка, і зараджаныя пазітывам палкія, як маніфесты, вершы Алеся Жамойціна, і напоўненыя жыццёвай мудрасцю творы Яўгена Петрашэвіча, і класічныя трыялеты Алеся Старадуба, і эксперыментальныя таўтаграмы Сяргея Чыгрына.

Празаічны раздзел ачолены філасофскай гісторыяй-роздумам спадара Сяргея Астраўца “Мармур не смяецца”, у якой чытач напоўніцу адчуе велічны дух Гародні і канчаткова ўпэўніцца ў асабістым знаёмстве аўтара з апошнім каралём Рэчы Паспалітае Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Таксама ў раздзеле змешчаныя тэксты як ужо знаёмых чытачам пісьменнікаў – Валянціна Дубатоўкі і Алы Петрушкевіч, так і творчыя спробы маладога аўтара Стаса Ілліна.

У невялікім раздзеле перакладаў у бальшыні прадстаўленыя вершаваныя тэксты невялікага памеру. Тут суседнічаюць і творы сусветна вядомага Адама Міцкевіча, і рэчы малавядомых ці зусім невядомых аўтараў (песні ўланаў 17-га палка Літоўскай кавалерыі). Усе пераклады зробленыя выключна з польскай мовы, а таму відавочная неабсяжная перспектыва для далейшага пашырэння моўнага спектру.

Асобную цікавасць у аматараў і знаўцаў выклічуць апошнія раздзелы альманаха, дзе змешчаныя эсэ, крытычныя артыкулы, дзённікавыя запісы за аўтарствам Аляксея Пяткевіча і Сяргея Чыгрына.

Такім чынам, брама гасцінна расчыненая – “Новы замак” вітае чытача!

 

Новы замак: літаратурны альманах. Мінск: Кнігазбор. 2012

 

Усевалад Сцебурака, lit-bel.org